2014-12-27

Грэчневы пірог з малінай, або мясцовы сняданак суботы (gluten free)

Дзень добры, шаноўнае спадарства!
Спадзяюся, што не сумуеце і знайшлі сабе добры занятак на выходныя :)
Я ж сёння, як прачнулася, першым узяла ў рукі фотаапарат, таму што такой прыгажосці даўно не было...
Усё белае, марознае, нібы з крышталю... Проста непаўторнае мастацтва прыроды...

І сонейка... Якое было сёння сонейка!!! Як прыемна было снедаць у такі дзень, увогуле сёння быў вельмі добры дзень :)
Тым больш, што сняданак сёння быў ня толькі смачны, але карысны: грэчневы пірог з малінай і сырам маскарпонэ :) Калі ласка!


Што і як. Цеста:
  • 4 яйкі (курачкі ізноў пачалі радаваць, хоць на вуліцы і мароз :);
  • 1/3 шклянкі карычневага цукру (шклянка - гранёны савецкі стакан);
  • 1 шклянка грэчневай мукі;
  • 1 ч.л. молатага цынамону;
  • марожаная маліна (можна выкарыстаць любыя марожаныя або свежыя ягады);
  • сметанковае масла, каб змазаць форму, у якой пекчы;
  • нагрэтая духоўка да 180 град. С.
Можна сказаць, што гэта звычайнае бісквітнае цеста, але замест пшанічнай мукі - мука грэчневая. Таму як звычайна, аддзяляю бялкі ад жаўткоў. Бялкі стаўлю ў лядоўню, каб астылі і лепш узбіліся потым. Тым часам жаўткі ўзбібаю з часткай цукру, дадаю муку. цынамон і замешваю цеста. Асобна ўзбіваю бялкі ў пену з цукрам, дадаю да цеста.
Цеста выкладаю ў форму, пасыпаю марожанай малінай. І пяку каля 25-30 хвілін. Праверыць можна шпажкай, праткнуць цеста ў цэнтры. Калі чыстая, то пірог спечаны :)
Дастаць з формы, пакінуць стыць на рашотцы. Затым перакласці на талерку і паліць малінавым сіропам: я ўзяла проста малінавы кампот, дадала 1 ч.л. салодкага малінага сіропу і паліла пірог. Так атрымаецца не сухі, а прыемны смак пірага.

Крэм:
  • сыр маскарпонэ (можна ўзяць тварог і пару лыжак смятаны);
  • пара ст.л. карычневага цукру;
  • 1/8 стручка ванілі (змалоць з цукрам);
  • грэцкія гарэхі, парэзаць на маленькія кавалкі.
Сыр узбіць з цукрам і ваніллю. Выкласці на пірог, пасыпаць гарэхамі. І можна снедаць. А можна зрабіць увечары, тады за ноч пірог добра прапітаецца і будзе вельмі смачным, вільготным :)
Я часта выкарыстоўваю за мест сыру тварог. Пачак тварагу (200 г), некалькі лыжак вадкага варэння, лыжка смятаны. Усё ўзбіваю і выкладаю на пірог. Атрымліваецца менш тлуста, чым з сырам. І больш карысна, калі тварог хатні. І хатняе варэнне :)
Смачна есці!
...
І пара фотаздымкаў нашай пераднавагодняй зімы :)



Святочнага настрою і смачных пірагоў :)

No comments:

Post a Comment