2017-12-20

Beginning :)

Hello!
Today is a good day to begin this blog.
I have been thinking about it for the whole December.
So, I'm here. I have been studying English for almost one year. And I want to try writing about my ordinary life.
I like herbal teas, watercolour, knitting and reading... And million other things.
Welcome!


Best wishes,
Katrin

2017-05-02

Пірог са спаржай

Вітаю!
Вясна неяк не вырашыць да канца, ці ёй прыходзіць, ці не :)
І пакуль яна вагаецца, у крамах з'явілася спаржа...
Аднойчы я яе гатавала, нават тут быў аповед, але тады я шмат што ня ведала і не разумела, а цяпер ведаю. Таму і страва атрымалася значнай смачнейшай, чым у той раз.
Запрашаю, пірог са спаржай. Калі ласка!

Ня ведаю, што мне ў ёй так падабаецца? Знешні выгляд? Тое, што яна першай з'яўляецца вясной? І ня проста там лісцік, а добрыя такія галінкі, з якіх і пірог, і суп, і проста гарнір прыгатаваць можна...
І ўсё ж яна мяне захапляе сваёю непаўторнасцю і колерам. А цяпер і смакам. Праўда, водар трошкі дзіўнаваты, чамусьці мне рыбу нагадваў :) Але смак прыемны, цяжка сказаць на што падобна, проста смачна!
Акрамя пірагу запякала спаржу ў духоўцы, проста на гарнір да рыбы. Вось гэта самы найлепшы варыянт для мяне. Яна такая саладкаватая стала, мяккая. Колер застаўся, а смак змяніўся. Буду яшчэ гатаваць адназначна!

Цеста:
- 300 г пшанічнай мукі;
- 150 г сметанковага масла;
- 4 вялікіх лыжкі халоднай вады.
Усё склала ў блэндар і замясіла цеста. Закруціла яго ў плёнку і паклала ў лядоўню на 30 хвілін.

Для начыння:
- 150-170 г свежай спаржы;
- 1 дэсэртная лыжка аліўкавага алею;
- 1 цыбуліна;
- 2 зубкі часнаку;
- 100 г цвёрдага сыру, парэзаць на невялiкiя;
- 3 яйкі;
- 300 мл смятаны;
- 2 вялікія лыжкі свежай мяты, дробна скрышыць;
- соль/перац на свой густ.

Спаржу парэзаць на кавалкi, закiнуць у кiпень на пару хвiлiн i дастаць у ледзяную ваду. Можна нават з кавалкамi льду з маразiлкi. Iншымi словамi бланшыраваць.
Важна адрэзаць нiжнiх некалькi сантыметраў, якiя падсохлi. Iначай iх не пражуеш 😂 Ужо праверана 😂 Ну гэта калi спаржа з крамы, а калi свая i свежая, то нiчога ня трэба адразаць.

Цыбульку i часнок смажыць на патэльнi да мяккасцi. Адкласцi ў бок.

Змяшаць яйкi са смятанаю да аднаго стану, дадаць мяту i соль/перац. Адкласцi ў бок.

Цеста выкласцi ў форму, накрыць паперай i насыпаць сушаны гарох. Выпякаць пры 180 градусах С каля 15 хвiлiн. Затым дастаць гарох i пекчы яшчэ каля 10 хвiлiнак. Неабходна для таго, каб цеста не сцякло ўнiз i былi борцiкi.

На цеста выкласцi смажаную цыбулю, кавалкi спаржы, кавалкi цвёрдага сыру. Зверху вылiць яйкi са смятанаю i пекчы каля 25-30 хвiлiн.


А фотаздымкi яшчэ ад Вялiкдня завалялiся...
Шкада, каб прападалi дарэмна на кампутары :)


Цудоўнага настрою i сонечнага траўня!

2017-05-01

Тыдзень 15/52: мандала

Вiтаю!
Травень iзноў тут. Сонейка, плюс 12, спевы птушак, прыемны шпацыр i смачны сняданак... 

Можна пачынаць гэты Травень, напiсаць пляны, расчынiць вокны, вынесцi расаду на балкон... 

Травень, будзь цёплым i радасным, я цябе цэлы год чакала!

А тыдзень атрымаўся так сабе. Раскачвалася пасля Барселоны, прадчувала пахароны, на якiя ў вынiку i з'ехала амаль на месяц... Пасля iзноў раскачвалася... Здаецца, што цяпер усё добра, усё будзе па пляне. Але столькi плянаў на будучыя чатыры месяцы... Няхай усё будзе!








Сонечнага настрою i прыемнага адпачынку!

2017-04-30

Гарохавая гiсторыя

Добрай нядзелькi!
Мой агарод на падваконнi расце i зелянее :) Што мяне радуе.
Гэтым годам адкрыццём стаў зялёны гарох. Сушаны. Тут летам гарох у струках вельмi папулярны перакус. Прадавалi яго па 5 эўра за лiтар... струкоў... Мясцовы, гарантавана салодкi i смачны. А цяпер прадаецца сушаны каля 1,36 эўра/кг.

Вось яго мы актыўна ўжываем. Замочваю на ноч, а ранiцай як свежы. З'ядаем у асноўным сырым, бывае вару кашу, раблю катлеткi. Смачна i так, i так.

А тут трошкi ператрымала гарох у вадзе, а ён прарос. Вось i расце цяпер. Я яго падразаю на бутэрброды. Смачнае такое зяленiва! I шмат яго нарастае, а што абрэзанае, тое адрастае наноў. 
Карацей, вельмi добра мець такое карыцца гароху на кухнi.


Яшчэ раблю смакату адну - хатнi кефiр з экалягiчнага малака. На лiтар малака дадаю адну пiлюлю кiсламалочных бактэрый, якiя тут прадаюцца ў аддзеле здаровага харчавання. За ноч сквашваецца густы кефiр. Потым ужо лыжка такога кефiра iдзе як закваска для свежай партыi малака :) 

Проста п'ем гэты кефiр, робiм смузi з бананам i свежай мятаю...

А яшчэ дадаю зялёную цыбульку.... О, гэта салодкiя успамiны дзяцiнства! Ды з гарачаю бульбаю... i нiякiх дэлiкатэсаў ня трэба! 😉


А сёння з кашаю ела. Кефiр, цыбулька зялёная i ржаная каша з рыбаю... Можна пачынаць дзень :) 
Цудоўнага дню i добрага настрою! 

Тыдзень 14/52: кубачкi

Вiтаю!
У нас снег выпаў 0_о 
29 красавiка i снег... Можа я не там жыву, дзе трэба?! 
На дрэвах толькi лiсточкi сталi праклёўвацца, а тут снег. Карацей, першая такая вясна ў маiм жыццi :)

Тыдзень гэты ад лютага ляжыць у чарнавiках. Як пiсаць часцей? I хочацца, але за кампутарам муж працуе, а на мой блог часу не стае... Вось так i прыходзiцца час шукаць, пакуль ён спiць. Добрай ранiцы, карацей! I запрашаю на тыдзень кубачкаў. Калi ласка!








Цудоўнага настрою i добрай нядзелькi!

2017-04-16

Веганскі куліч і "тварожная пасха" бяз тварагу

Вітаю!
Хачу захаваць для сябе рэцэпты, якія былі адкрыццём для меня :)
Веганскія куліч і "тварожная пасха". Калі ласка!

 
Мы з мужам ужываем і мяса, і малако, і яйкі, але мяса толькі сваё, а малако-яйкі толькі экалягічныя. І так атрымліваецца, што гэтыя прадукты часам проста так не з'яўляюцца на нашым стале. За амаль год, што мы тут знаходзімся, мяса мы елі толькі два разы, проста захацелася пяльменяў :) Прыйшлося купіць экалягічнай ялавічыны і справа была зроблена.

Што тычыцца тварагу, то экалагічнага я пакуль не сустракала. І калі кошты на малако яшчэ прымальныя (на экалягічгае - меньш 1 эўра за літр), то звычайны тварог каштуе каля 6 эўра за кг. Яйкі каштуюць каля 5 эўра за кг, гэта 15 штук. І можна зразумець, што асабліва не разгонішся, каб штосьці гатаваць :) Шкадаааа! Ці як часта кажуць, жаба душыць :)
Вось пагэтаму і таксама з-за магчымых антыбіётыкаў, штучных дадаткаў мы не купляем ежу жывёльнага паходжання.

Ужываем рыбу, але стараемя купляць толькі мясцовую, пажадана рачную. Кошты таксама не маленькія. Пагэтаму амаль веганцы :) Але з яйкамі :)))) І часам з малаком і хатнім ёгуртам, у асноўным з гэтага малака-та і ёгурт толькі і робім, таму што ёгурт з крамы атрымліваецца ў чатыры разы даражэй. Вось такая матэматыка!

Пагэтаму я была вельмі радая, калі на прасторах інстаграму сустрэла гэтыя рэцэпты. І для здароўя карысна, і ня так дорага атрымліваецца, як магло бы быць.
Гэтыя рэцэпты ўзяты былі у deliscake. Прыгожая старонка, смачныя рэцэпты. Аўтар дае шмат карысных парадаў у каментарах. Таму вельмі карысная і цікавая старонка. Раю завітаць :)

  
Што тычыцца рэцэптаў, то думаю, што аўтар будзе ня супраць, калі я тут іх выкладу са сваімі каментарамі :)
Што тычыцца "тварагу бяз тварагу":
- 150 г гарэхаў кешью, замочаныя з ночы у вадзе;
- 30 мл свежага соку з лімону;
- цедра з лімону;
- 100 мл какосавых вяршкоў;
- 50 мл какосавага масла;
- 80 мл кляновага сіропу (я дадавала 50 мл мёду);
- пара каменчыкаў марской солі;
- 1 дэсэртная лыжка ванільнай эсэнцыі (я яе ня мела, былі толькі стручкі, пагэтаму дадала проста свежую ваніль са стручка);
- свежыя ягады, фісташкі - начынне (я паклала марожаныя парэчкі - белыя, чырвоныя, чорныя).

З гарэхаў зліць ваду, зняць цэдру з лімона, выдавіць сок. Скласці гарэхі, какосавыя вяршкі, лімонны сок, мёд, соль і какосавае масла ў блэндар. Усё змалоць да аднароднага стану, як масла з гарэхаў, так і тут. Дадаць ваніль і цэдру, перамяшаць яшчэ раз.
Затым дастаць нож з чашы, дадаць ягады-фісташкі, перамяшаць лыжкай і выкласці ў форму для застывання.

Аўтар раіць выкласці форму харчовай плёнкай, каб было лягчэй даставаць. Я проста выклала ў пластыкавую чашку, якую потым можна было трошкі пагнуць і "пасха" выпала на талерку.
Паставіць "пасху" у маразілку на пару гадзін, каб застыла, перавярнуць на святочную талерку і паставіць у лядоўню. У мяне яна стаяла ўвесь дзень учора ў лядоўні, не пацякла. Прыемны крэмавы смак, амаль як тварожны. Адразу цяжка здагадацца, што ні тварагу, ні яек, ні сметанковага масла там няма.

Наконт какосавых вяршкоў. Аўтар тлумачыла ў каментарах, як іх зрабіць. Неабходна купіць "жэсцяную банку" ўжо гатовага какосавага малака, паставіць у лядоўню, верх малака застыне, вось гэта і ёсць какосавыя вяршкі. Але часта склад такога малака не радуе, там розныя стабілізатары дададзены. Ёсць, канешне, і самі какосавы вяршкі ў крамах, але склад там яшчэ горшы, чым у малака.

На такі выпадак аўтар прапаноўвае купіць проста какосавы гарэх і зрабіць усё самастойна. Вось менавіта так я і зрабіла. Купіла гарэх, разбіла, дастала мякіш, пачысціла ад карычневай скуркі, парэзала на кавалкі і склала ў чашу блэндэра. Па словах аўтара трэба дадаць 600 мл вады, я дадала 500, бо чаша мая меньшая, усё выцякае праз верх, калі мелеш. Але нават з 500 мл таксама палова выцякла :)))))

Карацей, змалола я, працадзіла праз сіта, але было бачна, што прыблізна 2 вялікіх лыжкі масла застаецца ў жмыху, я яго дастала і дадала ў так званае какосае малако... Але нешта пайшло ня так :) Нічога, акрамя гэтага масла ў мяне не застыла, таму я проста дадала каля 2-3 вялікіх лыжак жмыху, вось гэтае масла, што паклала ў какосавае малако і само малако, прыблізна 3-4 вялікія лыжкі.

Мой блэндар ужо малоў кешью. Крэму бяз крупінак не атрымалася ні ў той раз, ні ў гэты. Маленькія крупачкі, амаль не заўважныя. Нібы манка, можа нават меньшыя. Структура была жыткаватая, але калі я дадала марожаныя ягады, яна адразу пачала цвярдзець. І пасля лядоўні не расплывалася, была плотная і мяккая адначасова.

І смачная! І вельмі лёгкая! Думаю, што гэты рэцэпт затрымаецца ў нас ня толькі як дэсэрт Вялікдня, а як вельмі смачная і карысная страва :) А са жмыху ад какосавага гарэху пляную зрабіць баўнці, таксама па рэцэпту гэтага аўтара, ужо ў другі раз. Таксама смак неверагодны атрымліваецца!

 
Што тычыцца куліча, то таксама атрымаўся мяккім, вільготным і смачным. Нават ня скажаш, што няма дрожджаў, малака і яек. Непадобна! Пасля таго, як пастаяў у лядоўні, стаў больш плотным, цвердаватым, але на смак гэта ніяк не паўплывала.

Пра куліч (напішу адразу, як рабіла я, а арыгінал паглядзіце самі):
- 150 г пшанічнай мукі;
- 100 г пшанічнай мукі з цэльнага зерня;
- 50 г цукру (рабіла ў першы раз, у другі - 30 г мёду);
- 15 г какосавага масла;
- 0,5 дэсэртнай лыжкі пітной соды;
- пара каменчыкаў марской солі;
- 220 мл свежага апельсінавага соку;
- цэдра апельсіну (я выкарыстоўвала ўжо гатовую сушаную цэдру з крамы - 1/3 дэсэртнай лыжкі);
- 1/3 дэсэртнай лыжкі кардамону;
- 0,5 дэсэртнай лыжкі цынамону;
- 2 дэсэртныя лыжкі віна з ваніллю (стаіць у мяне шклянка грамаў 150 віна са стручком ванілі. Водар такі прыемны! Звычайна дадаю ў кексы, вось тут вельмі добра яно пасуе. У другі куліч дадала замест віна з ваніллю настоенны на роме шафран, таксама 2 дэсэртныя лыжкі, але пах згубіўся, на жаль);
- начынне - разынкі, настоенныя на віне, сушаныя чарніцы таксама на віне, сушаныя журавіны таксама на віне :) - 100 г.

У глыбокай чашцы змяшаць усе сухія інгрыдыенты. Дадаць апельсінавы сок, перамяшаць. Цеста падобнае да цеста для кексаў. Выкласці ў форму і выпякаць пры 180 градусах С каля 35-40 хвілінаў.

Адна заўвага, якая паўплывала на мае кулічы :)
Першы раз я перамяшала ўсе сухія інгрыдыенты, сода з апельсінавым сокам спрацавала добра і куліч атрымаўся мяккім і добра падняўся. У другі раз я не перамешвала, а спяшалася. Сода аказалася наверсе і спрацавала з сокам у самым пачатку, проста прашыпела, пакуль я вылівала сок... І куліч падняўся меньш... І аказаўся больш плотным :( Але таксама смачным... Трэба быць больш уважлівай і не спяцацца :)

Таксама лічу, што гэты рэцэпт затрымаецца ў нас, таму што кексы нам падабаюцца, але мяне засмучае іх тлустасць. Там жа пясочнае цеста атрымліваецца за кошт цукру і сметанковага масла, а тут і бяз гэтых інгрыдыентаў усё выдатна!

Фух, напісала столькі, але спадзяюся, што камусьці спатрэбіцца :)
Дык і для сябе на памяць вельмі зручна тут мець і рэцэпты, і заўвагі, таму што мае лісточкі кожны раз губляюцца, а тут апісваю нават больш падрабязна, чым на лісточку, каб было зразумела.
Яшчэ раз дзякую аўтару за такія рэцэпты і раю завітаць да яе на старонку :)
Цудоўнага настрою і смачных рэцэптаў!

Вялікдзень!

Са Святам Вялікдня!
Другі год мы святкуем без фарбаваных яек, але на гэты раз са смачнымі булкамі і "тварожнай пасхай" бяз тварагу :) Смаката!
Запрашаю на Святочны сняданак!
Калі ласка!

Цёмная Фінляндыя змянілася на сонечную, і з шасці раніцы і амаль да дзевяці вечара ў нас ня проста светла, а вельмі светла, нават калі на небе хмары :) Дарэмна я турбавалася на гэты конт, проста ўсяму свой час. Ёсць час Раства і глёгу, а ёсць час Вялікдня і вясенняга сонейка. І добра, што я гэта зразумела, так прасцей жыць тут... Магчыма, лета таксама ўразіць сваімі белымі начамі. Буду чакаць :)

 
Пасля беларускіх вакацый выпрацаваўся рэжым прачынацца а сёмай, а часам і раней... А магчыма гэта сонейка мяне будуць... Ня ведаю, але прачынацца лёгка... Апранаюся, іду на кухню, стаўлю імбрык, набіраю ваду для кветак і пачынаю абыходзіць сваё квяточнае царства, з кожным лісточкам трэба павітацца, кожную кветачку адзначыць і падзякаваць за тое, што радуе... Гэта прыемна! Гэта зараджае на ўвесь дзень. Можа па-гэтаму я так рана прачынаюся і праходжу нібы рытуал, пакуль муж спіць...

 
Пасля кветак заварваю гарбату з малінай і іргой і пачынаю рыхтаваць сняданак... Сёння святочны. Мыю садавіну, лісце салаты з майго агарода на падваконні. Намазваю авакада на хлеб, прысыпаю сушаным кервелем і папрыкай, а зверху горстку лісця... А тым часам зварыліся яйкі, а гарбата настаялася да корелу бурштыну...

 
Дастаю з лядоўні мой веганскі кулічык з дзіркай, іншай формы не было, на жаль. "Тварожная пасха" бяз тварагу таксама займае сваё месца на стале... Можна будзіць мужа... А сонейка прыпякае, сонейка радуецца і радуе Зямлю ў гэтую Святочную нядзельку...

 
Павольны сняданак за абмяркоўванне сноў, якія прысніліся ноччу, справаў на дзень або невялічкага падарожжа да возера замест іх... Жыццё ідзе, сонейка перамяшчаецца... З'ядаецца яйка, няхай год будзе ўдалым! Надкусваецца куліч, няхай мары споўняцца! А "тварожная пасха" няхай падсалодзіць, калі часам будзе горка... 

 
Талеркі апусцелі, прыемнае насычэнне і лёгкая стомленасць ад сонейка і смачнай ежы напаўняе цела... Цяпер бы прайсціся па вуліцы, пачуць птушак, прышчурвацца сонечным промням і кутацца ў шалік ад марскога ветру, які заблукаў на нашай вуліцы... Дзень працягваецца, год ідзе далей... Няхай гэта будзе добры год, важны год, год пераменаў і з'дзяйснення мараў, год сыходу адных людзей і з'яўлення новых... Няхай так і будзе!
Са Святам!
Цудоўнага настрою, 
сонейчнага надвор'я і салодкага году!


2017-04-14

Для настрою :)


Вітаю!
Пакуль адсутнічала, мой агарод на падваконні падрос :)
І гэта так радасна! Радуюся кожнаму новаму лісточку, кожнай костачцы лімона, якая ўзышла, а ўзошло іх штук дзесяць 0_о Я буду лімонным магнатам :) Тым больш што ўчора ў квяточнай краме бачыла лімоны па 55 і па 99 эўра. Апошнія былі ў мой рост... Шыкоўныя! Але я з костачкамі пазмагаюся :)

Запрашаю, мой агарод на падваконні, калі ласка!

 
Паўсюль анюціны вочкі. Сем такіх кусцікаў прапаноўваюць за пяць эўра. Але мне сем не патрэбны, патрэбны толькі тры, на кожны пакой :) І цяпер маленькая вясна пасялілася ў нашым доме...

 
 


А вось і лімончыкі... Ня ведаю, колькі прыйдзецца чакаць, пакуль яны вырастуць, але так цікава назіраць за імі. Натыркала ў кожны гаршчок, цяпер толькі паспявай сачыць, дзе ўзышлі, а дзе не :) Садзіла костачкі з экалягічных лімонаў. Вось думаю, можа ананас паспрабаваць?! У той жа квяточнай краме бачыла за 25 эўра гаршчкі з кустамі ананасаў, нават маленькія ананасікі віселі на кожным... Чаго цяпер толькі няма, усё ёсць, на любы густ і грошы.

 
Базілік - маленькі, зялёненькі, тоўсценькі :) Кранаеш і прыемны водар напаўняе пакой... А потым з яго буду рабіць смузі: яблык, банан і базілік. Такі свежы смак атрымліваецца! Абавязкова пакаштуйце, вельмі смачна!

Авакада. Другі раз у сваім жыцці пасадзіла яго. На вёсачцы таксама рос, а потым пераезд і ён неяк знік... Нават ня памятаю, што з ім здарылася :( Утой раз проста ўтыкнула костку ў гаршчок... І ён сам вырас, нават забылася на яго. А гэтым разам падвешвала над вадою, і праз колькі дзён ён праклюнуўся, вось хутка буду перасаджваць у большы гаршчок, іначай караням месца ня хопіць. Што-што, а карані растуць хутчэй, чым верх.

 
Ну і памідорыкі для балкону, маленькія чэрры. Вось як гэта пачыналася.
Паглядзім, што з іх атрымаецца. А далей на фотаздымку бачны перчыкі. Насенне брала са свежага перцу з крамы... Тут увогуле ня ведаю, чаго чакаць :)

Кулічы на Вялікдзень напякла, веганскіх :) Таксама пра іх напішу. Смачныя! І так добра, што ні дрожджаў, ні яек, ні малака ня трэба. У плянах паспрабаваць зрабіць "тварожную пасху", але бяз тварагу :))))) Вось гэта задачка! Але я ўпэўнена, што будзе смачна!

Святочнага настрою, цудоўнага надвор'я і неверагоднасцяў, 
але абавязкова прыемных!

2017-04-13

Тыдзень 13/52: рыбулi

Вітаю-вітаю!
Чарнавік правісеў месяц :) І такое апошні час часта са мною здараецца...
Як матываваць сябе пісаць часцей? Ці ёсць у гэтым увогуле нейкі сэнс? Можа было бы прасцей пакідаць тут проста фотаздымкі бяз подпісу? Але на гэта ёсць інстаграм, а блог для таго і існуе, каб пакідаць штосьці большае, чым проста бязлікі фотаздымак...
Цяпер такіх фотаздымкаў мільёны гуляюць па сеціве, але кожны з іх толькі для некалькіх чалавек штосьці азначае або значыць вельмі шмат...

Так і мае фотаздымкі і думкі тут  прысвячаліся маме, а цяпер у мамы ёсць інстаграм і яна можа ўбачыць гэтыя фотаздымкі ў той самы момант, як я іх апублікавала. Ці ёсць сэнс працягваць весці гэты блог?!

Здаецца мне, што калі я пачала пісаць гэты аповед, то сэнс ёсць... Гэта як ліст сабе ў будучыню, які захоўвае ўспаміны, добрыя думкі, таму што пра "ня добрыя" лепш не пісаць і хутчэй забыцца на іх. А добрае і з цягам часу саграе лепш за гарбату і аўчыну :)
І хочацца мне захаваць мой навучальны працэс у маляванні, як я рухалася, што атрымоўвалася, а што не.

На жаль, амаль месяц выпаў з майго жыцця ў пляне малявання... Спадзяюся, што заўтра я буду ізноў маляваць :) А пакуль трынаццаты тыдзець з тэмай "Рыбы". Калі ласка!







Рыбка "Каробачка". У акварыуме Лондану бачыла такую сапраўдную :) 
Прыгожая! Нават чорна-белы малюнак пакінула гэтай рыбкі, такая яна захапляльная для мяне атрымалася :)





Адзін з самых хуткіх тыдняў :) І самы найлепшы пакуль, на мой погляд. Усё ж рыбы і мора - стыхія, якая так гарманічна кладзецца на душу...

Цудоўнага настрою і гармоніі!

Вясенняя салата

Вітаю!
Навокал вясна, сонейка свеціць, птушкі спяваюць, маё нечаканае падарожжа ў Беларусь скончылася і я магу ізноў з'явіцца тут...
Але не з пустымі рукамі, а смачнай салатай, якая вырасла на падваконні :)

 
Мне здаецца, што прасцей не бывае:
- лісце зялёнай салаты і салаты, падобнай да бацвіння чырвоных бурачкоў (назву ня ведаю, а смак прыемны, кіславаты :);
- шчыпяры цыбулькі;
- 1 авакада;
- чырвоны вінаград;
- гарэхі - горстка (я паклала фісташкі, добра будзе пасаваць тут і кешью);
- мяккі сыр (бры, з сіняй цвіллю або тварожны);
- дэсэртны воцат - дэсэртная лыжка, сок паловы лімону і алей - 3-4 вялікіх лыжкі (у мяне, як звычайна, што-небудзь прападае, тут прападаў алей ад кансервы з тунцом, яго і выкарыстала. Можна ўзяць аліўкавы, з ільну ці кунжуту... Які ёсць, такі і добра). Змяшаць да аднароднага стану;
- сушаныя і змеленыя кервель і салодкая папрыка.


Лісце памыць, абсушыць, парваць, калі вельмі вялікае і ня змесціцца ў рот (як кажа мой муж, а ён на кожную салату так скардзіцца :). Шчыпяры скрышыць дробненька. Авакада парэзаць на кавалкі, вінаград - на дзве часткі (калі ёсць косткі, то дастаць іх. Калі гэта ня мае для Вас значэння, то можна пакінуць :). Скласці ў талерку, прысыпаць горсткай гарэхаў.
Сыр парэзаць на малыя кавалкі. Як варыянт, пакласці парцыйна, калі вельмі крохкі (з казінага малака).
Паліць заліўкай, прысываць кервелем і папрыкай на свой густ. Перамяшаць... І можна частавацца :)


Я клала ўсе інгрыдыенты "на вока". Хацелася мне больш сыру, я кінула больш... Хацелася больш салодкі смак, я падкінула вінаграду... Мне падабаецца, што ёсць у такіх рэцэптах свабода. Дастаткова глянуць на фотаздымак у сеціве ці рэклямнай абвестцы, як рэцэпт сам з'яўляецца ў галаве... І ня важна, што, можа быць, там не было воцату, ці фісташак, але яны шыкоўна спеліся ў гэтай страве :)

Смачнага настрою і цудоўнага надвор'я!
І творчай свабоды :)