Happy
Birthday!
Ну вось яшчэ адзін год прайшоў...
Цяпер, калі ў людзей ёсць інтэрнэт, блогі, сацыяльныя сеткі, усе падводзяць вынікі году, але чамусьці перад новым годам. Магчыма, гэта і правільна, як на прадпрыемтвах, гадавая справаздача... Але гэта неяк ня вельмі прыемна і аднолькава...
Напэўна таму я ніколі не задумвалася пра тое, як прайшоў мой каляндарны год, але вось жаданні я загадваю, у мінулым годзе цэлы спіс быў. Шкада, што з пераездамі я яго дзесьці прыхавала і не магу знайсці.
Але сёння не пра гэта. Сёння пра асабісты год, пра год, а дакладней дзень нараджэння. Вось тут важна падводзіць вынікі, каб вызначыць пасталеў ты ці наадварот ступіў на некалькі крокаў назад :)
Таму запрашаю, у мой дзень народзін, у першы дзень зімы :)
Усе свае дні народзін я сустракала з вялікі надзеямі, сама няведаючы, што ж хацець ад дня народзін. І канешне ж чакала мяне расчараванне, таму што дзень быў не такі, а якім павінен быць?! Не зразумела... І вось усё змянілася ў
мінулым годзе, калі мы ездзілі ў
Швецыю-
Данію.
Аказваецца пад час майго дня народзінаў у Еўропе пачынаецца падрыхтоўка да Раства. Канешне, я пра гэта чула, але сама патрапіла ў такое ўпершыню... І гэта ўсё змяніла, таму што першы дзень зімы не сумны, і не халодны, а прыгожы і духмяны. І мне больш ня хочацца летняга дня народзінаў :) А толькі такого, з імбірным печывам, гарачай гарбатай і каляднымі клясічнымі песнямі :) Вось амаль так і атрымалася ў гэтым годзе...
Прачнуўшыся раніцай, уключыла мясцовае радыё, па якім граюць толькі калядныя песні і на шведскай, і на ангельскай, і на фінскай, адна плястынка ўжо другі тыдзень і мне гэта падабаецца, і пайшла фатаграфаваць сябе ў піжаме ўжо дваццацішасцігадовай у люстэрка. Нічога не змянілася :)
Затым сняданак з тортам, які на фотазздымку вышэй... Пра торт, гэта асаблівая песня. Пакаштавалі мы яго 30 лістапада, і мне ён не спадабаўся, таму што каржы атрымаліся не бісквітныя, а нейкія рэзінавыя, і было вельмі-вельмі шакаладна для мяне. Я ўжо нават паабяцала мужу, што гэта толькі для яго торт і есці я яго ня буду больш, чаму муж быў вельмі-вельмі рады і шчаслівы... але гэта было лішнім, таму што на наступны дзень торт стаў шыкоўным, такім мяккім і нават тое, што быў вельмі шакаладным не сапсавала настрой :) А наадварот падымала яго :)))
Торт "Опера", у сеціве шмат спасылак пра гэты торт, адзінае, што я, як звычайна дадаю штосьці сваё ў рэцэпты, і тут адбылося тое самае: замест мігдалю была какосавая мука, з-за чаго і не атрымаўся бісквіт, і дадала варэнне з брусніц-груш, што разбавіла шакалад і прапітала каржы. Я геній у адным, і невялічкі тармазок у другім, прыемна пазнаёміцца :)
Далей па плане быў горад і калядныя елкі ў мяне, і іспыт па фінскай у мужа. Таму я добра апранулася, напіхала цукерак у кішэні, што не спатрэбілася пасля торту на сняданак, і паехала на ровары ў горад :) Так, па снезе, але на зімніх колах :) І ўжо не баюся так ездзіць, праўда кожны дзень праглядаю сайты надвор'я, каб хоть снегу не было шмат, пакуль я свае курсы ня скончы (дарэчы, заўтра апошні занятак, таму далей могуць быць снегапады і мяцелі :)...
Першым прыпынкам быў Кафедральны сабор. Каля яго паставілі галоўную гарадскую елку, якой было 65 год. І з упрыгожванняў на ёй толькі агеньчыкі, што я лічу вельмі прыгожа і іншага ня трэба.
Я плянавала проста пафатаграфаваць сабор звонку, таму што ўнутры ніколі да гэтага не была і думала, што там трэба купляць квіток, каб пагледзець, але аказалася ўсё значна прасцей і цікавей...
Маю ўвагу прыцягнула тое, што шмат людзей заходзіла-выходзіла з сабору, яўна без квіткоў :) Таму і я вырашыла пагледзець, што ж там такое адбываецца...
А там проста сабор, у якім адбываюцца службы ў нядзелю, канцэрты з арганнай музыкай і экскурсіі. А проста пагледзець нічога не каштуе, хочаш хадзі-глядзі, хочаш сядзі проста і назірай, як час праходзіць у цішыні і спакоі.
Сабор велічавы і прыгожы з вялікім арганам...
Некаторыя сядзелі і маліліся, дзве дзяўчынкі сядзелі і малявалі, а хтосьці, як і я, хадзіў у зяхапленні і фатаграфаваў усё, што бачыў :)
Пакуль я падымалася да сабору, я таксама малілася, каб квіткоў не было, таму што я ўжо схадзіла ў мясцовы мастацкі музей за 6 эўра і ўбачыла "нічога". Таму было бы вельмі крыўдна і тут схадзіць і мець расчараванне, але гэтага не адбылося бы і не адбылося, таму што там унутры вельмі прыгожа, спакойна, мяккае святло падае праз вокны і вітражы... Такое толькі ў фільмах паказваюць, а тут такое кіно здарылася са мною ў сапраўднасці...
І як падарунак, пачалася рэпетыцыя аднаго з калядных канцэртаў, які павінен быў быць увечары (і квіток бы каштаваў 30 эўра). І так мякка лілася музыка з аргану, упершыню чула яе "ў жывую"...
І спяваў хор, але нібы не людзей. а анёлаў... І гэта было казачна..
Але мне хутка прыйшлося сысці, таму што ўнутры было горача і доўгі час там быць было бы складана, на жаль...
Прыгожа, праўда?
Далей я проста ішла і цягнула свой ровар, спынялася фатаграфаваць наваколле, якое было ў сонейнчым святле прыгожым і чароўным, таму што, як я пісала, сонца тут бывае ня шмат, а горад пад сонцам я бачыла ўпершыню за апошнія паўтары месяцы...
Ды і настрой быў цудоўны, чаму бы яго не захаваць надоўга ў фотаздымках...
Яшчэ я плянавала наведаць музей сучаснага мастацтва, але там былі зачынены некаторыя паверхі і я вырашыла ў наступны раз пагледзець усё, а не частку. Таму пайшла далей...
Было так прыемна нетаропка шпацыраваць па лёгкім марозіку пад сонейкам, разглядаць архітэктуру, каля якой часта праязджаеш і не заўважаеш часта хараства, якое на самай справе існуе пастаянна...
Наступным прыпынкам быў
мясцовы кірмаш, які месціцца на адным месцы ўжо вельмі даўно, сеціва піша, што больш ста год. Мне падабаецца гуляць там, разглядаць вітрыны, назіраць за тым, што мясцовыя жыхары там набываюць... Вельмі атмасферна там!
Унутры ёсць невялічкі кіёск са мноствам розных прыгожых рэчаў-сувеніраў... Ёсць дзе душы разгуляцца, нажаль, толькі вачыма, таму што кошты там драконаўскія :)
Пакуль я там гуляла, прыехаў муж і далей ужо разам паехалі гуляць па горадзе :) Схадзілі ў гарадскую бібліятэку, пра яе лепш асобна напісаць... Там настолькі ўсё прадумана, што я ў лёгкім шоку, але ўжо ня церпіцца ізноў туды з'ездзіць :)
Па дарозе ў бібліятэку...
А, самае важнае :) Заходзілі мы ў кніжную краму, каб купіць асадкі-алоўкі-маркеры... І ў гандлёвым цэнтры музычная школа праводзіла рэкляму, дзе вось такія маленькія муз'ы'кі (людзі, якія граюць на музычных інструментах) гралі на розных інструментах...
І вось гэты хлопчык ужо каторы дзень не выходзіць з галавы, такі ён смешны... Упершыню ў жыцці адчула розніцу, што я больш не дзіця, а вось ён так, маленькі, пакуль нягзрабны, але таленавіны дзіцёнак :) І я ўжо ведаю, пра што прасіць на новы год у падарунак :)
Цудоўнага дню і навагодніх жаданняў!
Няхай спаўняюцца!