2014-02-27

Хатні ёгурт. МК

Усім прывітанне!
Сёння я прапаноўваю Вам смачную і карысную страву: хатні ёгурт. Толькі натуральныя часткі ніякіх загушчальнікаў, стабілізатараў і араматызатараў :) Запрашаю!


Трошкі тэорыі:
1. Малако.
  • Калі малако з крамы, яно мусіць быць свежым. Зручна тое, што малако можна адразу змешваць з закваскай (пра яе пазней) і заліваць у слоічкі. Не абавязкова падаграваць. Мінус гэтага варыянта ў тым, што ёгурт атрымліваецца не такім густым. Канешне, і не такім карысным, як з хатняга малака.
  • Хатняе малако таксама павінна быць свежым у іншым выпадку зварыце тварог. Яго трэба падагрэць, амаль закіпяціць. Я рабіла і без падагрэву, атрымалася ня вельмі смачна, быў пах не ёгурту, а нібы кіслага малака. Пасля таго, як малако закіпела, трэба даць яму час астыць, каб было трошкі цёплым. Калі малако будзе гарачым, то бактэрыі закваскі проста зварацца і ня будуць працаваць.
2. Закваска.
  • Закваску можна набыць у аптэцы. Ёсць шмат розных варыянтаў сухой закваскі для ёгурта, кефіра. На ўсякі густ.
  • Я карыстаюся, на мой погляд, сама простым варыянтам. Для першай закваскі я выкарыстоўваю ёгурт з крамы, у якім няма ніякіх штучных дабавак. Часцей за ўсё гэта простая "Акцівія", ёгурты для дзетак, некаторыя ёгурты ад "Беллакта" (гэта не рэклама, гэта ўжо свой вопыт). Пасля таго, як атрымаўся свой ёгурт, я пакідаю адзін слоічак для новай партыі :) І так кожны раз.
3. Як рабіць ёгурт? Ёсць тры варыянты.
  • Мая мама, я памятаю з дзяцінства, рабіла ёгурт у звычайнай каструльцы. Залівала 1 л цёплага малака, дадавала 1 ст. л. ёгурта з крамы, перамешвала, закутвала каструльку рознымі рушнічкамі, каб цяпло трымалася. І праз 7 гадзін мы ўжо маглі есці ёгурт з ягадамі, варэннем, мёдзікам. 
Такім варыянтам спачатку я сама карысталася, пакуль не зварылася закваска ў гарачым малацэ. Ну ня вельмі зручна кутаць гэтую каструльку :)
  • Пасля некалькіх няўдалых спробаў зрабіць ёгурт, я пачала выкарыстоўваць духоўку. Добра, што там можна выставіць тэмпературу 40 градусаў. Тыя ж самыя дзеянні: падаграем малако, студзім, дадаем закваску, ставім у духоўку на 7 гадзін, затым у лядоўню (холодильник). І можна есці ёгурт.
Нязручна тут тое, што 7 гадзін нельга карыстацца духоўкай. Можна, канешне, ставіць на ноч... Але мне і гэта было ня вельмі зручна :)
  • Пасля доўгіх роздумаў я не за тое, каб кухня ламілася ад розных печак, грыляў, міксераў і розных модных штук, якіх заўтра зменяць больш модныя і наварочаныя было прынята рашэнне купіць ёгуртніцу. Аказалася, што рабіць ёгурт у ёй вельмі зручна ( гэта толькі маё меркаванне, не рэклама :) Заліў у слоічкі малако, перамяшаў з закваскай і пакінуў на 7 гадзін. Адзінае, што я хацела бы мець у сваёй ёгуртніцы - таймер. Але і так, як ёсць, зручна, стаўлю напамін на тэлефоне і пайшла па справах.
Ну што, тэорыя скончылася. Цяпер прапаноўваю пагледзець, як я раблю свой ёгурт.

1. Спачатку падрыхтоўваю ёгуртніцу, закваску і біфідабактэрыі. 


2. Раскладваю па слоічках закваску, па 2 ч.л. на слоічак атрымліваецца.


3. Бактэрыі набыла ў аптэцы. Там напісана разводзіць цёпленькай вадой і прымаць па 1 ч.л. Я проста дадаю бактэрыі адразу ў закваску. Дзялю адзін бутылёк на 7 слоічкаў з закваскай.
Розніца, канешне, у ёгурце будзе. Ён становіцца больш густым і больш малочным, калі можна так сказаць. Вельмі падобны на кефір, які шмат год таму прадавалі яшчэ ў шкляных бутэльках, і крышачка на іх была з фальгі. Вось тут і атрымліваецца такі малочны смак, а ёгурт больш густы, у параўнанні з ёгуртам без бактэрый :)




4. Калі малако астыла, здымаю плёначкі, якія ўтварыліся зверху і разліваю па слоічках.



5. Перамешваю лыжкай малако і закваску.


6. Накрываю ёгуртніцу крышкай і ўключаю.


7. Засталося толькі паставіць напамін, і можна займацца хатнімі справамі.


8. Праз 7 гадзін была ўжо ноч, таму толькі такія фотаздымкі.
Баначкі з ёгуртам стаўлю ў лядоўню, каб ёгурт не перакіс. І на сняданак можна ласавацца смачным ёгуртам :)



Далей ёсць яшчэ адзін нюанс, пра які я хачу расказаць. Я ёгурт выкладваю ў друшлячок на рушнік, каб сцякла сываратка. Тады атрымліваецца такі густы ёгурт, нібы тваражок, толькі больш мяккі і без крупінак.
На фотаздымку, бачна, што адзін слоічак застаўся. Гэта закваска на наступны раз.


Вось бачна, што сыраватка сцякла. Можна трымаць і больш. Атрымаецца ўвогуле тварожны крэм. Але мне больш падабаецца, калі ёгурт атрымліваецца ёгуртам, а не зусім сухім тваражком :)



Далей раблю начынне да ёгурта. Тут яшчэ прасцей, сёння ў мяне марожаныя чарніцы з бананам.

Пакуль чарніцы таюць, з ёгурта сцякае сыраватка.


Затым блэндэр дапамагае мне ператварыць ягады і банан у пюрэ. І можна есці! Прыемнага апетыту :)


Дадаваць можна пюрэ з ягадаў, садавіны, варэнне, мёдзік. Думаю, што летам буду дадаваць свежыя базілік, пятрушачку, кроп, рукалу - каб можна было ўсё намазваць на хлеб.

Можна, канешне, не сцэжваць сыраватку, таму што ёгурт і так атрымліваецца вельмі густым. Тут усё залежыць ад густаў, як каму падабаецца.
Смачна есці!







No comments:

Post a Comment