2014-05-04

Хатнія круасаны або сняданак суботы

Вітаю!
Ці любіце Вы сняданкі ў суботу так, як гэта люблю я?!
А я іх вельмі люблю, таму што ў суботу сняданак вольны, спакойны. Мы з мужам п'ем гарбату і плануем справы на дзень, размяўляем не спяшаючыся, смакуем кожны кавалак. І ад такога спакою падымаецца настрой, хочацца шмат што зрабіць, а каб шмат зрабіць, трэба мець моц, а моц дае сняданак :)
І сняданак павінен быць ня толькі карысным, але смачным і прыгожым. І такі сняданак атрымліваецца зрабіць у суботу, таму што ў мужа выходны і спіць ён пазней, чым звычайна, а ў мяне ёсць час для творчасці.
У гэтую суботы былі круасаны...


Рабіла я іх першы раз у жыцці. Ды ўвогуле з такім цестам працавала першы раз. Таму форма атрымалася ня вельмі, але гэта не паўплывала на смак. Смак атрымаўся вельмі-вельмі прыемны, духмяны, таму што за пару дзён да печыва рабілася закваска, а на ёй рабілася цеста.

Як звычайна гідам печыва ў мяне выступае кніга "Вуліца свежага хлеба", пра яе я пісала і
тут.

Трошкі змяніла рэцэпт: 935 г пшанічнай мукі замяніла на 300 г мукі з цэльнага зерня (т.з. мука для карысных тартоў), 135 г мукі аўсянай і 500 г пшанічнай мукі.
Мне вельмі падабаецца ў печыве аўсяная мука, яна ідзе крупкамі і дае печыву премны смак, я з такой мукі пяку вафлі, таксама на сняданкі :)


Як я пісала, з цестам працавала ўпершыню, таму форма атрымалася ня вельмі.
Але круасан па рэцэпту кнігі атрымліваецца не салодкім, а слаістым хлебам, з якім можна есці і варэнне, і сыр, і мяска, і агародніну. Прыемны хлеб атрымаўся...


Сняданак у нас пачынаецца з садавіны, але калі халадно, то гэты "этап" прапускаецца :) Але я не прачнуся, пакуль што-небудзь не "пагрызу", звычайна гэта яблык.
Затым мы п'ем гарбату з мёдзікам. Мы з мужам пастаянна перад ежай п'ем або гарбату, або ваду, гэта дазваляе жалудку падрыхтавацца да ежы. Тут у нас была гарбата з маліны, дакладней кампоцік.
Хатні тваражок з варэннем з чарніц (на фотаздымках няма варэння, але яно было :) намазвалі на круасан і елі з гарбатай, вельмі смачна!
І на дэсэрт застаўся чарнасліў у шакаладзе. Я не купляю ў краме цукеркі, таму што там у большасці шмат штучных араматызатараў і кансервантаў, таму я купляю чарнасліў з косткай, сама дастаю косткі з яго, мыю, пакідаю на рушнічках на ноч сушыцца. А затым таплю горкі шакалад і абмазваю чарнасліў шакаладам, папярэдне паклаўшы ў кожны па гарэху (асабіста мне падабаецца з грэцкім гарэхам). Выкладаю на паперу для печыва, праз пару гадзін шакалад застывае і можна есці.
Чарнасліў унутры атрымліваецца сочным, забірае ў сябе вільгаць топленага шакаладу. Самыя лепшыя цукеркі на дэсэрт :)


А які сняданак любіце Вы?
Смачна есці!

No comments:

Post a Comment