2013-11-26

Адзін хуткі сняданак “Садавіна пад крышачкай”

Канешне, у арыгінале гэтая страва называлася “Сливы под тестом», знайшла я яе ў кнізе Юліі Высоцкай “Быстрые завтраки”. Але атрымаўся не сняданак, а смачны дэсэрт да вячэрняй гарбаты.
         Рэцэпт крышачку змяніла, таму што сліваў няма, а вось грушаў і яблыкаў поўна, ды такіх духмяных, такіх сапраўдных, не з крамы і не з кірмаша, а з сапраўднага садку. Яны так і просяцца, каб іх з’елі або што-небудзь прыгатавалі цёплае, смачнае, з водарам цынамона.

Што спратрэбіцца (на 2 порцыі):
  • -         2 грушы
  • -         2 яблыкі
  • -         100 г мукі + 2-3 ст.л. геркулесу (аўсяныя шматкі – выдаў слоўнік.org:)
  • -         100 г халоднага сметанковага масла
  • -         40-50 г карычневага цукру (можна менш, атрымалася вельмі салодкім, бо грушы і яблыкі ў мяне салодкія). Я выкарыстоўвала два віды цукру: 30 г - адзін карычневы з трыснёгу, 10 г - другі амаль чорны. Таксама з трыснёгу, але ён мае пах патакі, выпадкова купіла ў Вільні. Цікавы такі цукар.
  • -         Пару гарошынак марской солі
  • -         1 ч.л. цынамону ( карыца)
  • -         1 ч.л. ванільнай цукровай пудры (рабіла сама са стручка ванілі, мае такі моцны водар, такі мяккі, адразу адчуваеш свята)
  • -         2 ч.л. малінавага сіропу
  • -         Пару стружак мускатнага гарэху

1. Я выкарыстоўвала дзве маленькія формы. Змазала іх сметанковым маслам. Духоўку папярэдне разагрэла да 180°.
2. З груш і яблыкаў выразала сарцавінкі, зрэзала скуркі, нарэзала іх на невялікія кавалачкі. Выклала ў адну форму грушы, у другую – яблыкі. Пасыпала цынамонам, ваніллю, мускатным гарэхам, абліла малінавым сіропам.
3. Цеста. Змяшала ў асобнай місцы муку, цукар і соль. Халоднае сметанковае масла нарэзала кавалачкамі, змяшала з мукой і расцерла рукамі. Атрымаліся мелкія крошачкі. Мне падалося, што на такую колькасць сметанковага масла замала мукі, пагэтаму, адступіўшы ад арыгінальнага рэцэпту, дадала геркулес. Забягаючы наперад, скажу, атрымалася проста шыкоўна!
4. Выпякала 30 хвілін пры 180°, а апошнія 5 хвілін – пры 200°.
Атрымалася вельмі-вельмі смачна, лёгка, з моцным водарам. Напэўна, гэты водар я бы назвала водарам дзяцінства. Мая мама заўжды пякла булкі з цынамонам у печы, атрымоўваліся такія смачныя вялізныя булішчы (магчыма, гэта я была маленькай проста).
Садавіна дала смачны сок пад крышачкай з цеста, а геркулес даў цесту эфект “хрумсцення”. Атрымалася тыпу гранолы, але больш мякка і сочна.
Зручна ў гэтай страве тое, што можна выкарыстоўваць усякія ягады, усякую садавіну. Усё адно атрымаецца хутка і смачна.
Смачна есці!

No comments:

Post a Comment