2015-03-13

Проста думкі

Вітаю!
Вось як хутка ляціць час, не паспееш азірнуцца, а ўжо можна будзе ісці ў грыбы-ягады :)
Гэта я проста так люблю збіраць іх, таму год дзеліцца на час, калі можна штосьці збіраць у лесе, і час, калі проста хадзіць з сабакам гуляць.
Таму цяпер толькі час для гуляў. Уся праца наперадзе :)
Вось і я рыхтуюся да гэтай працы, насеяла на расаду насенне перцаў, памідораў, парэю, баклажанаў, кветак. Нават лясныя суніцы пасеяла, але яны марудна ўзыходзяць. Чакаю.

Курачкі актыўна пачалі несці яйкі. Толькі калі выпускаем у гарод, то яны на гэты абавязак забываюцца :) Таму гуляюць толькі ў другой палове дня. Так цікава назіраць за імі, як яны капашацца, нешта шукаюць з такімі сур'ёзнымі мысамі.



З цікавых навін тое, што Тор навучыўся скакаць праз плот вышынёй каля 1,30 м. І вось цяперкожная раніца пачынаецца а 7, мая сонная галава вылязае за дзверы і крычыць: "Тор, сюды! Тоооооор!" Ну і калі ён не ідзе, то каманда для мужа: "Тор збег! Хутчэй!" І муж на хаду ледзьве трапляе ў штаніну, яшчэ нават не разумее, колькі гадзін. І бяжым шукаць гэтага злыдня. А ён ужо ўсю вёску аббегаў. Выскачыць за плот выскача, а назад ня можа залезці, вось і бегае :)Адзінае радуе, што так рана не выпускаюць кур, а то пачысціў бы суседзям курнікі. А можа і не, бо сваіх кур не ловіць больш, горкая навука яму была. Думаю, што ўжо зразумеў, што нельга кранаць.

І самае смешнае было, калі я дала Тору косці, а адна курыца пералезла праз агароджу і пачала ў яго адбіраць :) Бедны сабака, ён не паверыў, што такое можа быць. А потым спужаўся і збег, кінуўшы есці. А курыца стаяла і працягвала кляваць адабраны скарб, як так і павінна быць. Нібы гэта ёй далі, а не сабаку. Сапраўдныя дыназаўры :)

Другі па старшыні певень у нашым курніку.
Адважна змагаецца за права "пад сонцам", другімі словамі курэй таптаць. І так ужо навучыўся гэта хутка рабіць, што курыца не паспявае заўважыць, які гэта певень на яе скокнуў. Адныя куры большыя за гэтага пеўня, тады ў яго верхавая язда атрымліваецца :)
Але прыгожы пеўнік.



У адну з раніц, калі шукала Тора, убачыла каля ракі. Вось такія ў нас зубастыя суседзі :)
Муж расказваў, што ў навінах была гісторыя пра мужчыну, якога ўкусіў бабёр за нагу і мужчына памёр.
З рызыкай, аказваецца, мы жывем на вёсцы, але весела.


Цудоўных выходных і смачнага сняданку заўтра :)

No comments:

Post a Comment