Добрай раніцы!
Як пачалася Вашая раніца? Ці ў добрым гуморы прачнуліся?
Я прачнулася сёння ад жартаў мужа :) Але пра ўсё па парадку...
Так як мы жывем пэўны час не на вёсцы, заняткі нашыя вельмі змяніліся. І субота, якая была самым найлепшым днём тыдню, таксама... Цяпер яна стала самым-самым найлепшым :) Проста цяпер мы поўнасцю праводзім гэты дзень разам. Нават больш таго, здаецца мне, што гэты дзень хутка ператворыцца ў дзень дранікаў ад мужа... Можа і ня толькі дранікаў, але на сёння яны дакладна запланаваныя.
Дык вось, сядзела я, планавала-планавала пра тое, што такое зрабіць і чым заняцца ў суботу. І было вырашана зрабіць суботу асобым днём, speciell. Таму сёння ў нас праграма паловы дня амаль выкананая: набыць на кірмашы сакавіты кавун і пагледзець якое добрае кіно.
Вось гэты фільм. Вельмі сямейны, такі вясковы, такі неверагодны і смешны... Адразу захацелася назад у вёску, так смачна ўсё выглядае :) Фільм зняты па аповесці Астрыд Лінгрэн " Усе нашы дзеці з Бюлербю". Ня ведаю, ці можна знайсці на бел. або рас. мове, мы глядзелі на шведскай.
І вырашылі раніцай схадзіць пехатою на кірмаш, а потым ласавацца кавуном і глядзець кіно. Раніцай празвінеў тэлефон а 8 гадзіне, муж прачнуўся, а я толькі скрозь сон чула :) Ну і мне падалося, што ён устаў, выключыў і прыйшоў назад і пачаў жартаваць: " Уставай, я ўжо кавун парэзаў, пайшлі частавацца!"
Жартачкі, думаю, 5 хвілін таму выключыў тэлефон, і ўжо за кавуном паспеў... Але ведаючы свайго мужа, які вельмі рэдка так жартуе, з адным адкрытым вокам папаўзла на кухню, адкуль сапраўды цягнуўся прыемны свежы салодкі водар кавуна... І да канца не прачнуўшыся, сядзела я побач з мужам і кавуном, большым чым мая галава разы ў чатыры, ела гэты сакавіты чырвоны скарб і думала, што іншага і ня трэба... Ні кіно, ні кавун, ні скарбы, нічога, проста вось такая па-большасці пустая балбатня, недаспаная галава і радасць ад таго, што дзень толькі пачынаецца... Упершыню за апошнія пару месяцаў стала спакойна на душы.
Затым ужо я паехала ў краму за салёнай рыбай, каб было штосьці есці да бульбы. Добра, што гэта 15 хвілін на ўсё. І другі сняданак гатовы.
Вараная тоўчаная бульба з салатай з памідора, чырвонай салёнай рыбы, цыбулі і зяленівам пятрушкі, палітая сокам лімону і кропляй аліўкавага алею... І гэта вельмі-вельмі смачна!
Тут толькі тое, што засталося :)
Вось так яшчэ адзін дзень жніўню пачаўся, пара працаваць!
Цуды ў простым!
Цудоўнага дню!
No comments:
Post a Comment