2015-08-23

Ізноў ноч, музыка і цынамон...

Добрай ночы!
Чамусьці бліжэй да ночы прачынаецца хтосьці, хто гатовы на подзвігі, на змены, на творчасць да 5-6 раніцы... Той, хто любіць лёгкую стомленасць і задавальненне ад такой бяссоннай ночы... Той, хто сустракаючы сонца з кубкам цыкорыю з цынамонам усміхаецца суседнім шматпавярховым будынкам, якія былі сведкамі стварэння чагосьці новага і прыгожага...


Але сёння ня тая ноч, ня будзе сёння творчасці, ня будзе сустрэчы са світанкам...
Цяпер толькі музыка, трошкі сумная, але якая зачароўвае... Цынамоны... І сон, такі доўгачаканы і, спадзяюся, спакойны...




Дабранач!
Прыемных сноў і лёгкага працоўнага тыдню!

На вуліцы ноч

А ў мяне радасць на душы... Субота - цудоўны дзень, дзень творчасці і планавання.
І вось што атрымалася ў працэсе, шкада, што субота бывае толькі адзін раз на тыдні, а ў астатнім усё добра :)

Творчых планаў і іх рэалізацыіі :)
А мне - спаць, спаць, спаць...

2015-08-22

Дранікі...


Цудоўнага вечару і рамантычнага настрою :)

Раніца суботы :)

Добрай раніцы!
Як пачалася Вашая раніца? Ці ў добрым гуморы прачнуліся?
Я прачнулася сёння ад жартаў мужа :) Але пра ўсё па парадку...


Так як мы жывем пэўны час не на вёсцы, заняткі нашыя вельмі змяніліся. І субота, якая была самым найлепшым днём тыдню, таксама... Цяпер яна стала самым-самым найлепшым :) Проста цяпер мы поўнасцю праводзім гэты дзень разам. Нават больш таго, здаецца мне, што гэты дзень хутка ператворыцца ў дзень дранікаў ад мужа... Можа і ня толькі дранікаў, але на сёння яны дакладна запланаваныя.
Дык вось, сядзела я, планавала-планавала пра тое, што такое зрабіць і чым заняцца ў суботу. І было вырашана зрабіць суботу асобым днём, speciell. Таму сёння ў нас праграма паловы дня амаль выкананая: набыць на кірмашы сакавіты кавун і пагледзець якое добрае кіно.

Вось гэты фільм. Вельмі сямейны, такі вясковы, такі неверагодны і смешны... Адразу захацелася назад у вёску, так смачна ўсё выглядае :) Фільм зняты па аповесці Астрыд Лінгрэн " Усе нашы дзеці з Бюлербю". Ня ведаю, ці можна знайсці на бел. або рас. мове, мы глядзелі на шведскай.

І вырашылі раніцай схадзіць пехатою на кірмаш, а потым ласавацца кавуном і глядзець кіно. Раніцай празвінеў тэлефон а 8 гадзіне, муж прачнуўся, а я толькі скрозь сон чула :) Ну і мне падалося, што ён устаў, выключыў і прыйшоў назад і пачаў жартаваць: " Уставай, я ўжо кавун парэзаў, пайшлі частавацца!"
Жартачкі, думаю, 5 хвілін таму выключыў тэлефон, і ўжо за кавуном паспеў... Але ведаючы свайго мужа, які вельмі рэдка так жартуе, з адным адкрытым вокам папаўзла на кухню, адкуль сапраўды цягнуўся прыемны свежы салодкі водар кавуна... І да канца не прачнуўшыся, сядзела я побач з мужам і кавуном, большым чым мая галава разы ў чатыры, ела гэты сакавіты чырвоны скарб і думала, што іншага і ня трэба... Ні кіно, ні кавун, ні скарбы, нічога, проста вось такая па-большасці пустая балбатня, недаспаная галава і радасць ад таго, што дзень толькі пачынаецца... Упершыню за апошнія пару месяцаў стала спакойна на душы.
Затым ужо я паехала ў краму за салёнай рыбай, каб было штосьці есці да бульбы. Добра, што гэта 15 хвілін на ўсё. І другі сняданак гатовы.
Вараная тоўчаная бульба з салатай з памідора, чырвонай салёнай рыбы, цыбулі і зяленівам пятрушкі, палітая сокам лімону і кропляй аліўкавага алею... І гэта вельмі-вельмі смачна!
Тут толькі тое, што засталося :)


Вось так яшчэ адзін дзень жніўню пачаўся, пара працаваць!
Цуды ў простым! 
Цудоўнага дню!

2015-08-20

Булкі з цынамонам

Вітаю!
Я сёння з такімі смачнымі булкамі завітала сюды... Канцэнтрацыя цынамону на нашай кухні перавышае ўсе магчымыя паказчыкі :)
Цынамон у цыкорыі, цынамон у булках, цынамон ў варэнні з марэляў. Ммммм... Проста казачныя водары.
Рэцэпт просты, таму запрашаю :)


Усё пачалося з таго, што на ДН мужа замест торта, які мы з апетытам з'елі напярэдадні гэтай важнай падзеі, я купіла ў кавярні цынабоны. Смачныя такія булкі, але ўсё ж гэта не хатняе, з рознымі хімічнымі дадаткамі. Смачна, хочацца яшчэ, але ня хочацца з кавярні :)
Хочацца - робіцца :)
Так на кухні з'явіліся гэтыя смачныя пані...


Што і як:
- Цеста:
  • вяршкі з хатняга малака - 1 шклянка (прыблізна 200 мл., таксама можна выкарыстаць малако, у мяне яго не было ў той час, як я рабіла цеста);
  • пара ч.л. сухіх дрожджаў - прыблізна 6 г (развесці з 1 ч.л цукру ў некалькіх лыжках цёплага малака, пакінуць, каб пачалі "працаваць");
  • некалькі каменчыкаў марской солі;
  • 2 яйкі;
  • 100 г сметанковага масла пакаёвай тэмпературы (мяккага);
  • 4 шклянкі мукі;
  • 1/3 частка шклянкі цукру;
  • 2-3 ч.л. цукру з ваніллю.
  • Замясіць цеста так, каб яно не прыліпала да рук. Калі спатрэбіцца, дадаць яшчэ мукі, але не шмат, іначай цеста атрымаецца вельмі тугім. Я карысталася хлебапечкай, якая замясіла цеста. І там жа цеста паднялося, прыблізна праз 1,5 гадзіны можна было катаць булкі. Нават дадам яшчэ, што і масла, і яйкі, і вяршкі былі адразу з лядоўні :) Ну спяшалася я, але цеста ўсё адно паднялося вельмі добра. Адзінае, што было цёплым, гэта пара лыжак заваранага цыкорыю з вяршкамі :) Не паспела паснедаць... Вось імі я і развяла дрожджы з цукрам. Гэта быў маленькая дадатковвая гісторыя. Працягваем займацца цестам;
  • Цеста раскатаць у пласт шырынёй прыблізна 45*55 см.
- Начынка:
  • 50-70 г сметанковага масла - змазаць раскатанае цеста;
  • 1 шклянка карычневага цукру;
  • 3 ст.л. цынамону, з вялікай горкай :)
  • Цукар змяшаць з цынамонам. Высыпаць на цеста з маслам, разраўняць;
  • Цеста cкруціць у рулет, разрэзаць вострым нажом на 12 частак, выкласці на бляху адным зрэзам уніз, другім - уверх;
  • Духоўку нагрэць да 180 град. Пекчы каля 35-40 хвілін, залежыць ад рэжыму нагрэва.
  • Затым даць печыву пастаяць некалькі хвілін, і змазаць крэмам.
- Крэм:
  • сыр маскарпонэ (можна філадэльфія, рыкота) - прыблізна 200 г;
  • 2-3 ст.л. мёду;
  • 1-2 ч.л. цукру з ваніллю.
Сыр  пачне таяць, нічога страшнага :) Булкі напітаюць у сябе гэты смачны крэм, і будзе проста неверагодны смак :) І непаўторны водар...


Нават больш таго, мне гэтыя булкі больш спадабаліся на наступны дзень, калі былі напітаныя крэмам... Такія мяккія, духмяныя, якраз пасуюць выдатна да гарбаты на сняданак :) І ня толькі...


Пякла ўчора, і сёння засталося толькі 4 шт... Здаецца мне, што хутка прыйдзецца ўдасканальваць рэцэпт :)

Цынамонавага настрою!
І прыемнага апетыту :)

2015-08-19

Вясковае прывітанне :)

Прывітанне-прывітанне :)
Так незаўважна час ідзе, чамусьці мне здаецца, што тое, што я пішу - чытаюць. І вось я сяджу цяпер тут, гляджу ў экран і ўсміхаюся, дасылаючы свае прывітанні і ўсмешкі ў блог. Чамусьці прыемна ад гэтага. нібы штосьці добрае робіш, дорыш нейкую частку сябе, магчыма, падымаеш настрой...
Як і кветкі, якія мне перадалі бацькі мужа. Так прыемна! Так прыгожа! Сёння ўвесь дзень адчувала прыемныя водары ружаў... Гэта фантастычна...
І дзіўна адначасова, таму што мы толькі два месяцы таму пераехалі, а я шмат што забыла, шмат што не адчувала і не бачыла. Як і гэтыя кветкі... Я разглядала іх хвілін дваццаць, як нейкі цуд, як нейкую незвычайную рэч на зямлі. Нюхала, кранала... Гэта непаўторныя адчуванні, гэта першы раз у маім жыцці такое... Але гэта цуда, сапраўднае цуда, якое стварыла прырода... Гэта фантастыка...



І вось я паставіла кветкі ў ваду і пайшла спаць, таму што была ўжо ноч...
А раніцай адкрыцці працягнуліся, таму што кветкі сталі распускацца, яны працягваюць жыць :) І гэта цудоўна, гэта так прыемна, што я не находжу слоў, каб сказаць штосьці больш... Гэта вельмі-вельмі незвычайна, гэта ўпершыню...


Магчыма, гэта мае нэрвы такія, так тонка сталі адчуваць...
Магчыма, гэта для мяне такі адпачынак...
Я ня ведаю, але і цудоўна, і сумна, таму што цяпер для мяне гэтыя простыя рэчы сталі найвялікшым багаццем, сталі тым святлом, да якога хочацца імкнуцца і рабіць усё, каб яго было больш... Тым накірункам, які вядзе мяне далей... І гэта проста і незвычайна адначасова...


Гэта магія кветак... Гэта свой асобы свет, які жыве сам па сабе. І ў мяне гэты свет быў у вёсцы, разнастайны і прыгожы... І так шкада...


Але гэта пустое, гэта мінулае. Будучае - яно павінна быць квяточным, цудоўным і прыгожым. Я імкнуся да гэта...


Але напэўна ўспаміны і восень нейкі навялі сум, таму што прыгажосці кветак не пасуе сум. Не павінен пасаваць, я так думаю...
Кветкі дораць радасць, няхай так і будзе :)


Радасці, цеплыні і ўтульнасці :)
Няхай цудоўная прыгажосць (калі так можна сказаць :) напоўніць Вас!
Усміхайцеся дробязям, звычайна з іх і складаецца нашае жыццё...

2015-08-14

Пеларгоніі

Вітаю!
Час ідзе-ідзе, шмат што застаецца незаўважным. Так і  кветкі ціхенька сядзелі на падваконні і сумавалі, праходзілі акліматызацыю на новым месцы. І вось прыбіраючы пакой, выцірала пыл з падваконняў і толькі тады заўважыла, што мае сябровачкі зацвілі :)
Прыемна і прыгожа :)




Квяточнага настрою і цудоўных выходных :)

2015-08-12

"Я не верю в чудеса, но..." А. Рыбак

Вітаю!
Учора запланавала сабе на вечар шыццё. Паставіла песні, каб весялей працавалася, і вось адна адпавядала настрою і ў нейкім сэнсе выніку працы :)
І што хачу сказаць, запланавала-зрабіла! Некалькі гадзін, і ў гардэробе з'явілася прыгожая рэч.
Толькі адзін фотаздымак пакуль ёсць, пазней павінны быць яшчэ.
Але вельмі мне самой падабаецца тое, што атрымалася, асабліва карункі на спіне :)
Выкрайкі з часопісу "Бурда", але шмат што мяняла ў іх.


А вось і сама песня. Прыгожая, сумная, але нейкая асаблівая...
Спадзяюся, што Вы або ўжо ведаеце яе, або Вам таксама спадабаецца.
І самае цікавае, што ўвесь вечар гэтыя словы ў галаве, і сёння хаджу і напяваю толькі адзін радок " Я не верю в чудеса, но..."


Цудоўнага дню!
Добрага настрою!
Усё атрымаецца! 
Верце ў сябе, а я пайду паслухаю яшчэ раз і буду працаваць :)

2015-08-11

Прывітанне :) Пра Густава Клімта

Першы больш-меньш вольны дзень за апошні месяц...
Але я не сумую :) Спраў шмат, справы цікавыя, таму жыццё ідзе далей іншай дарогай.
Атрымалася за гэты час трапіць на вёску, і нават схадзіць у лес і назбіраць тры літры чарніц і малін. Вельмі смачна!!! Такія сакавітыя і духмяныя ягады...
А вось у адзін з апошніх дзён ужо тут атрымалася нават прыгатаваць смачны торт :) Ня тое, што мы тут амаль нічога не ямо, ямо: і снедаем, і вячэраем, але гэта зусім ня тое, што на вёсцы, канешне. Часу няма на штосьці, мммм, смачнае :) Смачна, канешне, і тут, але ня так як раней. Там паветра было смачным...



А тут шум, пастаянны рух, цішыні няма. Зусім. Гэта проста жах.
Суседзі паверхам вышэй проста нейкія дзікія людзі, асабліва калі мыюцца ў ваннай :) У якіх дзеці 4-5 год. І такі там гам кожны раз, і самае смешнае, што больш за ўсіх там пішчыць іхні бацька... Ня ведаю як пракаментаваць гэта :)
І тупат пастаянна такі, нібы сланы, а не людзі жывуць. І бонусам ідзе іхні рамонт у нядзелю дрэллю, ці чым іншым, незразумелыя гукі...

Карацей, адзінай радасцю была выстава "Арт-базар" сумесна з выставай рэпрадукцый карцін Густава Клімта ў суботу, на якую я патрапіла такой спёкай. Паехала, выстава была толькі два дні, таму шкада было прапусціць. Цікавая, былі прадстаўлены найбольш вядомыя ягоныя карціны.
Галоўным чынам гэты мастак маляваў жанчын, таму большасць ягоных карцін вельмі эратычныя. І вельмі цікавая тэхніка працы з фарбай-"пазалотай". Шыкоўна!

Вось адна з самых знакамітых карцін "Пацалунак"


"Адэль Блох-Баўэр"
Была прададзена ў 2006 годзе за 135! млн. даляраў :)


"Макавы палетак"
Зялёны - колер, які мне больш за ўсе падабаецца. Таму гэтая карціна тут :)


На гэтую я звярнула асаблівую ўвагу  :) Напэўна, зразумела, чаму...
"Садовая сцяжынка з курамі"
На жаль, карціна згарэла ў 1945 г.


І вось мой фаварыт - самая, на мой погляд, незвычайная карціна. 
Вельмі прыгожая. Вада нібы напоўненая нейкім пазалочаным скарбам. Нібы там, у глыбіні балота, захоўваюцца самыя таямніцы і цуды. Як і ў чалавечай душы, усё схавана. Адразу і незразумееш, што за цінай паўсядзённасці там свой асаблівы свет, вельмі багаты і непадобны ні на штосьці іншае на Зямлі...
"Балота"


Мой вольны чаc на сёння скончыўся :) 
Таму калі будзе штосьці яшчэ цікавае, сустрэнемся ізноў :)
Цудоўнага настрою і смачных кавуноў :) Ужо дакладна можна!