2024-07-11

Лес









Здаецца, я знайшла, што шукала :)

Збегла з працы на гадзіну раней і пайшла на шпацыр, назбірала малінаў, як і плянавала, а грыбы аказаліся сюрпрызам. Так хораша ў лесе, ня хочацца ісці дахаты. Але да вакацый яшчэ два працоўныя дні.... Ня ведаю, як буду вяртацца назад на працу... Божа, дапамажы 😭😂

2024-07-09

Сняданак па дарозе на працу



Якая смачная пара! Ідзеш і на кожным кусце расце нейкая ежа :) як бы мне хацелася жыць ізноў у сваёй вёсцы, на прыродзе, з агародам і садам... калі-небудзь я вярнуся. І ўсё будзе яшчэ лепей, чым было...

2024-07-07

Шматпавярховыя аблокі


Неверагодныя аблокі тут у нас сёння. То набягаюць і выліваюць на нас літры вады, то паказваюць сонейка колькі хвілін і ізноў ідзе дождж.

Выходны. Да вакацый засталося шэсць працоўных дзён. І дождж. Пляны былі проста пагуляць па вуліцы, схадзіць у маліны. Але проста гляджу ў вакно.

На сняданак было аўсянае печыва з какао. Рэцэпт усё не адпускае. Дадала паболей семачак сланечніка і вады. Трохі лепей. Але ўсё адно такое не прадаць 😂

Спрабую навесці парадак вакол і ў галаве. Знайшла ў сябе столькі пачатых нататнікаў, штук 7. У кожным напісана з дзясятак старонак і кінута. Ніякай сістэмы няма. Тое самае і тут з блогам, пра што я пішу, калі, для каго.... На гэтыя пытанні мне трэба самой сабе адказаць. Тое самае і пра будучыню. Я скарджуся пра сучаснае, але што я дакладна хачу - я ня ведаю. І так ня першы год. Проста хочацца спаць увесь час і адпачыць, адчуць сябе...

2024-07-06

Дарога на працу













Па суботах я іду пехам каля дзьвух кіламетраў да іншай станцыі метро, каб паспець своечасова. І гэта такая прыгожая дарога! Я сустрэла касулю і многа смоўжыкаў, і кветак. І пасля дажджу такая свежая раніца, птушкі стракацяць свае спевы, туман яшчэ ляжыць у нізінах або зачапіўся за гару і чакае сонца. Ні машын, ні людзей. Чарэшні і маліны так і просяцца, каб іх пакаштавалі :)

Да вакацый засталося шэсць працоўных дзён! Ужо шкадую, што дзесяць дзён вакацый праляцяць хутчэй  за гэтыя шэсць працоўных... чаму мая шклянка ўвесь час напалову пустая?😂 трэба над гэтым працаваць і заўважаць і ствараць болей добрага ў жыцці 💚


2024-07-05

Туманная раніца


Раніца была прыгожая, туманная, пасля дажджу. Што мне падабаецца ў Осла, дык гэта наваколле - куды ні глянь, схілы, дрэвы, дамы. Вельмі файна і разнастайна. Складаецца ўражанне нейкіх маленькіх вёсак. Канешне, тут вялікія будынкі, як і ў любым мегаполіса. Але там дзе іх няма, там вельмі прыгожа!

2024-07-03

Дзень ягадаў




Схадзілі ўвечары на прахожку і знайшлі па дарозе пару дзікіх дрэваў з чарэшнямі. Такія смачныя! Тут вельмі многа расце чарэшняў у прыватных дварах, што вельмі незвычайна для мяне. У Беларусі і Фінляндыі я так часта гэтыя дрэвы не сустракала. У Беларусі, ў той мясцовасці, дзе вырасла я, было многа вішань у людзей. У Фінляндыі, у Турку, многа яблыняў расло. А тут чарэшні амаль у кожным двары. І чырвоныя, і чорныя, і жоўтыя... Смачная пара!

Аўсянае печыва



Калісьці, яшчэ да цяжарнасці, я назбірала мноства рэцэптаў, якія хацела прыгатаваць. Але часу заўжджы не хапала на іх. І вось яны пераехалі ў Нарвегію. Трэба нешта з гэтым стосам папер рабіць. І вось я іх перабірала сёння, выкінуць шкада, многа цікавага... Вырашыла гатаваць і выкідаць. І калі рэцэпт добры, то захоўваць у сшытак.

Гэтае печыва атрымалася сухаватым, бо я не паклала цукар. 110 гр. Там быў мёд у рэцэпце. Замест цукру я дадала дадатковых 100 гр разынак. Такое, канешне, не прадаць :) Але папіць з гарбатай добра :) Таму рэцэпт пераехаў у сшытак, са зменамі - без цукру.

Аўсянае печыва (з цукрам)

  • 280 гр аўсяных шматкоў
  • 200 гр ц.з.мукі
  • 95 г мёду
  • 130 г масла
  • 110 г цукру 
  • 1 малая лыжка соды
  • 1 малая лыжка ванільнага экстракту
  • 3 вялікія лыжкі вады
  • 100 г разынак або гарэхаў

Аўсяныя шматкі прабіць блэндэрам, не ў муку, але і трошкі змалоць. Змяшаць з мукой.

Мёд з маслам, цукрам растапіць, дадаць соду і ваніль. Сода пачне шыпець, гэта добра. Змяшаць з мучной сумесю. Дадаць разынкі або гарэхі. Сфармаваць пячэнькі-шарыкі, трохі сціснуць.

Пекчы ў духоўцы пры 160°С каля 15 хв.

Думаю, што з цукрам, яны трохі паплывуць, але нашыя, якімі былі, такімі і засталіся.

Рэцэпт, здаецца, з інстаграму, са старонкі vickybakery. Але я не ўпэўнена. 5 год прайшло :)

2024-07-02

Дарога дахаты


Перад самым парогам хаты сілы скончыліся... Трэба паляжаць! А мне павязаць🤍

2024-07-01


Сняданак, абед і вячэра летам 🥰

Ці трэба казаць, як гэта смачна? І да вакацый два тыдні засталося! Або 10 працоўных дзён 🥳 Чакаю і пляную!

2024-06-30

Ружы













Восенню мы былі ў гэтым парку, Frogner. Ружы былі абрэзанымі і столькі многа іх там было. Мара мая была схадзіць туды, калі яны зацвітуць. І як добра, што мары спаўняюцца. Абнюхалі кожны куст :)

Я ўжо і забылася, як гэта прыемна вырошчваць кветкі, нюхаць, кранаць...

Гэтым годам балькон пусты. Ні воднага гаршчку, ні воднай кветкі ў хаце... Час ад часу з’яўляецца пятрушка ці базілік, але хутка мы гэта з’ядаем... Ці гэта ўсё яшчэ я? Ці ўжо я ня ведаю хто і што гэты чалавек хоча ў гэтым жыцці... Трэба болей спаць. Трэба болей адпачываць. Трэба вярнуць сабе сябе...

Вятраўнік



Касметыка сама сябе ня зробіць.

Назбірала зёлак і заліла аліўкавым алеем. Для маёй скуры няма найлепшага сродку ў халодную пару. Можна было і проста алеем мазаць скуру, але з кветкамі прыемней :)

І словы новыя вывучыла: Вятраўнік - Таволга, Скрыпень - Кипрей. Ну і канюшына чырвоная☘️


 


Трымаючы шчарбаты келіх,
Прысядзеш на прыканцы свайго жыцця,
Стаміўшыся працягнеш ногі
І зразумееш, што душа твая
Даўно ўжо сышла з дарогі.

Бо сэнс жыцця, як і само жыццё
Было заўважным толькі час ад часу,
А бегатня ввакол, турботы і ныццё
Забралі важнае з-пад носу.

І вось ты стомлены сядзіш
І назіраеш заход сонцу.
У срэбных валасах тваіх гуляюцца нябёсы.
І гэты цяжар, каб паўсюль паспець
Вось-вось зваліцца з-за плеч...

І можа быць ты ўздыхнеш з палёгкай
І адчуеш, чалавеча,
Што момант вось цяпер,
Што момант гэты быў жыццём.


2024-06-29

Сняданак суботы




Апошнія тры суботы былі працоўнымі з адным выходным на тыдні. І вось сёння і заўтра доўгачаканы адпачынак. Пляны-пляны... не выконваюцца, бо хочацца проста адпачыць і нічога не рабіць, і нікуды не ехаць. Вецер наганяе хмары і наступны тыдзень будзе з дажджом.

Адзіны плян, які выкананы - гэта вафлі на сняданак. Але гэта ўжо традыцыя выходнага дню :)

У садзе знайшлі пару сунічак. Можа да лесу дайсці і глянуць ягады там? Але мяккі ложак не адпускае...

Добрых выходных!

2024-06-28

 


Першае марозіва гэтым летам: сунічнае, чарнічнае, чакаляднае. І ражкі таксама прыгатаваныя ў хаце💜

Ці трэба прызнавацца, што мы елі яго і на абед, і на вячэру, і на наступны дзень ніхто не хацеў ні снедаць, ні абедаць 😝😁 такое файнае марозіва атрымалася.

Вакацыі пачнуцца праз два тыдні. Не магу дачакацца🥳 Хочацца свабоды ад абавязкаў...