2014-12-22

Уражанні дню, або пра кветкі (панядзелак, снежань-22-2014)

Вітаю-вітаю :)
Я амаль на месяц выпала з віртуальнага жыцця... Столькі спраў, столькі падзей і сустрэч...
І столькі яшчэ трэба паспець зрабіць да Святаў: гэтым годам набылі сапраўдную елку, трэба яе паставіць, ўпрыгожыць; запланаваць стравы, купіць прадукты ў горадзе; падрыхтаваць падарункі... І пра кур падумалі толькі цяпер - няма саломы, цяпер трэба замаўляць яе і чакаць, калі прывязуць...
А з непрыемнасцей - зламаўмя яшчэ адзін бойлер, і вось мы амаль тыдзень спрабуем яго пачысціць-адрамантаваць... Няма гарачай вады - жыццё стала не зусім зручным :) Але мы змагаемся :)
І вось сярод такой бегатні знайсці час на вольнае напісанне артыкулу - нерэальна!
Але ўсё ж хвілінка ёсць, каб падняць настрой. І падзея ёсць :)


У маёй бабулі быў Дзень Народзін - 90 год. І я ездзіла яе віншаваць :) Сабраліся амаль усе сваякі. Было вельмі прыемна сустрэцца!
У нашай сям'і раней было традыцыйна збірацца на Каляды, Вялікдзень, бабулін Дзень Народзін, але ўсе дзеці-ўнукі выраслі, раз'ехаліся за тысячы км. І сабрацца так, як было раней, праблематычна. На жаль...
Але было прыемна ўсіх пабачыць, пагаварыць, даведацца пра навіны і планы на будучае :)
...
Ну а, акрамя святкавання дня народзін, добры настрой падымаюць кветкі...
Архідэйкі цвітуць вельмі добра: адныя адцвітаюць, другія зацвітаюць, трэція толькі пачынаюць выпускаць свае галіны.


Прыгожа, што тут скажаш :)


А вось пра гэтага сябра я маўчала ўсё лета-восень :)
Купіла я мандарын у пару да падоранага лімона, пра якога я пісала вясной.
Дык вось, гэтае дрэўца было пры продажы з маленькімі мандарынчыкамі, але пачало скідаць лісце, як я прынесла яго з крамы. Я вырашыла абрэзаць усе плады, каб выратаваць дрэва. І дрэўца аддзякавала мне - амаль праз тыдзень выпусціла столькі прыгожых белых кветак, што здавалася, выпаў снег. І такі прыемны цытрусавы водар напаўняў пакоі...


І пачалі завязвацца мандарынчыкі. Адныя кветкі былі пустыя, у другіх з'яўляліся маленькія бубачкі. Адныя абляцелі, адныя засталіся...
І вось яны ўжо сталі зрэць :) Магчыма, колькі дзён і можна будзе ўжо каштаваць :)


У мяне ў хаце ўжо амаль-амаль святочны водар... А ў Вас?
Цудоўнага святочнага настрою і прыемных уражанняў :)

No comments:

Post a Comment