Ну што жа, я схадзіла сёння на дэгустацую страваў ад знакамітага кухара у свой школьны рэстаран:
На закуску быў тапінамбур з мідыямі і ікрой. Цікава! Смак тапінамбура мне ня вельмі, звычайна, падабаецца. А тут ён неяк "плаваў" у соўсе з мідый, што было зусім па-іншаму яго каштаваць. І багет з топленым маслам. Дакладней, масла, якое стапілі да гарэхавага паху і ўзбілі... Я ня ведаю, як такое робіцца, але я пра такое ўжо чытала ў адным часопісе, што вось так робяць у мішленаўскіх рэстаранах :) Вось ясі нібы і масла, але такое яно воблака ў роце. Цяжка нават апісаць... Я проста макала кавалак багету і аблізвала маселка, макала і аблізвала... Маё дзіця так звычайна робіць. Цяпер мне болей зразумела чаму :)
Галоўная страва была нага гуся, бульбяная таўканіца, соя-бабы і соўс з партвейна. Такі мяккі гусь, проста развальваўся на маленькія кавалачкі, тлусты, смачны, ідэальны... Як мама ў печы гатавала :) Соўс здаўся трохі перасоленым, але духмянвм і гарманічным з гусем. Але гэта проста я не салю ежу і мне любая ежа па-за хатай здаецца перасоленаю. Таўканіца шаўкавістая і смачная, і такая жоўценькая была, што мне пакуль цяжка ўявіць, як яе прыгатавалі. Трэба глядзець кнігі што за таўканіца такая.
На дэсэрт тарт тацін яблычны і ванільнае марозіва. Смачна, карамельна, ванільна, месцамі крустка, але марозіва я магу лепшае прыгатаваць :) Гэтае было трошкі занадта малочнае, а не сметанковае/крэмавае, як я звычайна раблю ў хаце. Але ванільна ванільнае... Смаката!
А ў школе сёння быў рыбны дзень... Столькі многа рознай. Яшчэ адзін цікавы дзень!
***
Пакуль я ўчора пісала тут блог, атрымала запрашэнне на практыку ў рэстаран мары... І так склалася, што я не магу туды пайсці. Сама вінаватая. Паспяшалася... І так крыўдна на сябе... Здаецца, што вось зараз прымаюцца рашэнні на ўсё жыццё. А насамрэч жыццё такое даўгое, што цяжка ўявіць, што мяне яшчэ ў ім чакае... Але на душы ўвесь дзень неспакойна...
Спакою і новых смакаў!