Вітаю!
Хачу захаваць для сябе рэцэпты, якія былі адкрыццём для меня :)
Веганскія куліч і "тварожная пасха". Калі ласка!
Мы з мужам ужываем і мяса, і малако, і яйкі, але мяса толькі сваё, а малако-яйкі толькі экалягічныя. І так атрымліваецца, што гэтыя прадукты часам проста так не з'яўляюцца на нашым стале. За амаль год, што мы тут знаходзімся, мяса мы елі толькі два разы, проста захацелася пяльменяў :) Прыйшлося купіць экалягічнай ялавічыны і справа была зроблена.
Што тычыцца тварагу, то экалагічнага я пакуль не сустракала. І калі кошты на малако яшчэ прымальныя (на экалягічгае - меньш 1 эўра за літр), то звычайны тварог каштуе каля 6 эўра за кг. Яйкі каштуюць каля 5 эўра за кг, гэта 15 штук. І можна зразумець, што асабліва не разгонішся, каб штосьці гатаваць :) Шкадаааа! Ці як часта кажуць, жаба душыць :)
Вось пагэтаму і таксама з-за магчымых антыбіётыкаў, штучных дадаткаў мы не купляем ежу жывёльнага паходжання.
Ужываем рыбу, але стараемя купляць толькі мясцовую, пажадана рачную. Кошты таксама не маленькія. Пагэтаму амаль веганцы :) Але з яйкамі :)))) І часам з малаком і хатнім ёгуртам, у асноўным з гэтага малака-та і ёгурт толькі і робім, таму што ёгурт з крамы атрымліваецца ў чатыры разы даражэй. Вось такая матэматыка!
Пагэтаму я была вельмі радая, калі на прасторах інстаграму сустрэла гэтыя рэцэпты. І для здароўя карысна, і ня так дорага атрымліваецца, як магло бы быць.
Гэтыя рэцэпты ўзяты былі у deliscake. Прыгожая старонка, смачныя рэцэпты. Аўтар дае шмат карысных парадаў у каментарах. Таму вельмі карысная і цікавая старонка. Раю завітаць :)
Што тычыцца рэцэптаў, то думаю, што аўтар будзе ня супраць, калі я тут іх выкладу са сваімі каментарамі :)
Што тычыцца "тварагу бяз тварагу":
- 150 г гарэхаў кешью, замочаныя з ночы у вадзе;
- 30 мл свежага соку з лімону;
- цедра з лімону;
- 100 мл какосавых вяршкоў;
- 50 мл какосавага масла;
- 80 мл кляновага сіропу (я дадавала 50 мл мёду);
- пара каменчыкаў марской солі;
- 1 дэсэртная лыжка ванільнай эсэнцыі (я яе ня мела, былі толькі стручкі, пагэтаму дадала проста свежую ваніль са стручка);
- свежыя ягады, фісташкі - начынне (я паклала марожаныя парэчкі - белыя, чырвоныя, чорныя).
З гарэхаў зліць ваду, зняць цэдру з лімона, выдавіць сок. Скласці гарэхі, какосавыя вяршкі, лімонны сок, мёд, соль і какосавае масла ў блэндар. Усё змалоць да аднароднага стану, як масла з гарэхаў, так і тут. Дадаць ваніль і цэдру, перамяшаць яшчэ раз.
Затым дастаць нож з чашы, дадаць ягады-фісташкі, перамяшаць лыжкай і выкласці ў форму для застывання.
Аўтар раіць выкласці форму харчовай плёнкай, каб было лягчэй даставаць. Я проста выклала ў пластыкавую чашку, якую потым можна было трошкі пагнуць і "пасха" выпала на талерку.
Паставіць "пасху" у маразілку на пару гадзін, каб застыла, перавярнуць на святочную талерку і паставіць у лядоўню. У мяне яна стаяла ўвесь дзень учора ў лядоўні, не пацякла. Прыемны крэмавы смак, амаль як тварожны. Адразу цяжка здагадацца, што ні тварагу, ні яек, ні сметанковага масла там няма.
Наконт какосавых вяршкоў. Аўтар тлумачыла ў каментарах, як іх зрабіць. Неабходна купіць "жэсцяную банку" ўжо гатовага какосавага малака, паставіць у лядоўню, верх малака застыне, вось гэта і ёсць какосавыя вяршкі. Але часта склад такога малака не радуе, там розныя стабілізатары дададзены. Ёсць, канешне, і самі какосавы вяршкі ў крамах, але склад там яшчэ горшы, чым у малака.
На такі выпадак аўтар прапаноўвае купіць проста какосавы гарэх і зрабіць усё самастойна. Вось менавіта так я і зрабіла. Купіла гарэх, разбіла, дастала мякіш, пачысціла ад карычневай скуркі, парэзала на кавалкі і склала ў чашу блэндэра. Па словах аўтара трэба дадаць 600 мл вады, я дадала 500, бо чаша мая меньшая, усё выцякае праз верх, калі мелеш. Але нават з 500 мл таксама палова выцякла :)))))
Карацей, змалола я, працадзіла праз сіта, але было бачна, што прыблізна 2 вялікіх лыжкі масла застаецца ў жмыху, я яго дастала і дадала ў так званае какосае малако... Але нешта пайшло ня так :) Нічога, акрамя гэтага масла ў мяне не застыла, таму я проста дадала каля 2-3 вялікіх лыжак жмыху, вось гэтае масла, што паклала ў какосавае малако і само малако, прыблізна 3-4 вялікія лыжкі.
Мой блэндар ужо малоў кешью. Крэму бяз крупінак не атрымалася ні ў той раз, ні ў гэты. Маленькія крупачкі, амаль не заўважныя. Нібы манка, можа нават меньшыя. Структура была жыткаватая, але калі я дадала марожаныя ягады, яна адразу пачала цвярдзець. І пасля лядоўні не расплывалася, была плотная і мяккая адначасова.
І смачная! І вельмі лёгкая! Думаю, што гэты рэцэпт затрымаецца ў нас ня толькі як дэсэрт Вялікдня, а як вельмі смачная і карысная страва :) А са жмыху ад какосавага гарэху пляную зрабіць баўнці, таксама па рэцэпту гэтага аўтара, ужо ў другі раз. Таксама смак неверагодны атрымліваецца!
Што тычыцца куліча, то таксама атрымаўся мяккім, вільготным і смачным. Нават ня скажаш, што няма дрожджаў, малака і яек. Непадобна! Пасля таго, як пастаяў у лядоўні, стаў больш плотным, цвердаватым, але на смак гэта ніяк не паўплывала.
Пра куліч (напішу адразу, як рабіла я, а арыгінал паглядзіце самі):
- 150 г пшанічнай мукі;
- 100 г пшанічнай мукі з цэльнага зерня;
- 50 г цукру (рабіла ў першы раз, у другі - 30 г мёду);
- 15 г какосавага масла;
- 0,5 дэсэртнай лыжкі пітной соды;
- пара каменчыкаў марской солі;
- 220 мл свежага апельсінавага соку;
- цэдра апельсіну (я выкарыстоўвала ўжо гатовую сушаную цэдру з крамы - 1/3 дэсэртнай лыжкі);
- 1/3 дэсэртнай лыжкі кардамону;
- 0,5 дэсэртнай лыжкі цынамону;
- 2 дэсэртныя лыжкі віна з ваніллю (стаіць у мяне шклянка грамаў 150 віна са стручком ванілі. Водар такі прыемны! Звычайна дадаю ў кексы, вось тут вельмі добра яно пасуе. У другі куліч дадала замест віна з ваніллю настоенны на роме шафран, таксама 2 дэсэртныя лыжкі, але пах згубіўся, на жаль);
- начынне - разынкі, настоенныя на віне, сушаныя чарніцы таксама на віне, сушаныя журавіны таксама на віне :) - 100 г.
У глыбокай чашцы змяшаць усе сухія інгрыдыенты. Дадаць апельсінавы сок, перамяшаць. Цеста падобнае да цеста для кексаў. Выкласці ў форму і выпякаць пры 180 градусах С каля 35-40 хвілінаў.
Адна заўвага, якая паўплывала на мае кулічы :)
Першы раз я перамяшала ўсе сухія інгрыдыенты, сода з апельсінавым сокам спрацавала добра і куліч атрымаўся мяккім і добра падняўся. У другі раз я не перамешвала, а спяшалася. Сода аказалася наверсе і спрацавала з сокам у самым пачатку, проста прашыпела, пакуль я вылівала сок... І куліч падняўся меньш... І аказаўся больш плотным :( Але таксама смачным... Трэба быць больш уважлівай і не спяцацца :)
Таксама лічу, што гэты рэцэпт затрымаецца ў нас, таму што кексы нам падабаюцца, але мяне засмучае іх тлустасць. Там жа пясочнае цеста атрымліваецца за кошт цукру і сметанковага масла, а тут і бяз гэтых інгрыдыентаў усё выдатна!
Фух, напісала столькі, але спадзяюся, што камусьці спатрэбіцца :)
Дык і для сябе на памяць вельмі зручна тут мець і рэцэпты, і заўвагі, таму што мае лісточкі кожны раз губляюцца, а тут апісваю нават больш падрабязна, чым на лісточку, каб было зразумела.
Яшчэ раз дзякую аўтару за такія рэцэпты і раю завітаць да яе на старонку :)
Цудоўнага настрою і смачных рэцэптаў!
No comments:
Post a Comment