2023-11-27

Тыдзень дня народзінаў 🥳

 



Вось ізноў надыходзіць дзень народзінаў. Я спадзявалася даведацца сапраўдны дзень, але не пашчасціла. Даведка прыйшла са старымі звесткамі. Таму ў гэтым годзе прыйдзецца святкаваць яшчэ па старым дні. Такія спадзевы былі... Вельмі шкада. Але я думала, што было бы добра, каб даведка прыйшла ў сапраўдны дзень народзін. Ну вось яна прыйшла 22.11. Хто ведае, можа гэта і ёсць той самы дзень, які я шукаю :)

2023-11-25

Пасля працы


Праца скончылася на гадзіну раней і я паспела прагуляцца пад сонейкам. Яно цяпер тут ня часты госць, таму кожны момант вельмі важны :)

Сонейка і паболей!

2023-11-03

Снег ідзе і я іду






Так прыгожа было! А сёння ідзе дождж і ператворвае ўсё хараство ў небяспечную жыжу. Даўно мы не жылі ў хаце, а толькі ў кватэры. І так утульна сядзець у цеплыні і назіраць, як падае снег, усё становіцца белым і прыгожым. Дзе-нідзе выглядваюць з-пад снегу зялёна-жоўтыя лісточкі. Як ніколі многа птушак скоча па садзе, яны таксама не чакалі так рана снегу, які схавае ад іх ежу.

А тут дождж шапоча па шыбах, па даху, па лісці, якое не паспела яшчэ абляцець...

Такі пачак дню. Еду на працу ў пустым цягніку, трохі баюся свайго сённяшняга працоўнага пляну. Турбуюся, што ўжо кепска сплю... Але тое, што не забівае нас, робіць мацней. Спадзяюся, што гэта такі момант. І праз месяц я буду спакойна спаць і выконваць тую ж колькасць працы :) Але сёння турботна,  хай будзе толькі сёння...

Добрай пятніцы! Хай усё будзе добра! 

2023-10-31

Halloween 🎃

 




 




Ня тое, каб мы былі прыхільнікамі гэтага свята, але з дзіцём хочацца нешта такое рабіць:) можа так весялей, хаця сэнсу мала. Увогуле, нешта я апошнім часам ва ўсім мала сэнсу бачу... 
Але печыва атрымалася надзвычай смачным:

* мука - 250 гр
* сметанковае масла - 125 гр
* цукровая пудра - 100 гр (я клала звычайны цукар, 50 гр, каб проста пакласці меней цукра)
* трошкі солі (калі сметанковае масла салёнае, як было ў мяне, то солі ня трэба класці)
* 1 яйка
* мігдалы 

Замясіць цеста. Пакласці ў лядоўню на 30 хвілін. У нас атрымалася на два дні, бо мы пра яго забыліся.

Нарэзаць на кавалачкі, сфармаваць пальцы, пакласці мігдалу-кіпцік на кожны, трошкі ўціснуць, каб добра трымаўся ў цесце.

Запякаць у духоўцы 160°С каля 20-25 хвілін.

Смачна есці 🎃





2023-10-27

Такі дзень незвычайны....


Я сёння схадзіла на сумоўе па працы ў адзін знакаміты гатэль.... Сумняюся, што мае кампетэнцыі дастатковыя, каб трапіць туды працаваць, але пытанні, якія я атрымала там, прымусілі спыніцца і задумацца...

І вось праз 5 гадзін уставаць на працу, а я не магу заснуць, кручу ў галаве свае адказы, шчырыя, сапраўдныя... Напэўна, так ня раюць адказваць на сумоўях, калі хочаш атрымаць працу, але для мяне мае большае значэнне, што я дала гэтыя адказы сама сабе... Думаю, замест жаданняў на новы год трэба пісаць адказы на такія пытанні, а потым праз год параўноўваць, наколькі чалавек падрос, што зьмянілася ў ім...

Яшчэ кажуць, акружыце сябе добрымі людзьмі, людзьмі, якія натхняюць. Я пыталася заўжджы, дзе мне іх знайсці? Дзе шукаць? Аказалася ўсё прасцей, такія людзі  самі таго не заўважаючы, з’яўляюцца. Трэба толькі ўмець іх заўважыць. І мне здаецца, што адзін такі чалавек жыве па суседстве, натхняе сваімі падарожжамі і дзіцячым голасам. Другі такі ў інстаграме, дзеліцца сваёй гармоніяй і любоўю да прыгажосці, прыгажосці людзей, не вонкавай, а нутраной, сваёй мацярынскай любоўю да сваіх дзяцей, сваёй нейкаю мацярынскай цеплынёй. А трэці круціць свой рэстаран у Фінляндыі і дорыць надзею, што ўсё магчыма, калі проста працягваць і не спыняцца...

І сёння я знайшла, што адказаць на пытанне, дзе я бачу сябе праз 5 год, што я хачу знайсці. Я хачу знайсці гармонію, ведаць, што мне трэба рабіць і не баяцца. Я бы сказала, што я хачу навучыцца быць або стаць профі ў сваёй справе❤ засталося вызначыцца з гэтай справай 😂

2023-10-22

Пакуль чакаю аўтобус































Вырашыла не шкадаваць сябе, што часу няма на блог, а знайсці час :)

Простыя дні кастрычніка, яблычны пірагі, працоўныя круасаны, музей Парадокс у Осла, падарункі, краявіды, прахожкі... Як я радуюся прахожкам, чатыры гады трэба было чакаць, каб узяць гэтага малога чалавека за руку і проста ісці, проста гуляць і гаварыць пра мільёны чаму.... Гэта таго каштавала, каб чакаць :)

Ужо выходжу з аўтобуса, цудоўнага дню, прыгожай восені!

2023-10-10

За аблокамі заўжды будзе сонца...

 






















Столькі ўсяго адбылося за апошні час... Такі вопыт жыццёвы, што цяжка паверыць у гэта. Першы раз пасля нараджэння сына я засталася сам насам на два тыдні. Куды дзець сябе. Гэта нібы новае знаёмства з сабой. Часам я не магу паверыць, што ўсё, што адбываецца цяпер, адбываецца са мною. Новы дом, новая праца, новая краіна.... Як ніколі на душы сум па радзіме, так хачу да мамы. Ці ўбачу я яе яшчэ калі. Амаль пяць год прайшло з апошняй сустрэчы. Я так сумую.... куды я іду? Што шукаю? Як жыць? Столькі пытанняў, якія былі са мной усё жыццё, але так востра, як цяпер, яшчэ ніколі не адчуваліся...