2014-12-01

Печаная гародніна, або мясцовы сняданак суботы

Вітаю-вітаю, шаноўнае спадарства!
Наш інтэрнэт, на жаль, не дазваляе выкладаць сюды своечасова ўсё, што хочацца, але са спазненнем пра сняданак і прыемнасці :)
Таму калі ласка...



Сняданкі суботы... Колькі разоў я пра іх пісала, але кожны раз сняданак прыносіць столькі прыемнага і смачнага. Нават у апошнія дні восені :)
Снедайце ў хаце разам з любымі, гэта такое шчасце!



Вырашыла запекчы гародніну: бульба, цыбуля шалот, чырвоныя бурачкі, морква з  мясам у цікавым марынадзе:
- мяска (каля 400-500 г) парэзала на кавалкі (мяса павінна быць з праслойкай сала, так атрымаецца не сухое);
- у мельнічцы змалола: 10 гарошын каляндры, 10 гарошын духмянага перцу, некалькі кавалкаў сушанага балгарскага перцу (са свайго агароду), сушаны кроп і некалькі сушаных баравікоў. Марская соль на свой смак: некалькі каменьчыкаў;
- дадала некалькі кропель эфірнага алею лімона: спецыяльны алей, які можна ўжываць у ежу. НЕ З АПТЭКІ :) 2 ст.л. белага віна;
- усё перамяшала і пакінула прыблізна на гадзіну марынавацца;
- тым часам запякала гародніну пры 180 градусах С пры нагрэве "Турба-грыль" каля 1 г;
- праз гадзіну мяса смажыла на сухой патэльні каля 15-20 хвілін. Трэба, каб усе бакі кавалкаў былі пасмажаны;
- выклала мяса на гародніну і запякала яшчэ каля 10 хвілін...

І можна снедаць з квашанай капустай!
Атрымалася вельмі незвычайна, таму што звычайна я бурачкі-моркву не запякаю, толькі бульбу. Але тут такія розныя смакі атрымаліся, салодкія, але вельмі смачна і смачна :) І лёгка! І з лёгкім водарам грыбоў... Смачна есці!


...
Пакуль у нас гасцявала Лайма, нявеста Тора, атрымалася зрабіць шмат прышпільных фотаздымкаў. І вось адзін самы-самы...
Асобны аповед пісаць няма пра што, а фотаздымак смешны :)


...
Ну і пра святочнае: сёння мой Дзень Народзін, і муж падараваў мне такі прыгожы букет!
Гэты букет адлюстроўвае маю душу, гэта першы букет за ўсё жыццё, які сапраўды адпавядае настрою і думкам: шмат зялёнага колеру - самага любімага, белы - снежны колер - колер пачатку зімы. І кветкі лілеі - толькі-толькі адкрываюць свае галоўкі, дораць прыемны пах.., Нібы вясна вярнулася :) 
Гэта такія прыемныя адчуванні, таму што ўсё жыццё мой Дзень Народзін быў першым днём зімы, днём чагосьці халоднага, а тут маленькі кавалачак вясны падаравалі... 
Так прыемна і незвычайна!


Таму пайду святкаваць :) Дзень абяцае быць прыемным і смачным:)
Чаго і Вам жадаю!!!
Цудоўнага настрою :)

No comments:

Post a Comment