2013-11-28

Ідэя падарункаў родным і сябрам на Каляды

 Ужо на парозе снежань, а гэта значыць, што ўжо вельмі хутка мы будзем віншаць і дарыць падарункі сваім каханым, родным, сябрам на адныя з галоўнейшых святаў году – Новы год і Каляды. Канешне, хочацца, каб падарунак быў карысным, пасаваў чалавеку, якому дорыцца. І цяжкая праблема знайсці той падарунак, які неабходны, бо вельмі часта ў чалавека ўсё ёсць, што ён хоча.


Таму сёння хачу прапанаваць адну ідэю, якая, магчыма, дапаможа вырашыць праблему з падарункам. Гэта падушка з фотаздымкамі родных людзей, нейкай мары, нейкага пажадання. Адным словам, падушка з тым малюнкам, які хочацца і падабаецца.
Друкуецца малюнак на спецыяльнай тканіне (100% бавоўна), што дазваляе значна павялічыць час яе выкарыстання. Яе можна сціраць у пральнай машыне, можна карыстацца прасам, яна вельмі добра трымае колер.

Фактура тканіны розная, ёсць стрэйчавая, джынс, канва, шоўк, тканіна, якую можна прыклеіць прасам. Я пісала пра яе ў адным з ранейшых артыкулаў. ТУТ.

Калі не хочацца падушкі, можна сшыць торбу. Тут таксама асноўную ролю грае фантазія. Можна надрукаваць усё, што толькі можна захацець.

Калі і торба не падыходзіць, то можна забатрачыцца і сшыць коўдру, дзе выкарыстаць фотаздымкі ўсяго сямейства, каб і ўспаміны сагравалі.

Можна сшыць мяккія цацкі на елку з фотаздымкамі родных, падвесачкі, якімі можна ўпрыгожыць дом, або так пазначыць адрасата падарунка пад елкай.

Ідэй мора, галоўнае натхненне і жаданне!

А тут яшчэ некалькі фотаздымкаў :) Аўтараў фотаздымкаў, якія выкарыстаны на торбе і падушцы, на жаль, ня ведаю, таму прашу выбачэння, што не пазначыла іх.




Цёплага вечара!

2013-11-27

Каталог нітак вязаць King Cole

Сёння хачу расказаць пра каталог нітачак. Такі просты каталог атрымаўся, handmadeёсць handmade. Ён дазваляе ў рэальнасці ўбачыць колер, таўшчыню ніткі. Мне самой ім зручна карыстацца, калі выбіраю, што звязаць з часопіса. Адразу напісана склад ніткі, даўжыня, вага.

Атрымаць такі каталог можна дарма. Адзінае, што трэба, гэта зарэгістравацца на сайце і пакласці сабе ў кошык гэты каталог. Тут. І ён ня проста паедзе да Вас, ён паімчыцца!
Калі ласка!

2013-11-26

Адзін хуткі сняданак “Садавіна пад крышачкай”

Канешне, у арыгінале гэтая страва называлася “Сливы под тестом», знайшла я яе ў кнізе Юліі Высоцкай “Быстрые завтраки”. Але атрымаўся не сняданак, а смачны дэсэрт да вячэрняй гарбаты.
         Рэцэпт крышачку змяніла, таму што сліваў няма, а вось грушаў і яблыкаў поўна, ды такіх духмяных, такіх сапраўдных, не з крамы і не з кірмаша, а з сапраўднага садку. Яны так і просяцца, каб іх з’елі або што-небудзь прыгатавалі цёплае, смачнае, з водарам цынамона.

Што спратрэбіцца (на 2 порцыі):
  • -         2 грушы
  • -         2 яблыкі
  • -         100 г мукі + 2-3 ст.л. геркулесу (аўсяныя шматкі – выдаў слоўнік.org:)
  • -         100 г халоднага сметанковага масла
  • -         40-50 г карычневага цукру (можна менш, атрымалася вельмі салодкім, бо грушы і яблыкі ў мяне салодкія). Я выкарыстоўвала два віды цукру: 30 г - адзін карычневы з трыснёгу, 10 г - другі амаль чорны. Таксама з трыснёгу, але ён мае пах патакі, выпадкова купіла ў Вільні. Цікавы такі цукар.
  • -         Пару гарошынак марской солі
  • -         1 ч.л. цынамону ( карыца)
  • -         1 ч.л. ванільнай цукровай пудры (рабіла сама са стручка ванілі, мае такі моцны водар, такі мяккі, адразу адчуваеш свята)
  • -         2 ч.л. малінавага сіропу
  • -         Пару стружак мускатнага гарэху

1. Я выкарыстоўвала дзве маленькія формы. Змазала іх сметанковым маслам. Духоўку папярэдне разагрэла да 180°.
2. З груш і яблыкаў выразала сарцавінкі, зрэзала скуркі, нарэзала іх на невялікія кавалачкі. Выклала ў адну форму грушы, у другую – яблыкі. Пасыпала цынамонам, ваніллю, мускатным гарэхам, абліла малінавым сіропам.
3. Цеста. Змяшала ў асобнай місцы муку, цукар і соль. Халоднае сметанковае масла нарэзала кавалачкамі, змяшала з мукой і расцерла рукамі. Атрымаліся мелкія крошачкі. Мне падалося, што на такую колькасць сметанковага масла замала мукі, пагэтаму, адступіўшы ад арыгінальнага рэцэпту, дадала геркулес. Забягаючы наперад, скажу, атрымалася проста шыкоўна!
4. Выпякала 30 хвілін пры 180°, а апошнія 5 хвілін – пры 200°.
Атрымалася вельмі-вельмі смачна, лёгка, з моцным водарам. Напэўна, гэты водар я бы назвала водарам дзяцінства. Мая мама заўжды пякла булкі з цынамонам у печы, атрымоўваліся такія смачныя вялізныя булішчы (магчыма, гэта я была маленькай проста).
Садавіна дала смачны сок пад крышачкай з цеста, а геркулес даў цесту эфект “хрумсцення”. Атрымалася тыпу гранолы, але больш мякка і сочна.
Зручна ў гэтай страве тое, што можна выкарыстоўваць усякія ягады, усякую садавіну. Усё адно атрымаецца хутка і смачна.
Смачна есці!

2013-11-24

Тое, што саграе ў халодныя вечары

Я вельмі люблю чытаць кнігі! Ня мае значэння для мяне аўтар, мова, год выдання. Галоўнае, каб кніга была цікавая, давала нейкія веды, сагравала сэрца і душу, напаўняла сэнсам, і нібы зараджала батарэйкі.

Вось такой кнігай лістапада стала кніга Рэя Брэдберы “Віно з дзьмухаўцоў” ("Dandelion Wine" Ray Bradbury).
Кніга вельмі цікавая, яна дае ўзгадаць дзяцінства (добра, што яно было не так даўно ў мяне), яна дапамагае захаваць і шанаваць традыцыі сям’і, пра якія я, на жаль, ужо пачынала забывацца. Кніга дазваляе адкрыць “другое дыханне” жыцця, якое ў такую халодную дажджлівую восень ўжо пачынае чмурэць, пакрывацца павуціннем.
А тут ты нібы сам п’еш цудоўнае віно з летніх дзьмухаўцоў, і гэты цудоўны нектар саграе, зараджае аптымізмам, радасцю. Дазваляе ўбачыць, што шчасце тут, яно нікуды не сыходзіла, на яго проста забыліся, і яно пакрылася пылам…

Ня буду шмат гаварыць, адчуйце самі. Дастаткова толькі прачытаць. І зноў будзе пачуццё, што я жывы, я тут і цяпер, і трэба кожную хвіліну, кожнае імгненне цаніць, запомніць, запісаць, сфатаграфаваць, прыгатаваць, калі хочацца, каб потым, калі ізноў пачынаеш чмурэць, яно дало ўзгадаць, што я жывы, я тут і цяпер, я не проста існую, я ёсць, I am :)

Пагледзець, пра што кніга, можна ў вікіпедыі тут.