Вітаю!
Я сёння з такімі смачнымі булкамі завітала сюды... Канцэнтрацыя цынамону на нашай кухні перавышае ўсе магчымыя паказчыкі :)
Цынамон у цыкорыі, цынамон у булках, цынамон ў варэнні з марэляў. Ммммм... Проста казачныя водары.
Рэцэпт просты, таму запрашаю :)
Усё пачалося з таго, што на ДН мужа замест торта, які мы з апетытам з'елі напярэдадні гэтай важнай падзеі, я купіла ў кавярні цынабоны. Смачныя такія булкі, але ўсё ж гэта не хатняе, з рознымі хімічнымі дадаткамі. Смачна, хочацца яшчэ, але ня хочацца з кавярні :)
Хочацца - робіцца :)
Так на кухні з'явіліся гэтыя смачныя пані...
Што і як:
- Цеста:
- вяршкі з хатняга малака - 1 шклянка (прыблізна 200 мл., таксама можна выкарыстаць малако, у мяне яго не было ў той час, як я рабіла цеста);
- пара ч.л. сухіх дрожджаў - прыблізна 6 г (развесці з 1 ч.л цукру ў некалькіх лыжках цёплага малака, пакінуць, каб пачалі "працаваць");
- некалькі каменчыкаў марской солі;
- 2 яйкі;
- 100 г сметанковага масла пакаёвай тэмпературы (мяккага);
- 4 шклянкі мукі;
- 1/3 частка шклянкі цукру;
- 2-3 ч.л. цукру з ваніллю.
- Замясіць цеста так, каб яно не прыліпала да рук. Калі спатрэбіцца, дадаць яшчэ мукі, але не шмат, іначай цеста атрымаецца вельмі тугім. Я карысталася хлебапечкай, якая замясіла цеста. І там жа цеста паднялося, прыблізна праз 1,5 гадзіны можна было катаць булкі. Нават дадам яшчэ, што і масла, і яйкі, і вяршкі былі адразу з лядоўні :) Ну спяшалася я, але цеста ўсё адно паднялося вельмі добра. Адзінае, што было цёплым, гэта пара лыжак заваранага цыкорыю з вяршкамі :) Не паспела паснедаць... Вось імі я і развяла дрожджы з цукрам. Гэта быў маленькая дадатковвая гісторыя. Працягваем займацца цестам;
- Цеста раскатаць у пласт шырынёй прыблізна 45*55 см.
- Начынка:
- 50-70 г сметанковага масла - змазаць раскатанае цеста;
- 1 шклянка карычневага цукру;
- 3 ст.л. цынамону, з вялікай горкай :)
- Цукар змяшаць з цынамонам. Высыпаць на цеста з маслам, разраўняць;
- Цеста cкруціць у рулет, разрэзаць вострым нажом на 12 частак, выкласці на бляху адным зрэзам уніз, другім - уверх;
- Духоўку нагрэць да 180 град. Пекчы каля 35-40 хвілін, залежыць ад рэжыму нагрэва.
- Затым даць печыву пастаяць некалькі хвілін, і змазаць крэмам.
- Крэм:
- сыр маскарпонэ (можна філадэльфія, рыкота) - прыблізна 200 г;
- 2-3 ст.л. мёду;
- 1-2 ч.л. цукру з ваніллю.
Сыр пачне таяць, нічога страшнага :) Булкі напітаюць у сябе гэты смачны крэм, і будзе проста неверагодны смак :) І непаўторны водар...
Нават больш таго, мне гэтыя булкі больш спадабаліся на наступны дзень, калі былі напітаныя крэмам... Такія мяккія, духмяныя, якраз пасуюць выдатна да гарбаты на сняданак :) І ня толькі...
Пякла ўчора, і сёння засталося толькі 4 шт... Здаецца мне, што хутка прыйдзецца ўдасканальваць рэцэпт :)
Цынамонавага настрою!
І прыемнага апетыту :)
No comments:
Post a Comment