2017-05-02

Пірог са спаржай

Вітаю!
Вясна неяк не вырашыць да канца, ці ёй прыходзіць, ці не :)
І пакуль яна вагаецца, у крамах з'явілася спаржа...
Аднойчы я яе гатавала, нават тут быў аповед, але тады я шмат што ня ведала і не разумела, а цяпер ведаю. Таму і страва атрымалася значнай смачнейшай, чым у той раз.
Запрашаю, пірог са спаржай. Калі ласка!

Ня ведаю, што мне ў ёй так падабаецца? Знешні выгляд? Тое, што яна першай з'яўляецца вясной? І ня проста там лісцік, а добрыя такія галінкі, з якіх і пірог, і суп, і проста гарнір прыгатаваць можна...
І ўсё ж яна мяне захапляе сваёю непаўторнасцю і колерам. А цяпер і смакам. Праўда, водар трошкі дзіўнаваты, чамусьці мне рыбу нагадваў :) Але смак прыемны, цяжка сказаць на што падобна, проста смачна!
Акрамя пірагу запякала спаржу ў духоўцы, проста на гарнір да рыбы. Вось гэта самы найлепшы варыянт для мяне. Яна такая саладкаватая стала, мяккая. Колер застаўся, а смак змяніўся. Буду яшчэ гатаваць адназначна!

Цеста:
- 300 г пшанічнай мукі;
- 150 г сметанковага масла;
- 4 вялікіх лыжкі халоднай вады.
Усё склала ў блэндар і замясіла цеста. Закруціла яго ў плёнку і паклала ў лядоўню на 30 хвілін.

Для начыння:
- 150-170 г свежай спаржы;
- 1 дэсэртная лыжка аліўкавага алею;
- 1 цыбуліна;
- 2 зубкі часнаку;
- 100 г цвёрдага сыру, парэзаць на невялiкiя;
- 3 яйкі;
- 300 мл смятаны;
- 2 вялікія лыжкі свежай мяты, дробна скрышыць;
- соль/перац на свой густ.

Спаржу парэзаць на кавалкi, закiнуць у кiпень на пару хвiлiн i дастаць у ледзяную ваду. Можна нават з кавалкамi льду з маразiлкi. Iншымi словамi бланшыраваць.
Важна адрэзаць нiжнiх некалькi сантыметраў, якiя падсохлi. Iначай iх не пражуеш 😂 Ужо праверана 😂 Ну гэта калi спаржа з крамы, а калi свая i свежая, то нiчога ня трэба адразаць.

Цыбульку i часнок смажыць на патэльнi да мяккасцi. Адкласцi ў бок.

Змяшаць яйкi са смятанаю да аднаго стану, дадаць мяту i соль/перац. Адкласцi ў бок.

Цеста выкласцi ў форму, накрыць паперай i насыпаць сушаны гарох. Выпякаць пры 180 градусах С каля 15 хвiлiн. Затым дастаць гарох i пекчы яшчэ каля 10 хвiлiнак. Неабходна для таго, каб цеста не сцякло ўнiз i былi борцiкi.

На цеста выкласцi смажаную цыбулю, кавалкi спаржы, кавалкi цвёрдага сыру. Зверху вылiць яйкi са смятанаю i пекчы каля 25-30 хвiлiн.


А фотаздымкi яшчэ ад Вялiкдня завалялiся...
Шкада, каб прападалi дарэмна на кампутары :)


Цудоўнага настрою i сонечнага траўня!

2017-05-01

Тыдзень 15/52: мандала

Вiтаю!
Травень iзноў тут. Сонейка, плюс 12, спевы птушак, прыемны шпацыр i смачны сняданак... 

Можна пачынаць гэты Травень, напiсаць пляны, расчынiць вокны, вынесцi расаду на балкон... 

Травень, будзь цёплым i радасным, я цябе цэлы год чакала!

А тыдзень атрымаўся так сабе. Раскачвалася пасля Барселоны, прадчувала пахароны, на якiя ў вынiку i з'ехала амаль на месяц... Пасля iзноў раскачвалася... Здаецца, што цяпер усё добра, усё будзе па пляне. Але столькi плянаў на будучыя чатыры месяцы... Няхай усё будзе!








Сонечнага настрою i прыемнага адпачынку!