2015-11-18

Суп з пастарнакам і грыбамі

Вітаю!
З пераездам у горад гатаваць зусім не хочацца. Штосьці самае простае і прымітыўнае, каб не згаладацца :) Чаму так? З'явіліся другія справы, кухня ў кватэры больш цёмная, чым была ў хаце і г.д. Прычыны можна прыдумляць розныя і шмат, але сытым ад гэтага не станеш. І вось нешта шчоўкнула, як мне падабаецца гаварыць. І сталі нараджацца смачныя стравы.
Адна з іх - новы суп-пюрэ з пастарнакам і грыбамі.
Спалучэнні гародніны і зёлак незвычайныя, так як і смак, які атрымаўся ў выніку :)


Што і як:
- пастарнак - у мяне быў вялікі, 200-300 г, калі не больш;
- карэнне пятрушкі - 2 невялікія штучкі;
- цыбуля-шалот - 3 шт;
- морквіна - 1 вялікая;
- пару лісточкаў лаўра;
- чорны перац - 4-5 шт.
Усю гародніну пачысціць, памыць, парэзаць на кавалкі - неабавязкова маленькія. Заліць вадой. Я брала каструлю 2 л, клала туды гародніну і далівала вады так, каб пад час кіпення нічога не выкіпала. І ставіла варыць булён. Каля 45 хвілін.
Затым у кіпень засыпала сухія грыбы і пакінула на некалькі гадзін, каб грыбы настаяліся.
Пасля змалола ўсё блэндэрам. Паставіла варыцца. Тым часам пачысціла бульбу, парэзала на кавалкі як для супу, каб хутчэй зварылася, і закінула ў каструлю з гароднінай.
Як бульба зварылася - хвілін 20 - змалола блэндэрам.
Дадала  соль, мускатны гарэх, пару лісточкаў сушанага шалфею і пару галінак чабрацу - можна сказаць, што гэта на свой густ, але абавязкова, іначай смак супу будзе ня вельмі без зёлак, мякка кажучы :)
Затым асобна пасмажыла на аліўкавым алеі сухарыкі з сырам і адным зубчыкам часнаку.
Вельмі смачна атрымалася! Такі насычаны водарамі суп елі ўпершыню пасля супу з гарбуза і дзівіліся, што так можа быць смачна :) І вельмі ўтульна было і цёпла ў такія мокрыя апошнія дні восені...
Смачнай восені і цудоўнага настрою:)


No comments:

Post a Comment