2015-03-31

Шалік-касынка

Усім прывітанне!
Даўно ўжо ў мяне тут не было чагосьці творчага і прыгожага. І вось учора за вечар звязаўся цёплы і прыгожы шалік, з сакавітымі колерамі, нібы ажыны :)


Шалік звязала за адзін вечар, слухала прагноз ад Аляксандра Літвіна на 2015 год і вязала. І незаўважна скончыўся маточак :)



Нітачкі Riot chunky ад кампаніі King Cole:

- 30% авечая воўна, 70% акрыл
- колер 653
- 100 г, 134 м

На гэты шалік аднаго маточку не хапіла, прыйшлося давязваць некалькі метраў з новага.
Пруткі 7,50 мм


Мне вельмі падабаюцца такія шалікі, іх проста вязаць. І калі на вуліцы моцны вецер, то можна завязаць на галуву замест капелюша. І нітачкі вельмі мяккія і цёплыя. 
Прыемна вязаць, прыемна апранаць :)


Не замярзайце, вясна яшчэ ня вельмі грэе :)
Цудоўнага дню!

Вось хто прылятае за курамі

Вітаю!
Вось учора сяжу-вяжу, чую куры пачалі крычаць. І над імі кружыла вось гэтая птушка.
Палятала, пагледзела, што сеткай усё закрыта, паляцела да лесу і села на сасну...


А я сачыла за ёю, і на самым максымальным рэжыме прыбліжэння атрымалася зрабіць вось гэтыя фотаздымкі.


Ад яе за гэты месяц страцілі аднаго пеўня і адну качку-бегунка. Шкада, але прырода ёсць прырода...

2015-03-30

Пра нявесту Тора, або дарагая госця

Вітаю-вітаю!
Вось ужо скончыліся апошнія выходныя сакавіка. І пайшоў снег, вось ён падае і падае за вакном, але хутка растае. І як разумець тое, што адбываецца з прыродай?!
Але я не пра гэта хацела напісаць :)
Да нас у госці прыязджала нявеста Тора. Змучала беднага кавалера так, што ледзьве ходзіць. Так ёй хацелася бегаць і дурачыцца...


І вось гэтая мадам прыехала, столькі ўжо ў іх было радасці, столькі весялосці. 
Наш Тор буду сваю не любіць, заходзіць за год пару разоў: у моцны снег і дождж. Астатнія дні спіць на вуліцы, у саломе, у сараі.
А вось Лайма зусім іншая, яна адразу аблюбавала сабе буду, тым больш што яна такая агромністая, што там можна зручна легчы і нічога на вуліцы не тырчыць :) Пару разоў так схавалася, што я хадзіла шукаць, а яна дрыхне і не чуе, што яе клічуць.


Лайма ў будзе, а Тор побач, ахоўвае :)
Праўда пару разоў Тор хаваўся ў сені ад гэтай прыгажуні...

Раней, калі каля нас хадзілі дзікі, спаць было немагчыма. Тор мог брахаць да раніцы. Ды так гучна, што толькі пачынаеш засынаць, а тут такі моцны тупам і такое гучнае браханне, што пра сон можна забыць.
І вось у гэтыя выходныя прыехала Лайма, і яны ўдвох давай так брахаць, што я думала апошняя суседка збяжыць ад такіх ахоўнікаў...
У першы дзень было вельмі смешна слухаць: Тор пачынаў брахаць, а Лайма падбывала. Але ў наступны дзень ужо брахала і адна, і разам з Торам. Ужо было ня так смешна...


Лёгкага працоўнага тыдню і ціхіх начэй :)

2015-03-25

Як пачынаецца дзень :)

Добрай раніцы!
Вось сёння выйшла на вуліцу адкрыць курнік, патэлефанавала матулі. І амаль усе хатнія жыхары вырашылі паўдзельнічаць у размове :)

Спачатку прыйшоў Тор, пачухаць жывоцік.
А за ім і Рыська намаляваўся. І так, як адна рука занятая тэлефонам, а другая чуханнем, то яму нічога іншага не засталося як залезці мне на шыю. Добра, што муж заўважыў і зрабіў фотаздымак праз вакно. Можна сказаць, што вось яно, жыццё, так як ёсць...


Тору вельмі падабаецца такая раніца. Перашкаджаў размаўляць сваім мычаннем ад задавальнення :)


Цудоўнага дню :)

2015-03-17

Свежыя вітаміны або прарошчваем насенне

Вітаю-вітаю!
Вось у маім агародзе на падваконні гэтым годам з'явіліся цікавыя навінкі, пра якія спяшаюся распавесці.
Запрашаю :)

Апошні дзень  прарошчвання... :)


Першы дзень.




Я ўжо і ня памятаю, калі першы раз пакаштавала прарошчанае зерне, гэта была пшаніца. І было вельмі смачна. Вось тады і падумала, што ўсё гэта не абавязкова купляць, а можна зрабіць самой.
Таму цяпер мы кожны дзень ямо вітамінны мікс :)
Я купляю насенне, зерне, крупы, якія спецыяльна пазначаныя для прарошчвання. Так у пакунках больш насення.
Прарошчваю: гарох, нут, грэчку, ячмень, пшаніцу, жыта, крэс-салату, люцэрну, капусту брокалі, фасолю, насенне сланечніка, радыску, чырвоныя буракі.

Спачатку насенне замочваю ў чыстай пітной вадзе на некалькі гадзін. Як на фотаздымку.
Затым ваду зліваю і прамываю насенне. І пакідаю прарастаць з няшчыльна закрытай крышкай, каб паступала паветра. Галоўнае, каб гэта было не пад прамым сонцам.
І затым прамываю раніцай і ўвечары вадой, каб не "закісала".


Вось так выглядае люцэрна на трэці дзень...


А вось так гарох.


Шосты дзень як прарастае авёс.


Шосты дзень гароху.
Гарох у такім выглядзе па смаку нагадвае свежы. Вельмі салодкі і сакавіты. Мы з мужам з'ядаем яго проста так, як перакус паміж сняданкам і ланчам.
Салодкі і хрусткі :)


А вось гэта шосты дзень люцэрны.
Люцэрна наш фаварыт для бутэрбродаў, хутка расце, дае шмат зеляніны. І мае вельмі прыемны смак, грае асаблівую нотку.


І вось так гэтае прарошчванне выглядае ў бутэрбродах :)


Для посту:

  • спелае авакада раздавіць відэльцам, дадаць сок лімону, пару каменчыкаў солі. Пакінуць на некалькі хвілін;
  • хатні багет парэзаць на кавалкі, затым самі кавалкі разрэзаць на дзве часткі. На ніжнюю частку намазаць расцертае авакада. Выкласці некалькі кружочкаў памідораў (або перцу), шчыпяры цыбулі (вось ужо растуць на падваконні), прарошчаную люцэрну. І закрыць зверху другім кавалкам багету. І можна перакусіць паміж працай :)
У іншыя дні можна на хлеб намазаць мяккі тварожны сыр, дадаць пару кавалкаў чырвонай рыбы. Будзе больш тлуста і падыдзе для ланчу.

І так, багет хатні, пякла першы раз. Было вельмі цікава назіраць, як ён "рос" у духоўцы з тонкіх жгуцікаў у тоўстыя багеты. І так прыемна было адламаць скарынку, запіхнуць яе ў варэнне з персікаў... І няхай усё чакае, усё навокал ня мае значэнне, толькі тут і цяпер. Толькі home made :)

Смачных бутэрбродаў, вітамінак і сонечнага настрою, а сонейка апошнія дні радуе :)

2015-03-16

Крокусы

Вітаю!
Вось ізноў у маім блогу з'яўляюцца кветкі...





Хацела яшчэ што-небудзь напісаць, але так марудна інтэрнэт працаваў, што забылася на тое, што хацела напісаць :)
Лёгкага працоўнага тыдню і добрага настрою :)

2015-03-13

Проста думкі

Вітаю!
Вось як хутка ляціць час, не паспееш азірнуцца, а ўжо можна будзе ісці ў грыбы-ягады :)
Гэта я проста так люблю збіраць іх, таму год дзеліцца на час, калі можна штосьці збіраць у лесе, і час, калі проста хадзіць з сабакам гуляць.
Таму цяпер толькі час для гуляў. Уся праца наперадзе :)
Вось і я рыхтуюся да гэтай працы, насеяла на расаду насенне перцаў, памідораў, парэю, баклажанаў, кветак. Нават лясныя суніцы пасеяла, але яны марудна ўзыходзяць. Чакаю.

Курачкі актыўна пачалі несці яйкі. Толькі калі выпускаем у гарод, то яны на гэты абавязак забываюцца :) Таму гуляюць толькі ў другой палове дня. Так цікава назіраць за імі, як яны капашацца, нешта шукаюць з такімі сур'ёзнымі мысамі.



З цікавых навін тое, што Тор навучыўся скакаць праз плот вышынёй каля 1,30 м. І вось цяперкожная раніца пачынаецца а 7, мая сонная галава вылязае за дзверы і крычыць: "Тор, сюды! Тоооооор!" Ну і калі ён не ідзе, то каманда для мужа: "Тор збег! Хутчэй!" І муж на хаду ледзьве трапляе ў штаніну, яшчэ нават не разумее, колькі гадзін. І бяжым шукаць гэтага злыдня. А ён ужо ўсю вёску аббегаў. Выскачыць за плот выскача, а назад ня можа залезці, вось і бегае :)Адзінае радуе, што так рана не выпускаюць кур, а то пачысціў бы суседзям курнікі. А можа і не, бо сваіх кур не ловіць больш, горкая навука яму была. Думаю, што ўжо зразумеў, што нельга кранаць.

І самае смешнае было, калі я дала Тору косці, а адна курыца пералезла праз агароджу і пачала ў яго адбіраць :) Бедны сабака, ён не паверыў, што такое можа быць. А потым спужаўся і збег, кінуўшы есці. А курыца стаяла і працягвала кляваць адабраны скарб, як так і павінна быць. Нібы гэта ёй далі, а не сабаку. Сапраўдныя дыназаўры :)

Другі па старшыні певень у нашым курніку.
Адважна змагаецца за права "пад сонцам", другімі словамі курэй таптаць. І так ужо навучыўся гэта хутка рабіць, што курыца не паспявае заўважыць, які гэта певень на яе скокнуў. Адныя куры большыя за гэтага пеўня, тады ў яго верхавая язда атрымліваецца :)
Але прыгожы пеўнік.



У адну з раніц, калі шукала Тора, убачыла каля ракі. Вось такія ў нас зубастыя суседзі :)
Муж расказваў, што ў навінах была гісторыя пра мужчыну, якога ўкусіў бабёр за нагу і мужчына памёр.
З рызыкай, аказваецца, мы жывем на вёсцы, але весела.


Цудоўных выходных і смачнага сняданку заўтра :)

2015-03-04

Снег

Вітаю-вітаю!
Пакуль я так чакала вясну, вярнулася зіма :) Не надоўга, праўда, але гэта дазволіла зрабіць некалькі добрых фотаздымкаў. Калі ласка :)


Рыська наш нашкоднічаў, пачаў меціць у хаце вуглы. І цяпер, ужо каля пары тыдняў, мы яго не пускаем у хату. Вось ён разам з Торам і вартуе дзверы :)
Добра, калі кот з сабакам раслі разам: ні сварбы, ні кіпцюроў. Адно сяброўства.


Рыська - вельмі ласкавы каток, любіць ласціцца, абдымацца, бадацца ў руку, у шыю. І вось іду я па сцяжынцы да хаты, а ён бяжыць за мною, каб яго пагладзілі, пашкадавалі, небараку.
Шкадаваць - шкадуем, але ў хату не пускаем :)


І вось такі сняжок сёння быў. Я думала, што атрымаецца папрацаваць у гародзе - лепшае лякарства ад суму і дрэннага настрою - але не атрымалася. Снег усю працу сапсаваў, а было запланавана вельмі шмат...


Адзінае, што добра, курачкі пачалі па трошку несці яйкі. Сказаць па праўдзе, такіх салодкіх яек я ў жыцці не ела ні разу. А ўсё ад таго, што курачкі ядуць чырвоныя бурачкі, моркву, бульбу...
Карацей, натуральнай ежай харчуюцца, бяз розных там хімікатаў. І смачна, я скажу, есці на сняданак такое яйка, варанае або смажанае, галоўнае, каб жаўток быў вадкім. І настрой гарантаваны на ўвесь дзень :) Ня верыце?! Запрашаю частавацца :)
Цудоўнага настрою і смачных яек!