2015-01-31

Вафлі з гарэхамі, хурмой і шакаладам (мясцовы сняданак суботы)

Вітаю-вітаю!
Я так ужо сумавала па блогу :) Нічога такога, чым можна было падзяліцца не адбывалася... Можна сказаць, што шэрасць надвор'я перанеслася на мяне і я стала такой жа шэрай, як і наваколле. Справы, вучоба, хвароба, нейкія непрыемныя пытанні па гаспадарцы адцягвалі ўвесь час. Які тут можа быць настрой на штосьці прыгожае і смачнае:)
І вось сёння ў нас +5, усё цячэ, чорныя плямы ўжо выглядаюць з-пад снегу, у паветры лёгкі водар вясны (і гэта ў пачатку апошняга месяцу зімы, думаеце Вы:) Але настрой памяняўся, захацелася колераў, смакаў і прыемных водараў цяпер, а не пазней, не па календары...

Таму запрашаю на смачны сняданак: 
аўсяна-грэчнева-мігдальныя вафлі з хурмой і шакаладам


Набыла новыя зялёныя талеркі. Муж у адказ купіў сабе слоўнікаў :) Вось так мы і змагаемся адзін з адным: ён з маімі талеркамі, а я з ягонымі слоўнікамі. Палічак ні на першае, ні на другое ў хаце ўжо не хапае...

Што да сняданку, то можна падумаць, што ён салодкі, тлусты і зусім не сняданак, а дэсэрт. З аднаго боку, магчыма, так і ёсць. Але атрымалася гэтая страва зусім не салодкай, а лёгкай за кошт пюрэ з хурмы. І карыснай! Глядзіце рэцэпт...

Што і як:
Цеста

  • 1 шклянка мукі (палова шклянкі аўсянай мукі, палова шклянкі грэчневай мукі);
  • 5 хатніх яек (курачкам кожны дзень дзякую :);
  • 1 ст.л. карычневага цукру;
  • 150-180 г сметанковага масла пакаёвай тэмпературы;
  • 2-3 ст.л. змеленых блэндэрам мігдальных гарэхаў
Яйкі перапяшаць з цукрам, можна ўзбіць у пену. Дадаць мяккае сметанковае масла, перамяшаць да аднароднага стану. Дадаць муку і гарэхі. Замясіць цеста.
Пекчы на разагрэтай вафельніцы.
З гэтага цеста атрымліваецца 10 штук, апошнія дзве самыя вялікія :)

Для шакаладу:
  • змяшаць у каструльцы 2 ст.л. какава, 1 ст.л. карычневага цукру, 4 ст.л. малака;
  • паставіць на нагрэў і пастаянна варочаць лыжкай, пакуль не растворыцца цукар (некалькі хвілін);
  • затым зняць з нагрэву, дадаць 15-20 г сметанковага масла. Перамяшаць лыжкай, каб масла растаяла.
Асобна ў блэндэры змалоць дзве хурмы. 
І можна снедаць :)



Ад такіх колераў жыццё становіцца больш прыемным :) 
Галоўнае, што ўсё вельмі проста і смачна...
І ёсць з кім змагацца... за талеркі... ну і за слоўнікі :) Так жа значна весялей!
Цудоўных выходных і сонечнага настрою!

2015-01-18

Хатні ёгурт з садавінай (мясцовы сняданак суботы)

Вітаю-вітаю!
Апошні час сняданкі сталі вельмі разнастайнымі і смачнымі :) І карыснымі, як учарашні сняданак: хатні ёгурт з яблыкам, хурмой, вотруб'ем з аўса, гарэхамі і мёдам...
Прасцей не прыдумаеш!



І новая прычоска :) Ужо некалькі разоў я вяртаюся да яе пасля вяселля... Напэўна гэта так надвор'е ўплывае. Толькі становіцца больш цёпла, як адразу хочацца вясны, расады :) лёгкіх спадніц, сакавітых салатаў, новай прычоскі... Але пакуль толькі студзень вось-вось перайшоў за сярэдзіну. І што будзе далей?! Не зразумела.


Добрага надвор'я і цудоўнага настрою :)
І прыгожых прычосак :)

2015-01-03

Пяльмені на суботні сняданак

Вітаю-вітаю!
А ў нас святы працягваюцца :)
Нават ад вокнаў святочны настрой...


А на суботні сняданак хатнія пяльмені з цяляцінай і курыцай. Рэцэпт пісаць няма сэнсу, у кожнай гаспадыні свой :) Адзінае, што на свой густ параю, цыбулю дадаваць смажаную. Канешне, не да чарнаты пасмажаную, а да мяккасці. Зусім іншы смак і водар :)
Пасля такога сняданка да вечара не хацелася есці...


Прыемных выходных і святочнага настрою :)

2015-01-02

Навагодні сняданак (чацвер, студзень-01-2015)

З Новым Годам :)
А я тут ізноў са сняданкам, вельмі добра пачынаць ня толькі кожны дзень, а і новы год са сняданку. Тым больш такога смачнага, хатняга :)
І сёння на навагодні сняданак прыгатавала суп з цыбулі і рулет з малінамі. Смачна есці!


Як я пісала раней, я вельмі люблю супы, асабліва такія, як гэты: крэм-суп з цыбулі з сухарыкамі з хатняга хлебу і сырам грюйер. Гэта проста фантастычны суп, такі насычаны смак! Варыла на булёне з качкі, што само па сабе вельмі духмяна, таму цыбуллю і "не пахла" :) Але ўсё адно вельмі смачна...


Што і як:
  • тры цыбуліны (пачысціць, памыць, парэзаць);
  • аліўкавы алей;
  • некалькі галінак чабрацу (не было ў мяне, выкарыстоўвала размарын);
  • 1 ст.л. пшанічнай мукі;
  • 120 мл. сухога белага віна;
  • 1 л мяснога булёну;
  • 1 ч.л. карычневага цукру;
  • 1 лаўровы лісток;
  • 50 г сыру грюйер (сцерці на тарцы);
  • некалькі кавалкаў белага хлебу (парэзаць на маленькія кавалкі);
  • соль, перац на свой густ.
- Цыбулю пасмажыць да мяккага стану на аліўкавы алеі на патэльні з высокімі борцікамі (на якой можна далей варыць суп). Дадаць чабрэц або размарын, муку, і добра перамяшаць, каб не было камячкоў.
- Дадаць віно і тушыць каля мінуты, каб алкаголь выпарыўся. Затым дадаць булён, варыць, пакуль не пачне кіпець. Зменьшыць нагрэў да мінімума і варыць яшчэ хвілін 15-20 (суп павінен "лёгка" кіпець). Дадаць соль, перац, цукар, лаўровы лісток і варыць яшчэ хвілін 5-7.
- Тым часам зрабіць сухарыкі: хлеб парэзаць на маленькія кавалкі і пасмажыць з кропляй алею на патэльні.
- Разагрэць духоўку да 180 град. С на рэжыме "Турба грыль".
- У парцыйныя гаршочкі перакласці суп, зверху пакласці сухарыкі і пасыпаць цертым сырам. Паставіць пад грыль на хвілін 10. І можна есці :)
Перад тым, як есці, можна пасыпаць свежым зяленівам цыбулі.
Ммммм... Вельмі духмяны суп, такія смачныя сухарыкі. Яны з аднаго боку хрусцяць, а з другога прыемна намакаюць і цянуцца з сырам :) Толькі на такі суп добра, калі больш сухарыкаў, таму што ўнутры гаршочка суп застаецца вадкім, трэба есці з хлебам. А калі б было больш сухарыкаў, то асобна хлеб не спатрэбіўся бы.



Ну і дэсэрт, якое ж свята без дэсэрту :) Да сустрэчы Новага году мы елі калядны кекс, а пасля рулет з малінамі...


Прыгожы атрымаўся рулет, спалучэнне белага і ружовага вельмі добра пасуе калядным святам :)
А смак вельмі ўдалы: мокры, з кіслінкай маліны. Ясі і здаецца, што ёсць лёгкая нотка лімону, але лімонам і ня пахне тут, усё робіць марожаная маліна.
Што і як:
Бісквіт:
  • 6 яек (аддзяліць бялкі ад жаўткоў. Бялкі паставіць у лядоўню на 15 хвілін);
  • 1 шклянка цукру (я выкарыстоўвала карычневы цукар);
  • 1 шклянка пшманічнай мукі вышэйшага гатунку (чым якаснейшая мука, тым больш "лёгкі" атрымаецца бісквіт);
  • прамавугольная бляха з паперай для запякання;
  • разагрэць духоўку да 180 град. С.
Халодныя бялкі ўзбіць з цукрам у стойкую пену. Дадаць папярэдне ўзбітыя жаўткі, часткамі дадаць усю муку. Атрымаецца густое цеста, падобнае да хатняй смятаны.
Выкласці цеста на бляху, разраўняць і пекчы каля 10-15 хвілін.
Пасля дастаць, каб бісквіт астываў на рашотцы.
Крэм (гатавала "на вока", таму сказаць пэўную колькасць кожнага інгрыдыента складана :):
  • 200 г сметанковага масла пакаёвай тэмпературы;
  • марожаныя маліны, размарозіць (350 грамовая шклянка ад смятаны - я марозіла маліну ў такіх шклянках);
  • малінавы сіроп - 7-10 ст.л.;
  • крухмал з бульбы - 1-2 ст.л. ;
  • вада - калі не дастаткова будзе соку з малін.
Маліны працерці праз сіта, косткі выкінуць, а да малінавага пюрэ дадаць 5 ст.л. сіропу (калі на Ваш густ атрымліваецца не салодкім, то можна дадаць больш). Можна дадаць некалькі лыжак вады, калі атрымліваецца пюрэ густым. 
Паставіць на нагрэў. Калі пачне кіпець, дадаць крухмал, папярэдне разведзены з некалькімі лыжкамі вады і лыжкай сіропу. Заварыць кісель.
Паставіць, каб астыў. 
Затым міксерам узбіць масла з малінавым кісялём. Крэм гатовы.

Бісквіт прапітаць малінавай вадой: некалькі лыжак вады змяшаць з лыжкай сіропу.
Выкласці крэм на бісквіт і скруціць рулет. Завярнуць у паперу для печыва і пакласці ў лядоўню на ноч, каб прапітаўся.
Перад тым, як есці, можна пасыпаць пудрай з цукру :)
І раніцай з кубачкам гарбаты або кавы, або цыкорыю з вяршкамі можна працягваць святкаваць :) Гэты дэсэрт як мага лепш пакуе святочнаму настрою... З Новым Годам, з Новым Шчасцем :) Частуйце родных, яны гэтага заслугоўваюць :)



P.S. Ну а Рыська прыдумаў новую забаву: пакуль мы снедаем-абедаем-вячэраем за сталом, ён сядзіць на гарбузе і сочыць за намі :) Так лепш бачна, чым мы займаемся :)


Святочнага настрою і смачных выходных :)