2015-12-19

Млын 2015, Менск

Вітаю-вітаю!
Так хацелася працягнуць аповед пра Швецыю, але выпадкова сёння патрапіла на выставу Млын, якая праходзіць у гэтыя выходныя ў Менску :) Штосьці цікавае прыгледзела там, з чым і спяшаюся падзяліцца, каб Вы паспелі завітаць туды за прыгажосцю...

Тут будуць толькі фотаздымкі таго, што спадабалася або ўразіла мяне :) Таму калі ласка!


Прыгожасць з гліны месціцца ў шэрагу І  або К... Толькі цяпер заўважыла, што не запісала месца. Такую незвычайнасць стварае Ала Кісялевіч. Якраз на ейнай старонцы ў сеціве месцяцца прыгожыя фотаздымкі гэтага букеціку....

***
Далей мяне здзівіла гэтая майстар, якая знаходзіцца ў шэрагу Б, месца 7


Проста неверагодная якасць валяння з воўны :) Шыкоўна-шыкоўна!!!


Рамонкі запалі ў душу :) Гэта было адным з першых месцаў, дзе мне спадабалася, але я пасаромелася штосьці спытаць, таму акрамя месца нічога не ведаю, на жаль, пра аўтара гэтых прац...


***
Яшчэ цікавая рэч - падушачкі-мішкі EVA_HOUSE. Я думаю, што яны здорава падышлі бы ў падарунак і інрэр'ер:) Месца - А4.


***
Спачатку я прайшла гэты стэнд, а потым чамусьці павярнулася і ўбачыла цікавае ўпрыгожванне на галаве ў дзяўчынкі: такія міленькія ружачкі і нібы матылькі сядзяць у гэтых кветках... Як жа гэта прыгожа! Шкада, што мой фотаапарат не дае сапраўдную гаму фарбаў, якая была там :)
Месца А45.


 У тай жа дзяўчыны вось такія прыгожыя птушачкі-брошачкі.


***
А вось адзін з фаварытаў... Такія прыгожыя карціны, яны напоўненыя глыбінёй і сапраўднасцю нейкай. Нібы аўтар стварыў ў жыцці кнопачкі  ctrl+с, выдзяліў прыгожы пейзаж і ўставіў ctrl+v яго ў рамачку. Проста неверагоднае майстэрства!


Мне асабліва спадабаўся залётнік (скрыпень). Такія сакавітыя колеры... Гэта ўспамін маёй вёсачкі, бо ўздоўж плоту рос гэты прыгажун, кожную раніцу яго было бачна з вакна ў шэрані, таму што вельмі яскравы колер быў, і гэта было незвычайна...
Аўтар Сергіевіч Алена, месца Б19.


***
Гэтая творчасць прыцягнула ўвагу, таму што была адзінай такой на ўсёй выставе :) І часта сустракалася ў сеціве :)


Месца Д21. Здораўская ўсё ж ідэя :)


***
Адзін з утульных стэндаў - майстэрня "Щепа". Вельмі цікавая свяцільня, напэўна святло з яе так прыгожа і ўтульна асвячае пакой...


Шмат у гэтый майстэрні прыгожай мэблі.
Месца Ж37.


Нават сані можна набыць у іх... Што характэрна ў зімку :) Як у сапраўднага гаспадара :)


***
О, вось тут я бы спынілася надоўга, але было неяк няёмка... Такое асаблівае жыццё ў гэтых карцінах... Цяжка перадаць словамі...


У кожнай, я ўпэўнена, ёсць свая незвычайная гісторыя. Але нават калі няма, глядзіш на іх, і хочацца марыць... Прыдумляць... Імкнуцца туды, у той свет, які яны паказваюць. Незвычайна, прыгожа, шмат глыбіні і жыцця ў гэтых творах!


Гэта самы лепшы стэнд, які мне давялося бачыць! Самы-самы...
Аўтар гэтай прыгажосці Святлана Пракапенка, месца Н23.


***
Драўляныя стульчыкі для дзетак. Цікавая рэч, і выглядае яна так сур'ёзна, для сапраўднага будучага мужчыны...


Або лэдзі :) Месца Н30.


***
На дзіва гэты Млын багаты на прыгожыя карціны, якія мне спадабаліся, таму што на мінулых выставах карціны таксама былі прыгожыя, але не для мяне :) Нікога не хачу крыўдзіць, але як кажуць, у кожнага свой густ...
Вось гэтая акварэль мне вельмі спадабалася :) Месца И15.


Прыгожа! Нагадвае пра мора...


***
Было прыемна сустрэць гэтага крэатыўнага майстра Кацярыну Кабанаву. Яе творчасць прыгожая і заваражвае сваёй нерэальнасцю, нейкай касмічнасцю, калі можна так сказаць. Так стварае толькі прырода, а Кацярына пераймае ад прыроды гэтае хараство і дадае сваё майстэрства, у выніку нараджаюцца проста незвычайныя рэчы... Здаецца, што гэта ўсё ж такі прырода зрабіла, а не чалавек... Нібы на нейкай далёкай выспе ў акіяне расце гэтая вопратка, напітвае колеры і саленаватасць мора. І Кацярыне пашчасціла туды завітаць, у гэтую цудоўную краіну, і прывезці на Млын такое хараство :)
Месца И6.


***
Амаль у самы вугал схавалі агромністых жалезных пачвараў Васіля Сасімовіча :) Але я іх знайшла :) Так здорава гэта выглядае!


Я бы сказала нерэальна, таму што ў галаве цяжка ўявіць, як можа гэтыя ўсе дэталі трымацца?! Мне было страшна стаяць побач, таму што здавалася, што кранеш і ўсё разляціцца ў розныя бакі. Гэта магія... Магія чалавечага розуму і рук :)
Месца К34.


Насупраць стаялі вось такія прыгожыя елачкі... Раство ўсё ж блізка, хоць і не адчуваецца пакуль :)


***
Далей быў стэнд з мылам... Так выглядае па-сапраўднаму ўсё, што я не стрымалася і набыла адзін мандарынчык "апрануты" :) Як жа быў здзіўлены муж, калі вярнуўшыся дахаты, я пачаставала яго гэтым мандарынам :)))))))) Ён не мог зразумець, чаму ён не лупіцца?! Мы якраз толькі вярнуліся з крамы з садавінай, і я стала есці сапраўдны мандарын, а мужу падсунула гэты :) Цікавая ідэя для падарунку, мне здаецца :)))
Месца К39, там самыя рэальныя мандарыны, у астатніх месцах выглядалі штучнымі, а гэтыя нават з наклеечкай былі :)


***
Вельмі шмат на выставе рэчаў з нацыянальнымі арнаментамі. Вось адныя з самых удалых на мой погляд - торбачкі. Месца Б41.


***
Вось гэтыя люстэркі таксама прыцягваюць увагу адразу. Увогуле ўвесь стэнд майстра напоўнены ўтульнасцю і стылем...


Адразу ўяўляеш, як бы гэта стала ў сваім інтэр'еры, таму што рэчы хатнія, асаблівыя...
Месца П42, другі паверх.


***
На другім паверсе таксама вось такія драўляныя гадзіннікі чакаюць :) Прыгожыя!


***
Адзін з прыгожых стэндаў, які выдзяляецца на фоне астатніх сваёй гарманічнасцю і прыгажосцю :) Месца С4, другі паверх.


Шмат майстроў, шмат стэндаў, яшчэ больш розных рэчаў... Прыгожа, займальна і думаю, што многія знойдуць на Млыне свайго майстра, свой падарунак, сваю прыгажосць :)

І па дарозе назад сфатаграфавала галоўную елку Менску на Кастрычніцкай. Раство хутка, хутка Новы год і Каляды :) Так на календары, а прырода не пытаецца, яна малюе так, як вырашыць правільным... Магчыма, гэта ўсё так, таму што стала шмат адзінокіх і пакінутых, і калі яшчэ надвор'е будзе лютаваць, то ўвогуле загубіць гэтыя душы... Беражыце сваіх блізкіх, яны адзіныя, хто прымае ўсё: і добрае, і дрэннае, і падарункі, і моманты без падарункаў, і любоў, і крыўду... Дарыце любоў, і яна вернецца... Дарыце цеплыню, і Вам будзе цёпла... Дарыце падарункі, і атрымлівайце задавальненне :)


З Надыходзячымі Святамі :)
Цудоўнага настрою і прыгожых падарункаў!

No comments:

Post a Comment