2014-05-29

Першыя памідоры

Вітаю!
Амаль месяц прайшоў з майго апошняга паведамлення. Столькі спраў па гаспадарцы, што фатаграфаваць і пісаць аповеды не паспяваю, таму што спачатку трэба было падрыхтаваць зямлю пад пасадкі, потым рыхліць, потым палоць-засыпаць мульчай...
І вось так кожны дзень! А яшчэ пяць пунктаў, каго карміць у хаце, і ўсім трэба прыгатаваць есці. Адзінае, што прыемна ў справах, гэта вынік, які праз пэўны час вельмі заўважны і які ўзнагароджвае за ўсе турботы і стомленасці.
І гэты вынік часта бывае проста прыгожым, а часта бывае і вельмі смачным. Сёння вынік вельмі смачны і духмяны. Першыя памідорыкі!


Сорт памідораў "Чэры" (здаецца, што так. Расаду дала мама мужа).


Пакуль што было два чырвоных памідорыка, якія мы з мужам пакаштавалі.
І адзін зялёны.
І шмат кветак.



Усяго ў мяне такіх памідорыкаў пяць кустоў. Напэўна колькі штук высаджу ў цяпліцу, можа там яны будуць лепш расці, чым на падваконні.
Смачнага настрою:)

2014-05-06

Кветачкі ад Kvietachka

Вітаю!
Сёння квяточны настрой, якім хочацца падзяліцца :) Калі ласка!

Цюльпаны гэтым годам вельмі памерзлі, але тое, што засталося, прыгожае...










Адзін з любімых маіх цюльпанаў. Вельмі люблю жоўтыя кветкі...



Маленькія стакроткі (маргарыткі)...



А гэта айва. Зацвіла ўпершыню ў нас, а была пасаджана гады два-тры таму. Кветак заклала шмат, калі не будзе больш маразоў, то будуць айвы ўвосень.


Цудоўнага настрою :)

2014-05-04

Гаспадарка або ў нас папаўненне

Вітаю!
Сёння ў мяне пост пра хатніх жыхароў, жыхароў старых і новых - маленькае папаўненне :)
Спачатку пра папаўненне, таму што яно так пра сябе нагадвае піскам мне пад вуха...
А папаўненне ў нас такое: 15 чыпіляткаў (так мы іх празвалі :) - бройлераў і 5 нясушачак (аказалася, што тры (3) пятушка і дзве (2) толькі курачкі будзе).
Пятушок...


Набывала я іх "сутачнымі", а на фотаздымках ім ужо тыдзень. Днём яны на вуліцы, а на ноч забіраю ў кораб ў хату, каб не мерзлі. Кармлю не камбікормам, а рознымі крупкамі, тоўчанай крапівой, тваражком і вараным яйкам. Адным словам мяшанкай. Падмешваю вітамінкі спецыяльныя для маленькіх кураняткаў. Максымальна усё натуральнае.


Такія яны пацешныя, чыпілёнкі...


А тут нашыя качкі-бегункі, яны папрыгажэлі, ад'еліся на прыродзе...


У качак такія прыгожыя мордачкі, нібы ўсміхаюцца заўжды. Вельмі прыемна назіраць за імі, мяне ўжо не баяцца, прывыклі.


Тэадор (так я празвала качура, бо ён вельмі дзелавы, ганяе пятуха) вучыць дзяўчынак розным Па :)


Асабліва апякае Тэадор гэтую качку. Калі яна зачапілася за сетку і не магла вызваліцца, я яе ўзяла на рукі і выпутвала. Ну думаю, патрымаю трошкі на руках, але Тэадор стаў на мяне нападаць, каб вярнула яго каханую :)))) Абаронца! Імя яму вельмі падыходзіць.
Ды і сядзяць яны заўжды побач...


А вось і бедны пятушок, якога ганяе Тэадор. Грэе лапку, халадно ў нас...


Так і жывем!
Цёплага надвор'я :)

Хатнія круасаны або сняданак суботы

Вітаю!
Ці любіце Вы сняданкі ў суботу так, як гэта люблю я?!
А я іх вельмі люблю, таму што ў суботу сняданак вольны, спакойны. Мы з мужам п'ем гарбату і плануем справы на дзень, размяўляем не спяшаючыся, смакуем кожны кавалак. І ад такога спакою падымаецца настрой, хочацца шмат што зрабіць, а каб шмат зрабіць, трэба мець моц, а моц дае сняданак :)
І сняданак павінен быць ня толькі карысным, але смачным і прыгожым. І такі сняданак атрымліваецца зрабіць у суботу, таму што ў мужа выходны і спіць ён пазней, чым звычайна, а ў мяне ёсць час для творчасці.
У гэтую суботы былі круасаны...


Рабіла я іх першы раз у жыцці. Ды ўвогуле з такім цестам працавала першы раз. Таму форма атрымалася ня вельмі, але гэта не паўплывала на смак. Смак атрымаўся вельмі-вельмі прыемны, духмяны, таму што за пару дзён да печыва рабілася закваска, а на ёй рабілася цеста.

Як звычайна гідам печыва ў мяне выступае кніга "Вуліца свежага хлеба", пра яе я пісала і
тут.

Трошкі змяніла рэцэпт: 935 г пшанічнай мукі замяніла на 300 г мукі з цэльнага зерня (т.з. мука для карысных тартоў), 135 г мукі аўсянай і 500 г пшанічнай мукі.
Мне вельмі падабаецца ў печыве аўсяная мука, яна ідзе крупкамі і дае печыву премны смак, я з такой мукі пяку вафлі, таксама на сняданкі :)


Як я пісала, з цестам працавала ўпершыню, таму форма атрымалася ня вельмі.
Але круасан па рэцэпту кнігі атрымліваецца не салодкім, а слаістым хлебам, з якім можна есці і варэнне, і сыр, і мяска, і агародніну. Прыемны хлеб атрымаўся...


Сняданак у нас пачынаецца з садавіны, але калі халадно, то гэты "этап" прапускаецца :) Але я не прачнуся, пакуль што-небудзь не "пагрызу", звычайна гэта яблык.
Затым мы п'ем гарбату з мёдзікам. Мы з мужам пастаянна перад ежай п'ем або гарбату, або ваду, гэта дазваляе жалудку падрыхтавацца да ежы. Тут у нас была гарбата з маліны, дакладней кампоцік.
Хатні тваражок з варэннем з чарніц (на фотаздымках няма варэння, але яно было :) намазвалі на круасан і елі з гарбатай, вельмі смачна!
І на дэсэрт застаўся чарнасліў у шакаладзе. Я не купляю ў краме цукеркі, таму што там у большасці шмат штучных араматызатараў і кансервантаў, таму я купляю чарнасліў з косткай, сама дастаю косткі з яго, мыю, пакідаю на рушнічках на ноч сушыцца. А затым таплю горкі шакалад і абмазваю чарнасліў шакаладам, папярэдне паклаўшы ў кожны па гарэху (асабіста мне падабаецца з грэцкім гарэхам). Выкладаю на паперу для печыва, праз пару гадзін шакалад застывае і можна есці.
Чарнасліў унутры атрымліваецца сочным, забірае ў сябе вільгаць топленага шакаладу. Самыя лепшыя цукеркі на дэсэрт :)


А які сняданак любіце Вы?
Смачна есці!