2015-12-14

Хэйсан :)

Час ідзе... І хутка ў гораде будзе самае прыгожае свята - Новы год і Каляды...
Настрой пераменны, шмат спраў, а часу вельмі мала на ўсё... Сумна... Халадно... І неяк нязвыкла...
У галаве пастаяна ўсплываюць успаміны, нейкія жаданні і ідэі, але зрабіць так, каб гэта стала жыццём пакуль не атрымліваецца. І я ня ведаю, калі атрымаецца. Дакладна не ў наступныя шэсць месяцаў...
І вось для настрою гатавала печыва, але настрою не атрымалася, а печыва хутка скончылася :) Чаму так?!


Першае печыва - гэта ўспаміны дзяцінства - "Вадалазы".
У дзяцінстве ў мяне было тры сяброўкі, якія прыязджалі да сваёй бабулі ў вёску на вакацыі. Мы сябравалі вельмі доўга... А потым неяк нашае сяброўства скончылася, чаму так?! Я і сёння ня ведаю...
Дык вось у іхняй сям'і было традыцыяй гатаваць гэтае печыва на Каляды, Вялікдзень. Вельмі смачнае!
Я доўга шукала па сеціве рэцэпт, розныя атрымліваліся пячэнькі, але тое, што трэба неяк не было. І вось апошняя спроба аказалася ўдалай :)
Што і як:
- 200 г пшанічнай мукі;
- 200 г тварагу;
- 200 г сметанковага масла;
- пара каменчыкаў марской солі;
- адно яйка;
- пара лыжак цукру;
- пара лыжак разынак, замочаных папярэдне ў кіпні або чырвоным віне.

Я ўсе інгрыдыенты закідаю ў хлебапечку і яна месіць цеста. Неабходна так мясіць, каб цеста было неаднародным. Хвілінак 10. Затым цеста збіраю ў шарык і кладу ў лядоўню на некалькі гадзін.
Пасля дзялю на 4 часткі,

кожную катаю ў прамавугольны пласт таўшчынёй каля пяці мм. Рэжу на трохвугольнікі, пасыпаю цукрам і кідаю на кожны па некалькі разынак. 


Скручваю ў рагалік. І кладу на паперу. 


Пяку каля 15 хвілін у духоўцы пры 200 град. С.


Цеста атрымліваецца слаістым, вельмі тлустым, але і вельмі смачным :) Такім, якое было ў дзяцінстве...


Яшчэ адным адкрыццём было для мяне - каляднае печыва. Я ніколі гэтым не займалася, пару разоў за жыццё каштавала падобнае... А тут спатрэбілася па вучобе прыгатаваць на святочны вечар (у выніку на вечар схадзіць не атрымалася, печывам ласаваліся самі ў хаце). Вельмі духмянае і вельмі смачнае! Святочнае :)
Што і як:
- 250 г мукі;
- 1 яйка;
- 35 г сметанковага масла;
- 30 г цукру;
- 80 г мёду;
- 30 г малака;
- для каляднага водару: змеленых 1,5 ч.л. цынамону, чацвярціна ч.л. мускатнага гарэху, іскарак, імбіру.
Муку змяшаць з водарамі.
Масла, цукар, мёд, малако грэць у каструльцы, пакуль цукар не растане. Зняць з нагрэву, даць астыць. Затым замясіць цеста з мукой, яйкам і мядовай сумессю з каструлькі.
Катаць, прысыпаючы мукой, выразаць формачкамі і выкладаць на бляху з паперай.
Пекчы каля 5-7 хвілін пры 200 град. С.
Даць астыць.
Прыгатаваць глазуру: адзін бялок узбіць са 100 г цукровай пудры ў пену. Упрыгожыць печыва, даць некалькі гадзін застыць :) Іначай можна запэцкацца :) Смачна есці!


Цудоўнага настрою і смачных успамінаў :)

No comments:

Post a Comment