2016-11-26

Мядовы месяц :)

Вітаю!
За апошнія месяцы ўпершыню села за ноўтбук, каб што-небудзь напісаць. Думала, што ўжо назаўсёды закіну гэты блог, таму што без беларускай клавіатуры на планшэце пісаць, мякка кажучы, ня вельмі. Але пэўны час назад напала на мяне нейкая дэпрэсія, і я палезла ў свой блог... І што характэрна, для мяне гэта была такая аддушына, столькі прыемных успамінаў, таму вырашыла, што буду працягваць.
Тым больш што гэты блог дапамагаў мне на працягу некалькіх год знаходзіць прыемныя ўражанні, седзячы на вёсцы :) Думаю, што тут з уражаннямі праблем не павінна быць, адзінае, што мне тут перашкаджае жыць, гэта адсутнасць сонца.
Па-першае, сонца ня кожны  дзень з'яўляецца на небе :)
Па-другое, нават калі і з'яўляецца, у нас на паўночны бок выходзяць вокны, і сонца нам толькі сніцца... Але затое мы бачым вавёрак і мноства птушак, ну і дрэвы, канешне :)
Па-трэцяе, нават калі на вуліцы сонца, свеціць яно только прыблізна з 10 раніцы і да 14-15 гадзінаў дня. Вось сёння ўжо было цёмна ў 14.45...
Ну як так жыць?!
Вось пагэтаму сёння і ўзгадвала я нашае летняе падарожжа ў Чарнагорыю.... Вось вярнуцца бы туды хоць на гадзінку :) За інжырам і хлебам... Ну і за сонейкам, канешне :)
Запрашаю!
  

Чарнагорыя - краіна вельмі прыгожая, з горамі, пальмамі, морам, разнастайнай садавінай і прыемным надвор'ем. Мы былі там у чэрвені, як раз патрапілі на першае мора, на смачныя мясцовыя суніцы, чарэшні, пазней былі кавуны, інжыр і марэлі-персікі... І сыры хатнія, асабліва з казінага малака.
Пасля пяці месяцаў жыцця на шведскім школьным пансіёне гэта быў рай для мяне, было ўсё смачнае і толькі тое, што хацелася :) Ніякіх макаронаў-бульбы-рысу з незразумелай баландой з соі-корна.
Вось так хацела пачаць аповед пра краіну, а праўда першай выйшла на паверхню: "хлеба и зрелищ" :)
Ну тады пра ежу і працягну: жылі мы ў гатэлі і мелі на паверсе невялічкую куханьку: ракавіна з халоднай вадой, электрычная плітка і сталы на вялікім агульным балконе.


Як потым аказалася, мы маглі нават посуд не набываць, а ўзяць у гатэлі, але мы набылі самы просты набор посуду з харчовага плястыку і якасную патэльню, якую потым забралі з сабою, а ўсё астатняе пакінулі ў гатэлі.
Харчаваліся ў асноўным садавінай-гароднінай. Шмат гатавалі цукіні на патэльні з часнаком, зяленівам кропу і пятрушкі, яйкамі і хатнім сырам.
Пару разоў схадзілі ў мясцовыя "рэстарацыі" :)))) 
Першы раз не пашанцавала, прынеслі нейкі ролтан замест супу, і вельмі перасоленае-перчанае мяса... Затое хлеба там было столькі, што можна было больш нічога ня есці. 
Хлеб у Чарнагорыі вельмі смачны, але толькі белы. І пякарні былі амаль на кожным кроку. Пакуль ад аднае пякарні да наступнай дойдзеш, то можна яшчэ што-небудзь пакаштаваць :)






Вельмі смачнай вячэрай нас кармілі ў гатэлі. Смажаная рыба з бульбай і рыбны суп. Я ўвогуле фанат супу, вось нават пакуль пішу, на кухні варыцца рыбны суп (і пакуль дапісала да канца гэты аповед, паспела яго пакаштаваць, атрымалася на выдатна!)
Дык вось, суп быў вельмі наварысты, з лімонам.... Проста мара!
У другі раз выйшлі павячэраць у рыбны рэстаран амаль каля мора. Кошты там былі смешныя, але адважыліся мы там павячэраць толькі перад самым ад'ездам, таму што кожны раз, як праходзілі побач, там сядзелі толькі мужчыны і пілі піва, каву. Больш было падобна на нейкую піўнуху, але гуляючы ўвечары, мы ўбачылі, што там ёсць кухня і вельмі смачна пахне... Вось так і патрапілі на вельмі смачную вячэру :) Таксама каштавалі рыбны суп, але з таматамі... Уууу, такое было ўпершыню! І нешта мясное, ужо дакладна і ня памятаю, што там было. Але памятаю, што было смачна :)




Сняданкі нашыя выглядалі проста:
- мюслі (самаробныя, ехалі з намі з Нарвегіі і былі з'едзены з апетытам у Чарнагорыі :) з ёгуртам і суніцамі;
- садавіна;
- мясцовае печыва або пірожныя;
- гарбата са свежай мяты.



 
Мы проста там наядаліся садавінай, таму што ведалі, што ў Беларусі такое і ня свеціць :)
Час ад часу куплялі свежую мясцовую рыбу... Ні ў якае параўнанне ня ідзе з тым, што можна купіць замарожаным у краме :))))


Эх, столькі часу прайшло, уражанні ўжо зусім ня тыя... Але вось што сядзіць у галаве, дык гэта разнастайнасць садавіны, якая там расце:

- Гранаты. Мы патрапілі толькі на кветкі і невялічкія гранацікі на кустах...



- Сады лімонаў і апельсінаў... Таксама былі толькі маленькія бубачкі на дрэвах.





- Інжыр. Гэта фантастыка, як смачна! Спелыя, агромністыя, мясістыя інжыры... Салодкія, як мёд... І было прыемна гандлявацца на кірмашы за іх :) І часта за 1-1,5 эўра можна было атрымаць некалькі кг мясцовага мядовага інжыра.



- Ківі. Не пакаштавалі, таму што не паспелі... Але там амаль каля кожнага дому раслі ківі, апельсіны-лімоны, інжыры, аліўкі. Ад такога саду я бы таксама не адмовілася :)




- Аліўкі.
На кірмашы мы куплялі мясцовы аліўкавы алей, вельмі багаты смак у параўнанні з тым, што звычайна прадаецца ў бутэльках супермаркетаў. Было цікава пагледзець на аліўкавую "рошчу", калі праплывалі на лодцы на экскурсіі. Вадкае золата, гэты аліўкавы алей :)



- Яшчэ бачылі дрэвы хурмы, але фотаздымкі я не зрабіла.
Канешне, можна запісаць сюды абрыкосы-персікі, чарэшні, яблыкі-грушы, вінаград... Ммм, што яшчэ... Нават ня памятаю, можа быць пазней дапішу... А, слівы, слівы былі смачнымі і агромністымі :)
- І "шелковица", якая расла і ападала, і ніхто яе не збіраў і не еў. Шкада было назіраць такое, канешне, хоць сам ідзі збірай :)

Ну пра ежу, здаецца, ўсё распісала...
А, сыры, сыры былі мясцовыя і ад хатніх гаспадынь. Можна было купіць з авечага, козінага, кароўега (ці як правільна пісаць-та?!) малака. Свежыя і старыя сыры, малако, тлустыя натуральныя ёгурты  і смятана, падобная на тварог... Карацей, памерці з голаду нельга, нават, калі бюджэт разлічаны на невялікія грошы :)




Ну і пра мора, як на дэсэрт... Мора прыгожае, чыстае... Мы патрапілі, калі яно было яшчэ халодным і купацца было ня вельмі камфортна, але пазней, калі надышла спёка, то халаднаватае мора было выратункам.
І, канешне, там, дзе была вада не вышэй кастачок, там мора было цёплым, і можна было адчасова ляжаць у вадзе і загараць :) Што я і рабіла, пакуль муж закаляўся і плаваў :)





Прыгожа, ці не так?!
















Пад час адпачынку з'едзілі на нейкую выспу, дзе быў камяністы пляж і купацца было немагчыма, таму што складана зайсці-выйсці з вады :) Але вельмі прыгожа там было! Белыя камяні, блакітнае мора і выспы... Нейкая казка проста!
А вось, што атрымалася там пакранаць: жывая марская зорка, якую потым аднеслі назад у ваду...


І вожык... Некаторыя елі іх прама там... Мы не рызыкнулі, проста пагледзелі і пафоткаліся, класныя яны, гэтыя марскія пачвары :)




Крабы, ракі... Ці як іх называюць правільна, ня ведаю, але іх там было шмат... І адзін нават вырашыў, што можна мяне кусаць :) Напалохаў, зараза :)



Ну і марскія скарбы, якія я шукала, пакуль муж плаваў :)


Мы шмат гулялі пехам па мясцовасці, уздоўж мора, да кірмашу (каля 3,5 км здаецца, калі ня больш 0_о). Проста фатаграфавалі ўсё навокал, таму што гэта быў зусім іншы свет для нас, іншыя будынкі, іншыя віды, усё іншае... Магчыма, нават мы там сталі іншымі людзьмі, зразумелі, што хочам ад жыцця, а што на самай справе ня мае значэння...

 





У апошнія дні адпачынку мы знайшлі прыгожае месца, дзе кожны вечар развітваліся з сонейкам, елі марозіва або лускалі семачкі... Глядзелі ў далечыню і марылі пра тое, што нас чакае...
У апошні вечар было вельмі шкада сыходзіць ад мора... Мы сядзелі ў цемры, дзесьці далёка чулася музыка, а перад намі шумела мора... Яно развітвалася з намі, а мы з ім... Мы маўчалі, а яно не, яно накатвала новыя хвалі, якія неслі штосьці новае, што больш ня будзе іншым...


Здавалася мне ўсе гэтыя месяцы пасля падарожжа, што напісаць аповед цяжка...
Вельмі доўга... і добра, што я не напісала яго раней...
Так і павінна было быць гэта цяпер, таму што шмат што забылася, а цяпер назад вярнулася да мяне і гэта важна менавіта цяпер...
Не забывайце самае важнае, яно ў кожнага сваё!
Цудоўнага настрою!

2016-11-13

Цуды:)

Вiтаю!
Час ад часу мне хочацца вярнуцца сюды, пiсаць, дзялiцца ўражаннямi, якiх на самай справе ня шмат... але хочацца верыць, што яны незвычайныя, якiмi i былi раней для мяне.
  

Канешне, нiчога звышнатуральнага ў нашым гарадку няма, але цудоўнае час ад часу сустракаецца:) Вось як гэтыя цюленi :)
Прыгожыя! Ужо ў другi раз сустракаю. Цiкавая задумка мне здаецца.   



Добрага настрою i цудоўнага тыдню!

Вучоба...

Mоi-moi😂
На фiнскай азначае "прывiтанне".
У гэтых фотаздымках усё маё сучаснае жыццё... ну амаль::)
Што галоўнае ў вывучэннi чаго-небудзь? Канешне, розныя там кнiгi, матэрыялы, настаўнiкi... Мэта, сiстэмнасць, мэтанакiраванасць... 
Але важна таксама каб было цёпла, зручна i ўтульна...
😂 ну вось як на фотаздымку😂

- Як правiльна вымаўляецца... як-як??? Ага, добра, так i запiшу!


Цудоўнага настрою!
Вучыцеся чаму-небудзь цiкаваму :)