2017-04-16

Вялікдзень!

Са Святам Вялікдня!
Другі год мы святкуем без фарбаваных яек, але на гэты раз са смачнымі булкамі і "тварожнай пасхай" бяз тварагу :) Смаката!
Запрашаю на Святочны сняданак!
Калі ласка!

Цёмная Фінляндыя змянілася на сонечную, і з шасці раніцы і амаль да дзевяці вечара ў нас ня проста светла, а вельмі светла, нават калі на небе хмары :) Дарэмна я турбавалася на гэты конт, проста ўсяму свой час. Ёсць час Раства і глёгу, а ёсць час Вялікдня і вясенняга сонейка. І добра, што я гэта зразумела, так прасцей жыць тут... Магчыма, лета таксама ўразіць сваімі белымі начамі. Буду чакаць :)

 
Пасля беларускіх вакацый выпрацаваўся рэжым прачынацца а сёмай, а часам і раней... А магчыма гэта сонейка мяне будуць... Ня ведаю, але прачынацца лёгка... Апранаюся, іду на кухню, стаўлю імбрык, набіраю ваду для кветак і пачынаю абыходзіць сваё квяточнае царства, з кожным лісточкам трэба павітацца, кожную кветачку адзначыць і падзякаваць за тое, што радуе... Гэта прыемна! Гэта зараджае на ўвесь дзень. Можа па-гэтаму я так рана прачынаюся і праходжу нібы рытуал, пакуль муж спіць...

 
Пасля кветак заварваю гарбату з малінай і іргой і пачынаю рыхтаваць сняданак... Сёння святочны. Мыю садавіну, лісце салаты з майго агарода на падваконні. Намазваю авакада на хлеб, прысыпаю сушаным кервелем і папрыкай, а зверху горстку лісця... А тым часам зварыліся яйкі, а гарбата настаялася да корелу бурштыну...

 
Дастаю з лядоўні мой веганскі кулічык з дзіркай, іншай формы не было, на жаль. "Тварожная пасха" бяз тварагу таксама займае сваё месца на стале... Можна будзіць мужа... А сонейка прыпякае, сонейка радуецца і радуе Зямлю ў гэтую Святочную нядзельку...

 
Павольны сняданак за абмяркоўванне сноў, якія прысніліся ноччу, справаў на дзень або невялічкага падарожжа да возера замест іх... Жыццё ідзе, сонейка перамяшчаецца... З'ядаецца яйка, няхай год будзе ўдалым! Надкусваецца куліч, няхай мары споўняцца! А "тварожная пасха" няхай падсалодзіць, калі часам будзе горка... 

 
Талеркі апусцелі, прыемнае насычэнне і лёгкая стомленасць ад сонейка і смачнай ежы напаўняе цела... Цяпер бы прайсціся па вуліцы, пачуць птушак, прышчурвацца сонечным промням і кутацца ў шалік ад марскога ветру, які заблукаў на нашай вуліцы... Дзень працягваецца, год ідзе далей... Няхай гэта будзе добры год, важны год, год пераменаў і з'дзяйснення мараў, год сыходу адных людзей і з'яўлення новых... Няхай так і будзе!
Са Святам!
Цудоўнага настрою, 
сонейчнага надвор'я і салодкага году!


No comments:

Post a Comment