2015-12-21

Капенгаген, Данія, 2015

Вітаю!
З чаго пачалася Данія? І ці маю я права гаварыць штосьці пра краіну "ў цэлым", калі правяла там толькі адну ноч і паўтары дні?! Напэўна не, магу толькі расказаць пра Капенгаген і пра мае ўражанні ад сустрэчы з гэтым горадам...

Дзесьці ў цэнтры Капенгагену адна з мноства вітрынаў, якая прыцягнула ўвагу :)


Як было зразумела з папярэдняга аповеду пра Мальмё, нашае невялічкае падарожжа было проста шпацырам па некалькіх гарадах Скандынавіі... Чамусьці большасць людзей выбірае цёплае мора і цёплае надвор'е, у нас жа ўсё складваецца іначай, таму што мы ўсё плануем у апошні момант: трэба ехаць... на наступным тыдні... у канцы лістапада... і на мой дзень народзін?! :))) Лёгка, падхапіліся і паляцелі, нават пра надвор'е не пацікавіліся, на жаль :)

Капенгаген сустрэў нас моцным ветрам, у Мальмё было зацішней. Але мы былі добра апранутыя, хацелася шпацыраваць, ды і атмасфера святочная спрыяла добраму настрою... І мора... Мора вырашыла ўсё :)

Архітэктура заварожвае, толькі і паспявай круціць галавою, каб паспець усё ўбачыць. Было цікава назіраць таксама за людзьмі, якія ішлі насустрач або побач... Большасць без капелюшоў, у асенніх паліто... Пры такім ветры... Зразумець мне было складана, магчыма яны звыкліся і ім добра, мне ж было ня вельмі :) Але было цікава :)


Мы шпацыравалі па вулачках, глядзелі на вітрыны, на людзей...


...адна з мноства...



І дзе бы мы не спыняліся пагледзець у мапу, каб зразумець, куды далей накіроўвацца, паўсюль да нас падыходзілі мясцовыя жыхары і прапаноўвалі дапамогу :) Мы з радасцю яе прымалі, пыталіся, што яны могуць параіць пагледзець і ішлі па гэтых парадах... Прыемна! Дзякуй, Сусвет, што так было :)



Нам "вельмі пашанцавала", амаль увесь цэнтр быў запоўнены будоўляй, рэканструкцыямі, перакрытымі дарогамі. Але гэта таксама частка жыцця, якая была вельмі пазнавальнай :) Будаўнікі ішлі з папяровымі кубачкамі кавы з мясцовых кавярняў, некаторыя неслі агромністыя багеты... І гэта ня толькі яны, увесь горад вось так на хаду штосьці перакусваў, піў каву-гарбату і кудысьці спяшаўся прэч, і мы таксама спяшаліся знайсці якое-небудзь утульнае месца, каб сагрэцца і з'есці адну з іхніх канапак.


Здаецца, гэта быў нейкі шыкоўны гатэль, вокны выходзілі на мора і месціўся ён у самым цэнтры, каля Ратушы...


Прыгожыя дэкарацыі, праўда?! Снегу навокал няма, але тут ствараецца такі прыгожы зімні настрой :)


І здавалася, што кожны 500 м месціліся невялічкія кірмашы з глінтвейнам, рознымі салодкімі пачастункамі і каляднымі сувенірамі, жывымі елкамі і штучнымі дэкарацыямі...
А вось і самае прыгожае месца з характэрнымі домікамі. Мне тут вельмі спадабалася...


Вельмі-вельмі! На першых паверхах гэтых домікаў месцяцца маленькія ўтульныя кавярні, пякарні, рэстараны. У кожнага свой незвычайны інтэр'ер. Хацелася ўсё пагледзець-убачыць, але мы крочылі далей...


Як бы не было смешна, мы ішлі за белым сабакам і яго гаспадаром :) Жанчыла гуляла са сваім маленькім сябрам, а мы ішлі за ёю, мне здаецца, што яна зразумела, чаму мы крочым за ёю, таму што мы трошкі заблукалі, а яна прывяла нас да Русалкі і ветліва ўсміхалася, калі пакрочыла назад, а мы засталіся там, каля гэтага цуда, каля сымвалу Капенгагена...

Побач з Русалкаю знаходзіцца цікавая выспа ў выглядзе зоркі, на якой месціцца прыгожы сабор.


Вось і сама прыгажуня...


Так дзіўна было там... Стаяў бы і глядзеў на яе, на ваду... Думкі мроіліся бы ў галаве, а потым бы настала цішыня і свет спыніўся бы, таму што прышло бы разуменне, што няма нічога больш даражэйшага ў жыцці, чым пачуцці: пачуцці радасці, смутку, кахання, нянавісці... Усё жыццё складаецца з гэтага, з момантаў, калі мы дазваляем сабе спыніцца і даць што-небудзь адчуць, неспяшаючыся па справах...


Нібы жывая... І як ёй не халадно ад ветру там...


А на другім баку быў агромністы карабель і аднатыпныя будынкі... І жыццё, якое не спынялася, пакуль мы стаялі і глядзелі адзін на аднаго :)


Дзесьці ў горадзе на адным з будынкаў тэрмометр і гадзіннік з дзяўчынай, якая выязджае на ровары, здаецца, кожную гадзіну.


Затым мы завіталі ў "Планетарый", убачылі сапраўдны кавалак метэарыту, шмат розных касмічных прыбораў. Муж нават запусціў ракету ў кампутары, якая даляцела да Марсу :))))


Таксама можна было пастаяць пад рэнгенам, але чамусьці там дрэнна паказваліся нашыя косці :) Таму фотаздымак толькі з экрану цяплыні :))


Магчыма, правільней было пачаць аповед з гэтых фотаздымкаў, калі мы ехалі цягніком праз мора з Мальмё ў Капенгаген... Але іх я пакінула"на пасля", таму што там такая атмасфера неверагодная, такая фантастычная, бязмерная...


Я пакуль не знайшла адказ на пытанне, чаму яно мяне так "маніць"... Мора, шырокая блакітная далячынь. Ад яго і супакой, і няшчасці, і прыгажосць, і разбурэнні здараюцца... Але яно незвычайнае, яно такое прыцягальнае :)




І качкі :) Яны таксама паўсюль са мною :)


Добра, што з сабою былі канапкі і хлеб, птушкам пашанцавала :)


У адным з кніжных Стакгольму знайшла кнігі пра птушак Швецыі. Каштавалі яны даволі дорага для таго, каб набыць іх дзеля цікаўнасці, але былі вельмі займальнымі: кожная птушка мела запісанае аўдыё з гукам, якім яна размаўляе, калі можна так сказаць. І было так цікава сядзець за столікам у краме і слухаць птушак... І кніга месціла не проста ілюстрацыі, а сапраўдныя фотаздымкі гэтых прыгажунь у прыродзе. Добрая была кніга, шкада, што не атрымалася набыць яе...



Каля гэтага цудоўнага месца месціцца дацкі акварыум, дзе мноства рыбак, нават птушак, розных марскіх гадаў :) Шыкоўнае-шыкоўнае месца!!! Пакуль стаялі ў чарзе, я ўсё хныкала, таму што было першае снежня, а навокал ужо стаялі елкі і свяціліся агеньчыкі, і было так прыемна, што амаль цэлы месяц каляднага настрою нават бяз снегу тут, а ў нас няма такога. Чаму так?! Можа таму гэтыя людзі і жывуць больш шчаслівымі, таму што ў іх Свята даўжэйшае? :))))


Фотаздымкаў было зроблена мільён тут, але ня вельмі цікава іх выкладаць, ды і часу падпісваць у мяне няма :) Толькі самае-самае: знайдзіце агромністую рыбіну на гэтым фотаздымку. Мы заўважылі яе толькі тады, калі яна пачала шавяліцца :))) Быў нейкі ступар, таму што выглядала гэта нерэальна :))))


Рыбкі, якія плавалі па-кругу. Вось проста ў адным накірунку і ўсё. Напэўна ім там вельмі сумна ад такога жыцця. Пастаянна шкада гэтых жывых істотаў, якія закрытыя дзеля забавы. Але кожны раз я іду і гляджу на іх, і кожны раз шкадую...




Якраз побач з акварыумам знаходзіцца аэрапорт, мы пехам схадзілі туды-назад, вельмі блізка. Нават можна ў аэрапорце ўзяць візітоўку у "інфармацыі" і атрымаць зніжку на квіткі ў акварыўм.
А далей мы паляцелі ў Стакгольм :) Гэта асобная гісторыя, пра якую напішу пазней, калі час будзе :)
Цудоўнага настрою і хуткіх Святаў, гэта так прыемна :)

No comments:

Post a Comment