2016-09-11

Пра лес

Добрай ранiцы!
Iзноў жа састарэлы чарнавiк, але цiкавы :)
Побач з нашым домам, на адлегласцi 2 км, знаходзiцца невялiчкi лясок,  у якiм зроблена дарожка для бегу на 1900 м. I асфальтаваная яна, i шырокая, а навокал самы сапраўдны лес са старымi таўсценнымi хвоямi...
Вось там мы i бегаем, але часцей я хаджу там з палкамi. Агульная дыстанцыя атрымлiваецца 10 км.


Дык вось там неверагодная прыгажосць! Сапраўдны лес, водар, ягады i канешне грыбы :) Вось у адзiн з такiх шпацыраў я завiтала ў грыбы :) 
Першы раз былi 7 малодзенькiх баравiчкоў, а ў наступны-12 :)
Мясцовыя жыхары таксама там ходзяць з торбачкамi i збiраюць грыбы-ягады, таму я маю канкурэнтаў... Але хто раней устае, той i грыбы збярэ😂😂😂 а гэта моцная матывацыя хадзiць рана на спорт.


Яшчэ з адным чарнавiком скончана.
Чакайце новых аповедаў:)
Цудоўнага дню i грыбнога настрою!
😊

2016-09-07

Пра чарнавiкi

Вiтаю-вiтаю!
Час ляцiць, а чарнавiкi вiсяць i чакаюць сваёй чаргi... Большасць ужо нават не актуальная,  нажаль...
Але раз ужо вiсяць, то трэба выкласцi :) 
Першы - смачны i салодкi, пра малiны. А патрапiлi мы туды выпадкова, калi ездзiлi да возера. Прыгожага i вялiкага! Каля 15 хвiлiнак на ровары. Частка дарогi праходзiла праз лес, а я спакойна проста праязджаць па лесе не магу 😂 Пастаянна выглядаю грыбы... ну а тут выглядзела малiннiк.


На месцы фатаграфаваць не было чым. Дык думаю, што i не атрымалася бы, таму што спачатку мы яе елi 😂 а потым, калi есцi больш было немагчыма, сталi збiраць у бутэльку з-пад вады i торбачку, якая была на сядзеннi ровара (ад дажджу).

Сказаць па праўдзе, я нiколi ў жыццi не збiрала такой вялiкай лясной малiны... i столькi шмат :)
У вынiку ездзiлi мы туды тры разы. I кожны раз спачатку елi, а потым збiралi з сабою. Таму можна жыць тут, можна 😂


Цудоўнага настрою i прыемнага вечару :)