Вітаю-вітаю!
Чым большы холад на вуліцы, тым больш тлустая ежа чакае нас на сняданак. Нават Тор есці просіць часцей, чым звычайна. Неяк трэба грэцца!
І адзінае, што нагадвае пра прыгажосць і лета, гэта кветачка Streptocarpus. Стварае добры настрой і дорыць нейкі нутраны супакой:) Здаецца мне, што гэта будзе новым захапленнем...
Але ж вернемся да сняданку: у нашым меню сёння тоўчаная бульба і печаная з грыбамі, квашанай капустай і суп з курыцай і фасоллю. Ну і хатні хлеб, як жа бяз гэтага.
Такая бульба мне вельмі падабаецца, гэта таксама смак дзяцінства. Мама вельмі часта запякала ў печы тоўчаную бульбу (пюрэ варанай бульбы) са смажанай цыбулькай і шкваркамі. Як гэта было смачна! Цыбулька была мяккай і нейкай нават салодкай. І корка зверху была самай смачнай, трошкі хрумсцела...
Рабіць вельмі проста:
- зварыць бульбу;
- патаўчы бульбу, дадаўшы малака і сметанковага масла. Можна дадаць мяккі тварожны сыр "Натура";
- асобна на патэльні патушыць грыбы з цыбулькай і смятанай;
- у глыбокую форму для запякання выкласці слой тоўчанай бульбы, затым грыбы, затым ізноў бульбу. Зверху можна пасыпаць цертым сырам. Я звычайна выкарыстоўваю літоўскі сыр "Джугас". І пекчы пры 180 градусах С каля 20-30 хвілін.
І можна снедаць, абавязкова з квашанай капустай :)
Нават калі халодная, такая бульба вельмі-вельмі смачная!
Суп з курыцай і фасоллю (абавязкова гарачае, каб сагрэцца, бо ў хаце раніцай вельмі халадно. Печ астыла, пол студзёны, і пакуль печ нагрэецца, то суп ужо сагрэе і нутро, і душу :):
- з вечару замочваю фасолю ў вадзе, каб набрыняла;
- вару булён з хатняй курыцы (тушкі смалім звычайна на адкрытым агні, таму і булёны потым маюць прыемны пах нібы вэнджанага мяса), цыбулі, морквы, лаўра і чорнага перца;
- працэджваю булён, аддзяляю мяса ад костак (косткі Тору і Рысіку, вараная морква і цыбуля курам);
- у булёне вару фасолю. Асобна ў духоўцы запякаю бульбу "ў кашулі" (муньдзіры), перабіраю, рэжу на кавалкі і дадаю ў суп, калі фасоля ўжо звараная. Так для мяне атрымліваецца і хутчэй, і смачней;
- адразу ж за бульбай дадаю цыбулю, цертую моркву і вару яшчэ хвілін 15-20.
І такі добры супчык атрымаўся, самае тое для галоднай-халоднай суботы :)
Бульба з квашанай капустай вельмі-вельмі смачная... Галоўнае сачыць, каб не пераесці, бо тады не да працы будзе :)
Капусты наквасілі 35 л, але гэта проста кропля ў моры. Адчуваю, што хутка ізноў трэба квасіць :) Мы з мужам капусту вельмі любім. І вельмі смачная яна з ільняным алеем і свежай цыбулькай. І карысна, і натуральна!
І вельмі смачны суп атрымліваецца з такой капусты, кіслы, з прыемным водарам.
Карацей, капустныя мы людзі!
Лёгкага працоўнага тыдню і смачнай капусты :)