2014-02-27

Хатні ёгурт. МК

Усім прывітанне!
Сёння я прапаноўваю Вам смачную і карысную страву: хатні ёгурт. Толькі натуральныя часткі ніякіх загушчальнікаў, стабілізатараў і араматызатараў :) Запрашаю!


Трошкі тэорыі:
1. Малако.
  • Калі малако з крамы, яно мусіць быць свежым. Зручна тое, што малако можна адразу змешваць з закваскай (пра яе пазней) і заліваць у слоічкі. Не абавязкова падаграваць. Мінус гэтага варыянта ў тым, што ёгурт атрымліваецца не такім густым. Канешне, і не такім карысным, як з хатняга малака.
  • Хатняе малако таксама павінна быць свежым у іншым выпадку зварыце тварог. Яго трэба падагрэць, амаль закіпяціць. Я рабіла і без падагрэву, атрымалася ня вельмі смачна, быў пах не ёгурту, а нібы кіслага малака. Пасля таго, як малако закіпела, трэба даць яму час астыць, каб было трошкі цёплым. Калі малако будзе гарачым, то бактэрыі закваскі проста зварацца і ня будуць працаваць.
2. Закваска.
  • Закваску можна набыць у аптэцы. Ёсць шмат розных варыянтаў сухой закваскі для ёгурта, кефіра. На ўсякі густ.
  • Я карыстаюся, на мой погляд, сама простым варыянтам. Для першай закваскі я выкарыстоўваю ёгурт з крамы, у якім няма ніякіх штучных дабавак. Часцей за ўсё гэта простая "Акцівія", ёгурты для дзетак, некаторыя ёгурты ад "Беллакта" (гэта не рэклама, гэта ўжо свой вопыт). Пасля таго, як атрымаўся свой ёгурт, я пакідаю адзін слоічак для новай партыі :) І так кожны раз.
3. Як рабіць ёгурт? Ёсць тры варыянты.
  • Мая мама, я памятаю з дзяцінства, рабіла ёгурт у звычайнай каструльцы. Залівала 1 л цёплага малака, дадавала 1 ст. л. ёгурта з крамы, перамешвала, закутвала каструльку рознымі рушнічкамі, каб цяпло трымалася. І праз 7 гадзін мы ўжо маглі есці ёгурт з ягадамі, варэннем, мёдзікам. 
Такім варыянтам спачатку я сама карысталася, пакуль не зварылася закваска ў гарачым малацэ. Ну ня вельмі зручна кутаць гэтую каструльку :)
  • Пасля некалькіх няўдалых спробаў зрабіць ёгурт, я пачала выкарыстоўваць духоўку. Добра, што там можна выставіць тэмпературу 40 градусаў. Тыя ж самыя дзеянні: падаграем малако, студзім, дадаем закваску, ставім у духоўку на 7 гадзін, затым у лядоўню (холодильник). І можна есці ёгурт.
Нязручна тут тое, што 7 гадзін нельга карыстацца духоўкай. Можна, канешне, ставіць на ноч... Але мне і гэта было ня вельмі зручна :)
  • Пасля доўгіх роздумаў я не за тое, каб кухня ламілася ад розных печак, грыляў, міксераў і розных модных штук, якіх заўтра зменяць больш модныя і наварочаныя было прынята рашэнне купіць ёгуртніцу. Аказалася, што рабіць ёгурт у ёй вельмі зручна ( гэта толькі маё меркаванне, не рэклама :) Заліў у слоічкі малако, перамяшаў з закваскай і пакінуў на 7 гадзін. Адзінае, што я хацела бы мець у сваёй ёгуртніцы - таймер. Але і так, як ёсць, зручна, стаўлю напамін на тэлефоне і пайшла па справах.
Ну што, тэорыя скончылася. Цяпер прапаноўваю пагледзець, як я раблю свой ёгурт.

1. Спачатку падрыхтоўваю ёгуртніцу, закваску і біфідабактэрыі. 


2. Раскладваю па слоічках закваску, па 2 ч.л. на слоічак атрымліваецца.


3. Бактэрыі набыла ў аптэцы. Там напісана разводзіць цёпленькай вадой і прымаць па 1 ч.л. Я проста дадаю бактэрыі адразу ў закваску. Дзялю адзін бутылёк на 7 слоічкаў з закваскай.
Розніца, канешне, у ёгурце будзе. Ён становіцца больш густым і больш малочным, калі можна так сказаць. Вельмі падобны на кефір, які шмат год таму прадавалі яшчэ ў шкляных бутэльках, і крышачка на іх была з фальгі. Вось тут і атрымліваецца такі малочны смак, а ёгурт больш густы, у параўнанні з ёгуртам без бактэрый :)




4. Калі малако астыла, здымаю плёначкі, якія ўтварыліся зверху і разліваю па слоічках.



5. Перамешваю лыжкай малако і закваску.


6. Накрываю ёгуртніцу крышкай і ўключаю.


7. Засталося толькі паставіць напамін, і можна займацца хатнімі справамі.


8. Праз 7 гадзін была ўжо ноч, таму толькі такія фотаздымкі.
Баначкі з ёгуртам стаўлю ў лядоўню, каб ёгурт не перакіс. І на сняданак можна ласавацца смачным ёгуртам :)



Далей ёсць яшчэ адзін нюанс, пра які я хачу расказаць. Я ёгурт выкладваю ў друшлячок на рушнік, каб сцякла сываратка. Тады атрымліваецца такі густы ёгурт, нібы тваражок, толькі больш мяккі і без крупінак.
На фотаздымку, бачна, што адзін слоічак застаўся. Гэта закваска на наступны раз.


Вось бачна, што сыраватка сцякла. Можна трымаць і больш. Атрымаецца ўвогуле тварожны крэм. Але мне больш падабаецца, калі ёгурт атрымліваецца ёгуртам, а не зусім сухім тваражком :)



Далей раблю начынне да ёгурта. Тут яшчэ прасцей, сёння ў мяне марожаныя чарніцы з бананам.

Пакуль чарніцы таюць, з ёгурта сцякае сыраватка.


Затым блэндэр дапамагае мне ператварыць ягады і банан у пюрэ. І можна есці! Прыемнага апетыту :)


Дадаваць можна пюрэ з ягадаў, садавіны, варэнне, мёдзік. Думаю, што летам буду дадаваць свежыя базілік, пятрушачку, кроп, рукалу - каб можна было ўсё намазваць на хлеб.

Можна, канешне, не сцэжваць сыраватку, таму што ёгурт і так атрымліваецца вельмі густым. Тут усё залежыць ад густаў, як каму падабаецца.
Смачна есці!







2014-02-24

Кветкі, або вясна ўжо хутка

Усім прывітанне!
Хачу падзяліцца ранняй вясной, якая ўжо прыйшла да мяне ў выглядзе кветак на падваконні і ў агародзе на вуліцы. Я сама не веру, але сёння зацвіў другі крокус на вуліцы :) Прыгажосць!

Першай зацвіла камелія.

Аднойчы, наведваючы батанічны сад у Менску, мы з мужам патрапілі на цвіценне камелій. Там яны вялікія, усе ўсыпаныя кветкамі, так прыгожа! Калі я не памыляюся, то якраз люты-пачатак сакавіка камеліі цвітуць у батанічным садзе.


Стаіць яна на паўночным вакне, кожны дзень я яе пырскаю вадой, раз на тыдзень пырскаю цырконам і стаўлю ў тазік з вадой, каб зямля набрала вады.

У мяне гэта другая па ліку камелія, першая скінула ўсе кветкі, потым лісце і засохла. Доўга я збіралася, каб набыць яшчэ адну. Але перад такой прыгажосцю цяжка ўтрымацца.

А вось і сябра з вуліцы:)

Кожны дзень я абыходжу свае кветкі на вуліцы, сачу за імі, хто падрос, хто яшчэ выляз з зямлі. І не было нават намёку на цвіценне. І вось ён, прыгажун!
А на наступны дзень побач зацвіў яшчэ адзін:) Магчыма, ужо вясна?!

Яшчэ ў хаце зацвіла пеларгонія, пакуль толькі чырвоная, але з'явіліся шышачкі і на белай, думаю праз пару дзён будзе таксама зацвітаць.



Тыдзень таму ездзілі ў Вільню, адзінае месца, якоя я пакуль ведаю, багатае на новыя гатункі (сорта) пеларгоній. Іх там больш 30 розных гатункаў.
Але шмат што ў мяне ўжо ёсць. Выбрала толькі самыя-самыя прыгожыя, якіх яшчэ ў мяне не было.
Пасадзіла ў гаршочкі, а каб хутчэй прыняліся, паставіла ў такую цяплічку з Ікеі. Я пра гэтую цяплічку марыла гады 4. Усё думала, дзе такое знайсці.
Мары спаўняюцца, галоўнае марыць:)
Акрамя пеларгоній у цяплічцы пасеяны семяна напярсцянкі (foxgloves) і гарденіі. Чакаю, што вырасце :)

І вось хвароба мая апошніх 6 месяцаў: архідэйкі. Ня ведаю чаму, але мне так хочацца іх вырошчваць. Раней яны мне ўвогуле не падабаліся, ну палка і палка з кветкамі. А цяпер мне так цікава сачыць за кожным карэнчыкам, за кожным новым парастачкам, лісточкам. Хаджу і толькі гляджу на іх, так мне хочацца, каб яны зацвіталі.



Гэты сябар увогуле не цвіце ніколі. Гэта інжыр, які мне падаравала свякроў.
На інжыры адразу з кары вылязаюць ягады, фігі :) Таксама цікава назіраць за ім, ён вельмі хутка расце.
Вось так я чакаю вясну :)
Вясенняга настрою!

Каты, кошкі, кашакі

Усіх вітаю на сваёй старонцы!
Хоць да сакавіка засталося каля 5 дзён, у мяне сёння будзе аповед пра кашакоў. Можна нават сказаць пра кашакоў сакавіка. У нас у хаце былі такія іх гулі і спевы, што не ў кожны сакавік такія можна сустрэць на вуліцы.
Зусім выпадкова да нас трапіла зялёнавокая кошачка Муля (Мулька-Шпулька, Жулька і г.д. :)
Забрала я яе з вуліцы, дзе яна, бедалага, замярзала.
Кошачка такая ласкавая, так мурлыкае прыгожа! Такі мяккі мілы камячык.





А гэта наш Рысік (Рыська, Рысёк-Калбасёк :) Ён хлопчык, рос з маленькага кацяняткі ў нас, разам з сабакам Торам еў з аднае міскі, гуляў з ім, нават нападаў на сабаку. Баявы кот! Таксама вельмі ласкавы... быў. Пакуль не прыйшла любоў.


Як толькі я прынесла кошачку ў хату, наш кот вытарашчыў вочы спачатку на мяне, потым на кошку і нейкім дзікім голасам, нечым падобны на крык чалавека пачаў крычаць "Ай-ай-ай-ай-ай". Гэта было вельмі-вельмі смешна чуць і бачыць у той момант беднага кашака.
Спачатку кошка шыпела і ўрчала на ката. Я думала, што прымірыць іх будзе нерэальна. Але выратавала тое ж, што і з сабакам: агульная міска з ежай. І каты пасябравалі.
А Рысёк забыўся на сваю гаспадыню (на мяне, значыць), яго нельга было ня толькі ўзяць на рукі, але і пагладзіць сябе кот не даваў. Хадзіў такі кавалер важны :) Хадзіў як другі хвосцік за Мулькай, дзе яна, там і ён.

Тут Мулік-Шпулік аблюбавала сабе мой гаршок, куды я хацела садзіць цыбульку. І спала толькі ў ім, дзівачка!
Але кошачку прыйшлося адвезці бацькам, таму што муж сказаў, што яму ўжо ня будзе дзе жыць, калі кошка застанецца. Прыйшлося аддаць. Але я ведаю, што з ёю ўсё добра, яна накормленая і ў цяпле. 


А Рыська стаў ізноў маім катом, ласкавым і гаварлівым :) Так і жывем!
Цудоўнага працоўнага тыдню!


2014-02-18

Нітачкі Country Tweed 169 (King Cole)

Вітаю, шаноўнае спадарства!
Сёння радая Вам паказаць узор ужо звязаных нітачак нашай крамы.
Гэта нітачкі Country Tweed, колер 169 Dales (што можна перакласці як "даліны"). І сапраўды нітачка вельмі нагадвае колеры даліны. І асабліва цяпер, калі ў нас снегу няма, а да вясны яшчэ не блізка, сочны пераход да зялёнага вельмі падымае настрой.
Я думаю, што нітачка вельмі падыходзіць да гардэробу ранняй вясны. Нібы сама прырода прачынаецца ў гаме адценняў гэтай ніткі :) Ну, на мой погляд :)
Нітачкі Country Tweed:

  • 100 г у маточку
  • 280 м
  • 73% акрыл найвышэйшай якасці, 24% авечая воўна, 3% віскоза
  • Вытворца дае параду: пруткі - 4 мм; - 10х10 см: 22 вочкі (пяцелькі) х 28 радкоў

Што тычыцца ўзору, які я звязала. Тут усё проста:
  • нумар пруткоў (спіц) - 3,5
  • узор - правая гладзь (лицевая гладь)
  • памер узору, які на фотаздымках - 13х43 см
  • 29 вочкаў (пяцелек)
  • 110 радкоў
  • пайшло на гэты кавалак 24 г 




Цёплага надвор'я:)