2015-11-19

Вафлі на сняданак :)

Вітаю!
Здаецца, што смачныя сняданкі вяртаюцца ў нашыя будні.
Прачнулася і адчула, што бяз вафляў добры дзень не атрымаецца. Тым больш, што прападаў гарбуз:)
Вось так само склалася, што вафлі будуць з гарбузом, смятанай і аўсянай мукой. Усё на вока, як звычайна. Таму ніякага рэцэпту... 


Аповед проста павітацца і пажадаць 
цудоўнага настрою і ўтульнага пятнічнага вечару заўтра :)

2015-11-18

Суп з пастарнакам і грыбамі

Вітаю!
З пераездам у горад гатаваць зусім не хочацца. Штосьці самае простае і прымітыўнае, каб не згаладацца :) Чаму так? З'явіліся другія справы, кухня ў кватэры больш цёмная, чым была ў хаце і г.д. Прычыны можна прыдумляць розныя і шмат, але сытым ад гэтага не станеш. І вось нешта шчоўкнула, як мне падабаецца гаварыць. І сталі нараджацца смачныя стравы.
Адна з іх - новы суп-пюрэ з пастарнакам і грыбамі.
Спалучэнні гародніны і зёлак незвычайныя, так як і смак, які атрымаўся ў выніку :)


Што і як:
- пастарнак - у мяне быў вялікі, 200-300 г, калі не больш;
- карэнне пятрушкі - 2 невялікія штучкі;
- цыбуля-шалот - 3 шт;
- морквіна - 1 вялікая;
- пару лісточкаў лаўра;
- чорны перац - 4-5 шт.
Усю гародніну пачысціць, памыць, парэзаць на кавалкі - неабавязкова маленькія. Заліць вадой. Я брала каструлю 2 л, клала туды гародніну і далівала вады так, каб пад час кіпення нічога не выкіпала. І ставіла варыць булён. Каля 45 хвілін.
Затым у кіпень засыпала сухія грыбы і пакінула на некалькі гадзін, каб грыбы настаяліся.
Пасля змалола ўсё блэндэрам. Паставіла варыцца. Тым часам пачысціла бульбу, парэзала на кавалкі як для супу, каб хутчэй зварылася, і закінула ў каструлю з гароднінай.
Як бульба зварылася - хвілін 20 - змалола блэндэрам.
Дадала  соль, мускатны гарэх, пару лісточкаў сушанага шалфею і пару галінак чабрацу - можна сказаць, што гэта на свой густ, але абавязкова, іначай смак супу будзе ня вельмі без зёлак, мякка кажучы :)
Затым асобна пасмажыла на аліўкавым алеі сухарыкі з сырам і адным зубчыкам часнаку.
Вельмі смачна атрымалася! Такі насычаны водарамі суп елі ўпершыню пасля супу з гарбуза і дзівіліся, што так можа быць смачна :) І вельмі ўтульна было і цёпла ў такія мокрыя апошнія дні восені...
Смачнай восені і цудоўнага настрою:)


2015-11-15

Мары... Яны такія, маюць уласцівасць станавіцца рэальнасцю... час ад часу :)

Бываюць такія моманты, калі ёсць што сказаць, а фотаздымкаў пра падзеі няма... І ня вельмі хочацца апавядаць пра такое. А ёсць падзеі, пра якія шмат фотаздымкаў, але няма магчымасці або слоў, каб распавесці тут пра гэта... Сумна, канешне :)
Так і мары, пра адныя можна расказаць жартам, а пра другія і насамрэч раскажаш, а будзе гучаць ня вельмі сур'ёзна.
Так і сёння... Мара была ў мяне... Нават не зусім мара, а цікаўнасць пакаштаваць сапраўднай ікры. Асаблівага абастрэння гэтае жаданне дасягнула пасля кнігі Пітэра Мэйла "Исповедь булочника". Канешне, яе складана параўнаць з ягоным творам "Год в Провансе", але вельмі цікава было чытаць.
Дык вось, там апісваўся вельмі цікавы, і так смачна гучаў, спосаб, як можна есці ікру. Калі будзе магчымасць, пачытайце. Вельмі пазнавальна :))))))))) Прайшло некалькі год...
І ў мяне было ўсё вельмі проста: чорны хатні хлеб, тварожны сыр і хочацца сказаць залатыя, але больш падобныя да памяранцавага колеру, ікрынкі. Смачна!!! Вельмі!
Адной марай меньш... 


Засталося вілу набыць на беразе атлантычнага акіяну і каманду фудбалістаў нарадзіць :) А астатняе і так складзецца...
Цудоўнага настрою і спаўнення мар!
Але будзьце асцярожныя з жаданнямі...
Яны могуць часам спаўняцца :)

2015-11-13

Мае маленькія сябры, якія ўжо не маленькія :)

Вітаю!
Яшчэ на пачатку восені атрымалася зрабіць фотаздымкі свайго птушынага царства. Але часу, каб напісаць пра іх, не было.
Вось выпраўляюся... Але што напісаць хацела тады, цяпер не папятаю :) Таму проста фотаздымкі :)))

Бегунок - ад шэранькіх бацькоў нарадзіліся некалькі поўнасцю белых качанятак з блакітнымі вочкамі. Гэта проста неверагодна і вельмі прыгожа :)


 Куры мае мяне забылі зусім. Так падраслі і сталі вельмі смешнымі і прыгожымі.
Такімі тоўстымі камякамі ў параўнанні з тым часам, калі былі кураняткамі :)


Гусі...
Гэта ўвогуле асобная гісторыя. Такія яны ганаровыя і важныя. І вельмі магутныя...
Фантастычныя істоты. Свой свет у іх, сваё жыццё... 


Глядзіш на іх, і здаецца, што гэта ты дзеля іх жывеш, а не яны дзеля цябе.
У іх свая псіхалогія, свае звычкі...
Проста сваё жыццё, за якім мы маем права толькі назіраць, таму што зразумець бывае вельмі складана :)


Цудоўных выходных:)
І добрага настрою!

2015-11-12

Дзе я згубілася :)

Вітаю-вітаю!
Так доўга я сюды не заглядала, так шкада, канешне. Столькі ўсяго адбылося, пра што можна распавесці тут... І яшчэ больш таго, пра што нельга :)
Самая цікавая рэч, якая здарылася са мною за апошнія два месяцы - мая нечаканая вучоба. З аднаго боку была вельмі цікавай, з другога - зусім не тое, што я чакала і што хацела атрымаць.
Спадзяюся, што ў будучым штосьці атрымаецца выправіць у гэтым накірунку.
А пакуль я ў "прафесійнай вопратцы" вітаю Вас і жадаю цудоўнага настрою :)


Амаль заўжды ў добрым гуморы,
Каця :)